1990-я. Урокі выжывання

Аднойчы, класе прыкладна ў восьмым, бацькі дазволілі мне прагуляць школу. Але не проста так, а таму, што ў гаспадарчую краму непадалёк завезлі пральную пасту «Пальміра». Яе давалі па два пачакі ў рукі, і я стаяў у чарзе за ёй чатыры гадзіны. Гэта быў 1990 год, і з тых часоў (прабачце, Сяргей Калякін) я не люблю камуністаў.

b1354d3c6bcb48811fad8dc1627e3a82.jpg

Цукар? Навошта?

Адмыслоўцы кажуць, што крызіс, які насоўваецца на Беларусь, будзе больш круцейшым, чым у 1990-я. Грамадзяне ўжо пачалі скупляць соль, грэчку, запалкі і цукар. Наконт солі — справа зразумелая. Але цукар — гэта якраз адгалоскі 1990-х, гэтакая «генетычная памяць».
Закуп цукру ў прамысловых маштабах цяпер мне мала зразумелы. У 1990-х крызіс наклаўся на «сухі закон» Гарбачова, і гарэлка была адным з відаў «валюты». Яе прадавалі ў абмежаванай колькасці і па талонах. Гарэлкай можна было разлічыцца за паслугі: нешта адрамантаваць, узараць агарод, і гэтак далей, — за гэта разлічваліся пляшкамі. У адсутнасці гарэлкі цукар знікаў разам з дрожджамі — людзі вучыліся гнаць самагон.Цяпер нашая віна-гарэлачная прамысловасць на ўздыме, і наўрад ці дэфіцыт гарэлкі нам пагражае. Але тым не менш: калі вы масава закупляеце цукар — закупляйце і дрожджы.

2503359207.jpg

Дарэчы, ведаеце, як проста ачысціць самагон ад сівушных алеяў? Трэба дадаць у яго крыху — сем-дзесяць зярнятак — марганцоўкі. Марганцоўкай звяжа сівушныя алеі, і ў вас на дне бутэлькі выпадзе асадак, падобны на цёмнае воблака. Ён фільтруецца праз марлю, і ваш «сэм» будзе чысцейшым.

Купляйце не прадукты, а кнігі!

«Дзевяностыя» адзначыліся распадам эканамічных сувязяў з рэспублікамі былога СССР. У Гомелі быў час, калі з прылаўкаў знікла гарбата: любая — ад грузінскай да індыйскай «са сланом». Не было наогул ніякай.

Як для эканоміі гарбаты, так і наогул, мы заварвалі яе з зёлкамі. У ход ішлі мята, меліса, рамонак, сушаныя ягады шыпшыны. Атрымліваўся цалкам сабе духмяны, а акрамя таго, вельмі карысны напой.Гарбата ў Беларусі не расце, яе закупляюць за мяжой, а гэта значыць — за валюту, якой таксама хутка не будзе. І таму варта чакаць, што знікне ў нас не цукар, а гарбата.
Цяпер будзе прасцей: напэўна, у кожным доме есць халадзільнік з вялікай маразільнай камерай, у якім можна замарозіць журавіны, клубніцы, маліну.
Так што, хто не разбіраецца — купляйце не прадукты, а кнігі, кшталту «Лекавыя расліны СССР».

4enjqvfxwcivunazippzsa.jpg


Дым цыгарэт без ментолу

У 1990-х я, па малалецтве, не паліў. Але тым не менш я памятаю расповеды пра вялікія праблемы для курцоў — з тытунём. Улічваючы, што эмбарга ЗША і ЕС тычыцца і тытунёвай галіны (забарона на пастаўкі абсталявання і сыравіны), гэтыя ж праблемы могуць паўстаць і цяпер. Ну, і зноў жа, тытунёвая сыравіна — экспартны тавар, за які трэба разлічвацца валютай.
Сам не бачыў, але хадзілі чуткі, што «бычкі» (у сэнсе недакуркі) збіраліся каля прыпынкаў і прадаваліся потым на рынках літровымі слоікамі. А вось дзядзька Саша (царства яму нябеснае) недзе дастаў насенне тытуню, і вырошчваў у нас у вёсцы цалкам прыстойны, паводле яго слоў, «самасад». Вядома, трэба ўмець тытунь не толькі вырошчваць, але і сушыць, але тым не менш: зноў жа кніга пра лекавыя і іншыя карысныя расліны — курцам у дапамогу.
Дарэчы, потым адзін з маіх настаўнікаў заўважыў цікавыя перамены ў лексіцы. Напрыклад, ва ўсім свеце, калі нешта прыдбаў, кажуць: «набыў», «знайшоў», «скраў». А ў нас было слова «дастаў». «Дзе ўзяў? — Дастаў».

Мука бывае не толькі белая

Так, часам мукі сапраўды заставалася «на тры дні», як казаў Лукашэнка. Расія і Украіна — краіны, уцягнутыя цяпер у вайну, — пастаўляюць на сусветны рынак каля траціны ўсёй пшаніцы і пятую частку кукурузы.
Паручыцца за нармальны працэс пасяўной у гэтых краінах складана, таму варта рыхтавацца як мінімум да росту цэнаў на муку, або да яе дэфіцыту.

kartoshka.jpg


Вы калі-небудзь елі грачаныя бліны? У кавамолку замест кавы сыпце грэчку і перамолваеце яе да стану мукі. Потым — усё тое ж самае, як са звычайнай мукой. Бліны атрымліваюцца не светлыя, а цёмныя. Але тым не менш — яны атрымліваюцца.
Хто ведае, у якіх умовах мы сустрэнем наступную Масленіцу? Таму купіце кавамолку.

Лайфхакі для кіраўнікоў

Значна прасцей будзе тым, у каго ёсць «домік у вёсцы» або прысядзібны ўчастак. Але і для тых, у каго яго няма, ёсць некалькі выйсцяў.
Практычна ў кожнага прадпрыемства ў 1990-х быў «падшэфны калгас». Такая ж практыка захавалася і цяпер: дзякуй «мудрай» палітыцы нашага кіраўніцтва, якое адкінула краіну на тры дзесяцігоддзі таму. У маці на працы дырэкцыя завода дамовілася з такім калгасам, і работнікам аддалі ў часовае карыстанне нявыкарыстаныя калгасам землі — па пяць сотак на чалавека.

dsc_0549_1.jpg


Што гэта была за зямля — размова асобная. Са сваіх пяці сотак мы выкапалі ледзь не палову падмурка дома, які стаяў там калісьці. Вядома, нас часам і знаходкі радавалі: старыя савецкія манеткі 1930-х гадоў, падковы і іншае «шчасце». Тым не менш мы прывялі гэтую зямлю ў «сельскагаспадарчы» выгляд, і ў «пасяўную» ўкалвалі, саджаючы, у асноўным, бульбу.
Мы тады яшчэ не ведалі, што лепей за ўсё на такой «занядбанай» і даўно не скарыстанай зямлі растуць гарбузы. А вы цяпер ведаеце.
Тыя, у каго кіраўніцтва было не такое мудрае, не грэбавалі ездзіць па восені «на бульбу» ў калгасы. Усім сельгаспрадпрыемствам патрабаваліся такія рабочыя, і ўзамен на «збор ураджаю» калгасы дазвалялі ўзяць частку гэтага ўраджаю сабе. Зазвычай можна было набраць пару мяхоў бульбы, пару торбаў морквы — хто што прыбіраў.
Наколькі я ведаю, такая практыка існуе дагэтуль: у цэнтрах занятасці беспрацоўным прапануюць па восені «дапамагчы сельскай гаспадарцы». І гэта будзе больш запатрабавана цяпер.
Дарэчы, да гэтага часу памятаю сюжэт па савецкім тэлебачанні, дзе паказвалася, што такой «дапамогай» не грэбаваў мэр, як бы цяпер сказалі, Санкт-Пецярбурга Анатоль Сабчак. Той самы, за якім Пуцін насіў партфель.


Асаблівасці гадавання свінняў

Добра, калі ў вас ёсць домік у вёсцы. Я багата часу правёў у гэтым дамку, таму што на фоне татальнага дэфіцыту мы завялі свінак. Ім трэба было гатаваць ежу, карміць, прыбіраць за імі (гэта, безумоўна, не лічачы «сельскагаспадарчай» накіраванасці працы).
Памятаеце, «пяць сотак» і бульбу? Куды падзець драбніцу? Свінні ядуць практычна ўсё. Калі зварыць вядро гэтай драбніцы ды змяшаць яе з нарванай у чыстым полі лебядой…
У свінячы рацыён ішло ўсё, што не карысталася попытам і танна каштавала ў крамах: напрыклад, «каменныя» ячневыя брыкеты, якія трэба было доўга варыць, не менш каменныя савецкія супавыя канцэнтраты, якія чалавеку есці было немажліва. Дый проста трава з праполкі той жа бульбы.
Дарэчы, тут яшчэ трэба разумець, на што вы вырошчваеце жывёлу. Калі на сала, то свінку трэба абмежаваць у рухомасці і ўвесь час трымаць у загоне. А вось на Урале, напрыклад, больш любяць мяса. Там, па расказах цёткі, свіней проста выпіхваюць на дзень за вароты, і яны самі шарохаюцца па ваколіцах у пошуках ежы. Сала ў такім разе не атрымаеш, а вось мяса — так. Галоўнае, каб гэтых свіней саміх хто-небудзь не з'еў.
Праўда, потым вельмі шкада забіваць жывёлу, з якой ты правёў столькі часу. За «пару пляшак» (памятаеце, што я казаў пра гарэлку?) гэта рабіў спецыяльна навучаны чалавек. Але для пачатку, безумоўна, трэба ведаць, што ты будзеш рабіць з кілаграмамі мяса. Вэндзіць, перапрацоўваць у каўбасы, стоячы за мясасечкай, замарожваць... Усяму гэтаму варта папярэдне навучыцца хаця б у тэорыі, каб не страціць паўгода сваёй працы.

Світанак прыйдзе

Увогуле, вясёлы гэта быў час: «ліхія 90-я». Думаю, у кожнага, хто тады жыў, ёсць свае «лайфхакі», як цяпер кажуць, па выжыванні ў складаныя часы.
Але больш за ўсё мне запомнілася святкаванне Новага, па-мойму, 1993 года. СССР ужо разваліўся. «Гомсельмаш», дзе працаваў бацька, выжываў «на дзве траціны» — калі плацілі толькі дзве траціны заробку. І тады да нас на раён узбекі прывезлі дыні — па вельмі прымальнай цане.
Звычайна ў СССР мы перад Новым годам стаялі ў чэргах па мандарыны. Стаялі гадзіну-дзве, каб узяць кілаграм «у адны рукі». А тут — дыні! Без чаргі, без квот, бяры, колькі зможаш знесці і на колькі стае грошай, зімой, проста з машыны. І гэта быў першы Новы год, калі ў нас былі дыні на навагоднім стале. У той час, калі, зноў жа адзначу, людзі былі ў вымушаных адпачынках або працавалі за няпоўны заробак…
І тады я зразумеў, што аб развале СССР я шкадаваць не буду. Ніколі.