«А потым за ручку бегалі ад АМАПу...» Гісторыі кахання, якія маглі здарыцца толькі ў Беларусі

2020 быў такі, што ну яго... Але гэта першая эмоцыя. Калі разбірацца, то, у прынцыпе, ёсць за што яго дзякаваць. Беларусь правяла ўнікальны год, які правакаваў адпаведныя сітуацыі.

d91fef9f76fc24c08a14bb06e7b75f1d_1.jpeg

Фота onliner.by


Onliner пагутарыў з новаспечанымі парамі, гісторыі чыіх каханняў стартавалі ў не самай трывіяльнай абстаноўцы. Дый спатканні адбываліся далёка не па канону. РУУС, ланцугі салідарнасці, маршы, студэнцкія акцыі, залы судоў, сустрэчы каля СІЗА. Але каханне заўсёды знойдзе сабе месца.


«Зляпіў ёй у Жодзіна сэрцайка з хлеба»

Хто: Надзя і Жэня

Дзе пазнаёміліся: у РУУС


Абодва — студэнты БДЭУ. На момант знаёмства было так. Пасля Надзю адлічылі. Яны ўспамінаюць, што 12 кастрычніка быў марш пенсіянераў, на якім сілавікі ўжылі спецсродкі. На наступны дзень студэнты «Наргасу» правялі дастаткова масавую акцыю на прыступках чацвёртага корпуса. Плакаты, песні, крычалкі, апладысменты — поўны набор. Сход выклікала вялікую ўвагу адміністрацыі. Студэнтаў здымалі на камеру.

Першапачаткова акцыя скончылася вымовай для іх. Аднак праз тыдзень дзясятку простых і маладых хлопцаў прыйшлося дружна ісці ў РУУС па позвах. Позвы ўручалі ў дэканаце. У міліцыі Надзя з Жэняй і пазнаёміліся.

БДЭУ — вялікі ўнівер, шмат карпусоў. Жэня і Надзя наогул ніяк не перасякаліся. Тым больш — розныя факультэты і розны час вучобы. Тэарэтычныя шанцы перасекчыся як бы былі (Надзя ўдзельнічала ва ўсіх універсітэцкіх конкурсах), але не надарылася.

6ec10b3479d2c6dc0089eef6eb5f28d0.jpeg


— На здзіўленне мы сталі перапісвацца не па гэтай прычыне, — узгадвае Жэня. — Я сядзеў на каранціне пасля COVID-19. Надзя цікавілася справамі. Я пытаўся, што там з яе адлічэннем.

— Студэнткай я перастала быць практычна адразу пасля суда. Ён прайшоў 30 кастрычніка. Літаральна напярэдадні па ўсіх навінавых стужках краіны разляцеліся самыя высокія меркаванні наконт пратэстоўцаў студэнтаў. Маўляў, няма чаго песціць іх. На суткі мяне ў выніку не адправілі, — кажа Надзя. — Калі выйшла з суда, адправілася ва ўніверсітэт, прыклала пропуск, але ўсё — ён ужо заблакаваны. Мне патэлефанавалі праз хвіліну і распавялі пра загад на адлічэнне.

— Надзі далі 15 базавых, — дадае Жэня. — Я з каранціну выйшаў прыкладна ў сярэдзіне лістапада. 27-га паставілі суд. У выніку атрымаў 15 сутак.

Пасля вынясення пастановы Жэня аддаў свае Надзе тэлефон і сэрца. Сэрца, дарэчы, матэрыялізавалася пасля — у Жодзіне.

— Ён мне яго выляпіў з хлеба.

— Сумаваў часам, як там Надзя, як бацькі. Мужчыны, з якімі мы сядзелі, пачалі ляпіць шашкі з хлеба. Я падумаў: «Чаму б не прывезці сувенір дзяўчыне?» Хоць на той момант проста добрай знаёмай. Вось я і ляпіў яго гадзіны паўтары-дзве. Хацеў зрабіць ідэальным. Нешта атрымалася. Я яго пасушыў. Сэрца стала каменным. Думаў па выхадзе адшліфаваць яго, але вырашыў, што прыгажосць павінна быць першароднай.

Яны лічаць, што ўсе падзеі, якія адбываліся ў 2020-м, паўплывалі на хуткае ўмацаванне іх адносін.

— Калі Жэня «прысеў» на суткі, на наступны дзень я пачала стасавацца з яго бацькамі з нагоды перадач і гэтак далей. Усім было маральна цяжка. Але нягледзячы на тое, што мы з Жэняй ведалі адзін аднаго літаральна пару тыдняў, я паехала да яго бацькоў у Слуцк, каб людзі хоць крышачку прыйшлі ў сябе.

Шчыра, я была ў шоку. Мы першапачаткова пагаварылі з Жэніным татам. На наступны дзень патэлефанавала яго маці, каб даведацца хоць нейкую інфармацыю. Яна заплакала. Я зразумела, што пакідаць гэта так нельга. Напісала потым тату: «Можа, мне да вас на гарбату прыехаць, калі такія перажыванні?». Думала, адказ будзе: «Ды не, не трэба, мы самі неяк». Кшталту ветліва прапанавала, ветліва адмовіліся. Але тата напісаў: «Вядома, прыязджай». Паехала. Праўда, на месцы не прызналася, што ў нас з Жэняй рамантыка, — смяецца Надзя.

Надзя і Жэня шчыра прызнаюцца, што да гэтага часу ўгараюць над гісторыяй свайго знаёмства.

— У нас нават у перапісцы ёсць паведамленне: «Мы стасуемся тры дні, а такое адчуванне, што тры гады знаёмыя».

— А па факце знаёмыя пару месяцаў мінус мае 15 сутак. І так, зразумела, што знаёмства ў экстрэмальнай сітуацыі паскорыла працэс. У мірны час усё б развівалася больш павольна.


«Схаджу на спатканне, калі паабяцаеш не галасаваць датэрмінова»

Хто: Паша і Лера

Дзе пазнаёміліся: у Tinder


Паша стаў наведваць пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў у ліпені. Паралельна сядзеў у Tinder. Свайпаў-свайпаў і насвайпаў Леру, у якой у апісанні профілю было напісана: «Схаджу на спатканне, калі паабяцаеш не галасаваць датэрмінова». Свайпы абодвух супалі — яны пачалі перапісвацца.

e53e0c1dfc5d8ed9b4415031d68a1c40.jpeg


Надышлі выбары — Паша паехаў у Брэст галасаваць. Лера засталася ў Мінску. Перапіска працягвалася. Калі пачалася заваруха, Паша нейкі час заставаўся ў родным горадзе. Думаў, за паўмесяца ўсё вырашыцца. Не вырашылася да гэтага часу. Хлопец вырашыў рушыць назад у сталіцу. Стаяў цёплы канец жніўня. Паша і Лера нарэшце сустрэліся і пайшлі гуляць.

Размовы складваліся больш-менш звычайныя, хоць, трэба быць сумленным, 9 жніўня дадало агульных тэм. Нейкі час Паша і Лера дзяліліся ўбачаным у Брэсце і Мінску адпаведна. Перапіска ішла паралельна, і была вельмі актыўнай. Хлопец успамінае, што аднойчы абодвум стала дзіўна і нават сорамна. У той дзень тэмы размовы былі выключна «мірнымі». Хлопец і дзяўчына злавілі нязвыклыя для той стадыі пратэсту адчуванні.

— Нашае другое спатканне прайшло ў пікеце на «Пушкінскай». Потым мы бегалі за ручку ад АМАПу…

Так, рамантыкай у іх выпадку апынуліся паходы на нядзельныя маршы. Так працягвалася да восьмага лістапада. У той дзень яны стаялі на мосце каля ГЦ на Нямізе. Заглядзеліся на «парад бусікаў», якія, здаецца, звезлі з усёй рэспублікі. У выніку прапусцілі момант для адыходу, сустрэўшы вялікую групу байцоў з ГУБАЗіК.

У некаторых з іх атачэння здалі нервы — пабеглі. Астатнім давялося рабіць тое ж самае. Не хацелася, каб хтосьці са спіны паклаў руку на плячо, сказаўшы: «Пройдзем». Паша не настолькі вывучыў горад, каб ведаць, куды бегчы. Аказалася — па кірунку да будынка ГУБАЗіК. У раёне яшчэ і адбывалася будоўля. Гонка па вузкіх вуліцах скончылася ў Савецкім РУУС. Там Паша да ночы разглядаў плот.

Хлопец не ведаў, што з сябрамі і яго дзяўчынай. Першыя тры дні праз шчыліну ў дзверы спрабаваў агледзець фіялетавыя валасы Леры і адрозніваць галасы.

— Мяне злавілі на лесвіцы. Я прапускаў дзяўчынак наперад, паўстаў затор. Калі выйшаў, мне распавялі, што я паспеў надаваць каманд. Лера спынілася і не ведала: заставацца ці бегчы. Я такі: «Усе добра, добра ўсё. Ідзі». Я ўвесь тэрмін думаў, што паказваў вачыма гэта. А потым аказалася, што гаварыў. Тады шмат людзей затрымалі. Было не так крыўдна, як калі б я апынуўся ў ліку 30-50 хлопцаў, якім адкрыта не пашанцавала.

Лера сустракала Пашу пасля Жодзіна, а затым разам з ім яшчэ і адседзела каранцін з нагоды набытага ў турме «кавіду». Падзей — на паўжыцця.

— Неверагодна! — кажа Паша. — Яна арганізавала маю сустрэчу з Жодзіна, сабрала сяброў і бацькоў ва ўсе чаты і каардынавала іх. Займалася перадачамі і патэлефанавала на ўсе мае працы, каб ніхто не хваляваўся. У выніку наймальнікі знайшлі адваката. Праўда, я даведаўся, што ён у мяне быў, толькі пасля адседкі.

Мяне рэальна сустракала мора людзей. Было вельмі прыемна. Таму як я, седзячы ў Жодзіне, думаў, што самотна выйду са сваіх дзесяці сутак, пайду на аўтавакзал за чабурэкам і пакачу на маршрутцы ў Мінск. А ў выніку ў мяне нават плакат «З вяртаннем» быў. Усё па вышэйшым разрадзе.

b83f96bb66f87e5e32c42d06c16f8660.jpeg


Паша і Лера разумеюць, што калі б не поствыбарная сітуацыя, развіццё іх адносін было б больш спакойным. А так збліжэнне атрымалася вельмі інтэнсіўным. Агульныя ўражанні аб’ядноўваюць. Паша кажа, на фоне крызісных з’яў шанцы знайсці другую палову, з якой можна пабудаваць сур’ёзныя адносіны, узрастаюць.


«Мы б не пазнаёміліся, калі б не выбары»

Хто: Вадзім і Насця

Як пазнаеміліся: на Партызанскім маршы


18 кастрычніка. У горадзе-героі адбываўся Партызанскі марш. На ім і адбылося знаёмства. «Я — Насця. Прывітанне». — «Прывітанне, Я — Вадзім». Ну і ўсё, у прынцыпе. Дзяўчына апынулася надзвычай бойкай. Хлопец некалькі асалапеў. Стаў пытацца сябру, які іх пазнаёміў, ці яна нармальная: «У яе сто адсоткаў нешта з галавой». — «Не звяртай увагі, мы сябруем вельмі-вельмі даўно, яна на самай справе нармальная». — «Ну, добра».

95481d0dd95bf77d6db4f5f5e2aa1ae2.jpeg


Вадзім — наогул падступны тып. На момант знаёмства з Насцяй у яго яшчэ былі адносіны, якія, праўда, фінішавалі ўвечары пасля Маршу. Не па прычыне знаёмства. Проста так выйшла.

— Я на яе наогул увагі не звярнуў. Але праз два тыдні мы зноў перасекліся на маршы. Хапун пачаўся на Оперным. Яна ідзе наперадзе і пераразае шлях бусам. Я спрабую дагнаць. Яна паказвае: «Бяжы!». Я наогул не разумеў, што адбываецца. А тут выбягаюць нейкія людзі, перазараджваюць стрэльбы. Ну ўсё — я пабег. Дзве прыпынку без перапынку да «Белай вежы».

Вадзім спыніўся ў паніцы. Але сябар паведаміў, што Насцю не забралі. Нейкім цудам.

— На наступны дзень я праязджаў міма яе дома: «пойдзем на каву, можа быць?». Пасядзелі, пагутарылі. Праз пару дзён схадзілі яшчэ раз пагуляць. Аказалася, што я ёй падабаўся і да таго. Пачуцці набылі ўзаемнасць. Сталі клапаціцца адзін пра аднаго.

13 снежня Вадзіка забралі. Быў раённы марш. Хлопцы пабеглі хавацца ў краму.

— Увогуле, я тупануў. Мне трэба было проста бегчы міма, а я тузануўся ў гэтую краму за ёй. Мяне скруцілі перад агароднінным аддзелам. Я такі: «Хлопцы, сам пайду». Бус, аўтазак, РУУС. Затрымлівалі адэкватныя пацаны. Казалі: «Не перажывай, біць не будзем. Патэлефануй, каму хочаш». Нават вады далі папіць. Я набраў Насце: «Я не жартую, мяне затрымалі». На іншым канцы трубкі вельмі моцная істэрыка. Як быццам яе рэжуць.

7b1b1ce79790f60ae657f465af1f8d94.jpeg


13-га — затрыманне. 14-га — суд, які пастанавіў адміністрацыйны арышт на 11 сутак. Спачатку тры дні на Акрэсціна. Пасля — у следчым ізалятары Баранавічаў.

— Пісаў Насце лісты. Акуратна. Не расказваў, што пасля буса трапіў у аўтазак да не самых прыемных хлопцаў. Затрымлівалі і афармлялі ў РУУС — роўныя пацаны. А ў аўтазаку мяне білі. Не хацеў, каб маці і Насця турбаваліся.

У лісце яна распавяла, што пазнаёмілася з маці пад РУУС. Яны адна адну падтрымлівалі, размаўлялі. Дзяўчына мая падняла на вушы ўсіх сяброў, тату патэлефанавала, усё РУУС абтэлефанавала, усіх дзяжурных задрала, а потым кожны дзень мне набірала тэксты ў «Тэлеграм», велізарныя паведамленні. Калі выйшаў, чытаў як кнігу. Было вельмі прыемна. Я чалавек не сентыментальны, але калі мяне сустракалі, ледзь не паплакаў.

Тата плакаў. Потым сказаў мне, што Насця — крутая. Мама потым тэлефанавала: «Дурань, калі згубіш такую дзяўчыну, я цябе з дома выганю». Прызналі, увогуле. Я думаю, мы б не пазнаёміліся, калі б не выбары. Мяне знешнасць асабліва не чапляе, а мірнае жыццё не дае шанцаў хутка праявіць сябе. А тут у сціслыя тэрміны адбылося столькі ўсяго, што прыдумаць складана.

Пераклад НЧ