«Допыт суправаджаўся псіхалагічным і фізічным гвалтам». Уладзімір Яворскі пра дэпартацыю з Беларусі
Праваабаронца Уладзімір Яворскі расказаў «Свабодзе», што папярэднічала тэрміноваму ад’езду з Беларусі ва Украіну. Ягоную жонку Таццяну Гацуру напярэдадні вызвалілі пасля 10 дзён арышту, але яна па-ранейшаму застаецца падазраванай у крымінальнай справе за «фінансаванне масавых беспарадкаў».
«12 красавіка ў нашай кватэры ў Мінску
прайшоў паўторны ператрус. Шукалі тое, чаго на самай справе ў нас не было і
знайсці немагчыма ў прынцыпе. Канфіскавалі старыя дакументы, тэлефоны і г. д.
Пасля 3 гадзін працы аператыўнікаў, калі ўвесь пакой перабралі па частках, мне
сказалі, што я мушу праехаць з імі. Далей быў шматгадзінны допыт. Я падпісаў
дакумент пра невыдаванне, бо праходжу сведкам у крымінальнай справе», —
падзяліўся ён у Facebook.
Паводле Уладзіміра Яворскага, допыт быў «непрыемным» і суправаджаўся псіхалагічным і фізічным гвалтам.
«Пыталіся пра дзейнасць маю і маёй жонкі, затрыманай пасля першага ператрусу. Аб праве не даваць сведчанняў пра сябе і сваякоў ніхто не згадваў, як не хацелі нічога чуць пра адваката. У канцы допыту заявілі, што ў мяне ёсць 48 гадзін, каб пакінуць краіну разам з дзецьмі “у мэтах нашай бяспекі”. Пры гэтым пагражалі затрымаць у крымінальнай справе, а дзяцей змясціць у спецустановы. Таксама папярэдзілі, што мне забаронены ўезд у Беларусь на працягу 10 гадоў. Ніякіх дакументаў не было, але гучала пераканаўча».
14 красавіка Уладзімір Яворскі вылецеў у Львоў разам са сваім сынам. Трое іншых дзяцей засталіся ў Мінску. Да моманту ад’езду за ім увесь час сачылі, кажа ён.
«Украіна павінна рэагаваць на падобныя падзеі. Гэта не проста мая асабістая справа, не толькі пытанне аб масавых пераследах праваабаронцаў у Беларусі за звычайную працу... Мяне здзіўляе, калі Украіна крыўдзіцца на тое, што ўсе іншыя “заклапочаныя” толькі сваімі праблемамі, а ў той жа час у сябе пад носам ніяк не рэагуе на сітуацыю ў Беларусі, дзе ўжо пад 350 палітзняволеных, і іх колькасць расце кожны дзень... Разам з тым я шчыра ўдзячны сотням людзей, якія дапамагалі нам увесь гэты час», — падсумаваў Уладзімер Яворскі.
Увечары 15 красавіка Таццяну Гацура-Яворскую вызвалілі з СІЗА без прад’яўлення абвінавачання. Пры гэтым яна застаецца ў статусе падазраванай.