2013 — вынікі і чаканні

Вядомыя ў Беларусі людзі падзяліліся з чытачамі "Новага Часу" меркаваннямі пра тое, якую падзею яны лічылі галоўнай у 2013 годзе і чаго чакаюць ад года надыходзячага.



8285966699_f1207037d8_b_350x262.jpg

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта:

aleg_gulak.jpg

— Сітуацыя ў гэтым годзе нагадвае «дзень сурка»: нібы ўсё ўжо сціраецца — гады і даты. Час ідзе, а сітуацыя ў горшым сэнсе закансерваваная. Гэта стабільнасць, але зусім без станоўчай ацэнкі, — балота, а не стабільнасць. Таму нават цяжка сказаць, ці было нешта выбітнае ў гэтым годзе. У жыцці кожнага чалавека бываюць радасныя і горкія моманты, але каб адбылося нешта глабальнае ў сферы правоў чалавека, то тут нічога не магу сказаць. Дзякуй Богу, нічога вельмі дрэннага не адбывалася, але і нічога добрага таксама не назаву. Хоць для нас яшчэ важна, што мы пачалі працаваць над новым накірункам — гэта дыскрымінацыя. Мы завяршаем год тым, што падрыхтавалі даклад, стварылі кааліцыю супраць дыскрымінацыі, і гэта, на мой погляд, вельмі важна.

Я б хацеў, каб у наступным годзе памянялася нечалавечае стаўленне да чалавека і да яго правоў, каб дзяржаўная сістэма пачала дзейнічаць, грунтуючыся на павазе да правоў чалавека. Хацелася б бачыць Чэмпіянат свету па хакеі без палітвязняў, ёсць спадзяванне, што ён можа быць такім фактарам, які паўплывае на тое, што людзі выйдуць на свабоду. Хацелася, каб выбары ў мясцовыя саветы прайшлі без эксцэсаў, у якіх могуць пацярпець людзі. Канешне, будзе цікава назіраць за падзеямі вакол заходняга вектару ва Украіне, і я думаю, што ўкраінскія падзеі будуць дастаткова ўплывовым чыннікам на сітуацыю ў Беларусі. А мы, праваабаронцы, будзем працягваць сваю працу.

Аляксей Марачкін, мастацкая суполка «Пагоня»:

— Для мяне самая галоўная падзея — гэта тое, што адбываецца ў суседняй Украіне, у Кіеве. Украінскі народ паказаў сваю моц, сваю еднасць, адстойванне сваіх дэмакратычных прынцыпаў, з арыентацыяй на еўрапейскія каштоўнасці. Гэта не разыходзіцца з нашымі поглядамі, з поглядамі нашых дэмакратычных лідараў, як і поглядамі нашага народа. Таму для мяне гэта найважнейшая падзея.

Што для мяне асабіста, дык я да гэтага доўга ішоў — я не малады чалавек, я малюю карціны, але недзе паралельна ішло маё пісанне, вершаскладанне, і раптам літаральна ў гэтым месяцы мяне прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

А на будучы год я хацеў бы, каб мы ўсе — творчыя людзі, мастакі, пісьменнікі — дачакаліся светлага дзянёчка, каб хмаркі, каторыя ўвесь час поўзаюць паміж намі і на небе, зніклі, каб неба ачысцілася, каб адбылося прасвятленне ў галовах, прасвятленне на радзіме. Наперадзе сусветны чэмпіянат па хакеі. І я за тое, каб мы 25 сакавіка, перад гэтым чэмпіянатам, паказалі сваю моц, выйшлі на вуліцу і адсвяткавалі нашае свята ў гадавіну БНР — Дзень Волі, і хай паспрабуюць нас разагнаць. Я звязваю гэтыя падзеі, і мы павінны паказаць, што мы адзіны народ, што мы ёсць нацыя, і што мы ідзём тым жа шляхам, што і нашы браты і суседзі ўкраінцы.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны:

aleg_trusa_.jpg

— Вельмі важная падзея, што шэсць год існуе Белсат, які ахапіў мільён гледачоў. Для дэмакратыі, для мовы, для культуры, на маю думку, гэта самая знакавая падзея.

У наступным годзе, як і ўсе папярэднія гады, я чакаю змены культурнай і палітычнай сітуацыі ў краіне. Я чакаю, што павінна змяніцца і дзеючая сістэма культуры, адукацыі, і наогул у краіне. Я за палітычныя змены ў нашай дзяржаве, якія за сабою пацягнуць эканамічныя і асабліва культурныя змены.

Святлана Калінкіна, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

svjatlana_kal_nk_na.jpg

— Мне падаецца, што самай галоўнай падзеяй, персонай ці асобай году стаў усё ж такі Папа рымскі. Гэта тая асоба, якая ва ўсім свеце прыцягнула да сябе ўвагу і журналістаў, і звычайных людзей. І гэта, я б адзначыла, нейкая новая з’ява, якая ўзнікла ў нашым жыцці. Папа Францішак — незвычайная асоба, якая паламала ўсе стэрэатыпы, якія ў нас былі, асабліва ў дачыненні да такіх вядомых людзей. Таму для мяне галоўнае ўражанне года — гэта папа рымскі Францішак.

Цяжка нешта прагназаваць на наступны год, калі не з’яўляешся ні астролагам, ні гадалкай. Але ўсё паказвае на тое, што мы ўваходзім у год крызісны, і паколькі Беларусь з усіх крызісаў выходзіла ці не самай пацярпелай, то я нічога добрага ад наступнага года не чакаю. Бо, з аднаго боку, наша ўлада не хоча цвяроза паглядзець на тое, што зроблена, на свае памылкі, і ўвогуле на самую сябе, а гэта значыць, што проста зацягнецца пятля на шыі. Мне падаецца, што мы ўваходзім у цяжкі год, а заўсёды, калі ў краіны эканамічныя ці іншыя цяжкасці, то па завядзёнцы ў нас у Беларусі вінаватымі будуць журналісты, якія не так пісалі, не так распавядалі, ці штосьці яшчэ будзе не так. Дай Бог, каб мае прагнозы не збыліся, але я думаю, што будзе яшчэ адзін цяжкі год, але як кажуць, самы цёмны час — гэта час перад світанкам.

Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ:

aljaksej_janukev_ch.jpg

— Галоўнай падзеяй года я назваў бы выхад на волю, хоць і не ўсіх, але некаторых палітычных вязняў. Тое, што на свабодзе апынуліся Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, — гэта вельмі добрая і радасная навіна. Апроч таго, важная падзея — гэта 25-я гадавіна ўтварэння Беларускага народнага фронту, цягам усяго года мы яе адзначалі, святкавалі, і я думаю, што гэтая падзея важная не толькі для нас, але і для ўсіх прыхільнікаў свабоды, дэмакратыі, нацыянальных каштоўнасцяў. І, па вялікім рахунку, гэта значная дата для гісторыі ўсёй Беларусі.

Калі казаць пра наступны год, то хацелася б бачыць на волі ўсіх палітвязняў, хацелася б, каб не з’явіліся новыя. Наступны год яшчэ не будзе годам прэзідэнцкіх выбараў, але ўжо падрыхтоўкі да іх, таму хацелася б, каб мы з калегамі ў наступным годзе ўсё ж змаглі назваць імя адзінага кандыдата, каб ён быў вызначаны, і мы змаглі працаваць надалей.

А калі казаць у больш шырокім кантэксце, то наступны год — гэта 500-годдзе выбітнай перамогі нашых продкаў пад Оршай, і я думаю, што таксама вельмі важна будзе і да лета, і ўлетку шырока адзначыць гэтую падзею, і спадзяюся, што ў гэтым не толькі дэмакратычнае грамадства, але ўсе знойдуць сілу і матывацыю для таго, каб сёння супрацьстаяць расійскай экспансіі, якая сапраўды нясе небяспеку нашай краіне. Таму ўвесь 2014 год будзе вельмі важным годам у адстойванні нашай незалежнасці.

Леў Марголін, эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

le_margol_n_2_.jpg

— Адносна сыходзячага года, дык гэта ўсё ж, відаць, украінскі Майдан. Бо ўкраінскі народ ужо другі раз цягам непрацяглага часу дэманструе, што не дазволіць, каб нейкія лёсавызначальныя рашэнні прымаліся за ягонай спінай. Украінцы паказалі сябе сапраўднай нацыяй, чаго б я пажадаў і беларускаму народу.

Што тычыцца наступнага года, я чакаю ад яго не вельмі прыемнага — найхутчэй, у 2014 годзе варта чакаць яшчэ адну дэвальвацыю беларускага рубля, і добра, калі яна абмяжуецца памерам у 30 адсоткаў. А што б мне хацелася прыемнага ў наступным годзе, дык гэта каб беларускія прыхільнікі пераменаў змаглі аб’яднацца і абраць сабе лідара, які быў бы бясспрэчным, аўтарытэтным, і, на мой погляд, гэта можна зрабіць толькі праз агульнанароднае галасаванне кшталту праймерыз.

, палітолаг, публіцыст:

aljaksandr_klasko_sk_.jpg

— Для Беларусі гэта быў год няспраўджаных чаканняў. На жаль, не выйшлі на волю ўсе палітвязні, хаця на пачатку года ў часткі наглядальнікаў з’явіліся пэўныя спадзяванні, бо былі некаторыя варушэнні з боку ўладаў. Сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца, а ў становішчы, калі пануюць страх і апатыя, нарастання пратэстных настрояў у беларускім грамадстве пакуль што няма, таму і няма спадзяванняў, што ўлады пад ціскам вуліцы ці грамадзянскай супольнасці міжволі пайшлі б на нейкія пераўтварэнні. Так што нейкіх важных падзеяў, якія б узрушылі мяне асабіста, сёлета ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі не адбылося.

Самае рэальнае, што можа адбыцца ў наступным годзе, гэта тое, што «ляснецца» беларускі рубель. Рэсурсаў у беларускага кіраўніцтва ўсё меней, і калі нават удасца ўтрымаць ад рэзкага падзення нацыянальную валюту, то гэта за кошт вытрасання кішэняў звычайных грамадзян, а па-другое, узнікае рызыка здачы нейкіх важных элементаў суверэнітэту Маскве. Ужо сёння няма грошай для падтрымання абароназдольнасці, у Баранавічах ужо з’явіліся расійскія знішчальнікі, а, паводле словаў расійскага міністра абароны Шайгу, у наступным годзе з апераджэннем графіка ў нашай краіне можа з’явіцца і расійская авіябаза.

Віцэ-прем’еры ў асобе Уладзіміра Сямашкі зноў мусяць рапартаваць, што рухаюцца наперад інтэграцыйныя праекты, а калі казаць больш груба, то МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў і некаторыя іншыя прадпрыемствы могуць быць здадзены Расіі. Вось такая прыкрая перспектыва. На адсуду тут спадзявацца не выпадае, бо сёння і апазіцыйныя сілы не маюць дастатковага патэнцыялу, каб узяць у свае рукі ініцыятыву, і народ пакуль што не гатовы да масавых пратэстаў. Таму наперадзе Беларусь чакае паласа вельмі вялікіх выпрабаванняў, і ніякага лёгкага цудадзейнага шляху да лепшага жыцця не будзе. Хаця ўсё на сто адсоткаў непрадказальна.