Мужа затрыманай Таццяны Гацура-Яворскай высылаюць з Беларусі. У сям'і чацвёра дзяцей
Мужа затрыманай паўтара тыдня таму актывісткі Таццяны Гацура-Яворскай высылаюць з Беларусі. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Украінскага праваабаронцу Уладзіміра Яворскага, мужа затрыманай беларускай актывісткі Таццяны Гацура-Яворскай, абавязалі пакінуць Беларусь у трохдзённы тэрмін. А сёння, 15 красавіка, Таццяне павінны прад'явіць афіцыйныя абвінавачанні або выпусціць з-пад варты, нагадвае TUT.BY
Як паведаміў «Радыё Свабода» іх старэйшы сын Альгерд, Уладзімір Яворскі з малодшым сынам Даніілам ужо пакінулі Беларусь і з'ехалі ва Украіну. TUT.BY не атрымалася звязацца з Уладзімірам Яворскім — яго нумары тэлефонаў адключаныя.
Нагадаем, 5 красавіка былі затрыманыя арганізатары выставы пра медыкаў «Машына дыхае, а — я не» Наталля Трэніна і Таццяна Гацура-Яворская, якія таксама з'яўляюцца актывісткамі «Звяна», і яшчэ адзін сябра арганізацыі — Юлія Сяменчанка. Паводле інфармацыі сваякоў затрыманых, усе яны былі змешчаныя ў ізалятар, у іх кватэрах, а таксама ў офісе «Звяна» адбыліся ператрусы, пры гэтым канфіскавалі тэхніку.
На наступны дзень у сваякоў затрыманых з'явілася інфармацыя, што яны могуць абвінавачвацца ў фінансаванні масавых беспарадкаў.
Паводле tut.by