«Абдымкі, пасля якіх выпадковы мінак адразу становіцца амаль родным»

Дзе могуць сустрэцца завочна знаёмыя беларусы? Альбо ў турме, альбо ў эміграцыі. Аляксандр Івулін у Instagram распавёў кранальную гісторыю выпадковай сустрэчы ў Варшаве.

Аляксандр Івулін у Варшаве. Фота: a_ivulin / Instagram

Аляксандр Івулін у Варшаве. Фота: a_ivulin / Instagram


«Беларус беларусу беларус.

Адправіўся на сняданак. За гадзіну ў кавярні сустрэў з дзясятак землякоў. Кожны/кожная ўсміхаецца так, як умеюць толькі беларусы. Калі што, я люблю смол-токі, але адзін з сённяшніх выбіў неверагодную эмоцыю.

— Дзякуй за тое, як вы там трымаліся. Дарэчы, знаёмцеся, — незнаёмая лэдзі прадстаўляе сваю спадарожніцу. — У яе таксама брат сядзіць.

Прозвішча дзяўчыны здаецца неверагодна знаёмым. Перапытваю. Не, не падалося. Праз секунду ўжо я называю імя яе брата. Аказваецца, мы, як кажуць на зоне, «ішлі па этапе» і «былі ў блізкіх».

Выходзіць, мы завочна знаёмыя з гэтай сястрой. І з дзяўчынай гэтага хлопца. І з яго бацькамі. Шкада, абняцца на волі яны змогуць яшчэ няхутка.

Шок і здзіўленне. Вочы новай знаёмай (вельмі падобная да брата) тут жа становяцца мокрымі. Яе рукі пачынаюць трэсціся. Абдымкі, пасля якіх выпадковы мінак адразу становіцца амаль родным.

Здаецца, пасля 2020-га так умеюць толькі беларусы», — напісаў Івулін.

Аўтар канала «ЧестнОК» і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулінбыў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года. 4 чэрвеня яго асудзілі па адміністрацыйнай справе (арт. 24.23 КаАП) да 30 сутак арышту. 2 ліпеня Івулін атрымаў статус падазраванага па крымінальнай справе. Пазней яму было прад'яўлена абвінавачанне ў «арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ).

Паводле абвінавачання, Івулін 23 жніўня і 29 верасня 2020 года ўзяў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама арганізаваў такія дзеянні, размяшчаючы на ютубе ролікі з 7 жніўня 2020 года. «Мінсктранс» прад'явіў Івуліну пазоў на 39 тысяч рублёў за прычыненую шкоду.

Напярэдадні прысуду ў зале суда ён сімвалічна падпісаў кантракт са сваім футбольным клубам «Крумкачы» і выступіў з моцным апошнім словам. Суд даў яму 2 гады зняволення, якія Аляксандр адбываў у калоніі «Ваўчыныя норы».

У лютым гэтага года Івулін выйшаў на волю і з'ехаў з Беларусі.