Абрамава: У інтэграцыйных праектах склалася сфера перспектыўных недамоўленасцяў
Вользе Абрамавай, былому дэпутату Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання і неаднаразоваму чальцу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, шматкроць даводзілася чуць звароты бяззменнага кіраўніка краіны да Народа і Нацсходу. Сёлета Вольга Міхайлаўна зноўку слухала выступ Аляксандра Лукашэнкі. Яна падзялілася ўражаннямі з чытачамі “Новага Часу”.
Вольга Абрамава
— Якое агульнае ўражанне склалася ў вас ад выступу кіраўніка дзяржавы?
— Даволі складанае. Зусім відавочна, што гэты выступ меў перадвыбарчы характар. Гэта праграма дзеянняў, адрасаваная перад усім наменклатуры, але таксама і беларускаму народу. Прычым, на адносна невялікі перыяд часу. Зразумела, што ў асноўным мэсыдж тычыцца “часу “Ч”, то бок, часу правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Гэта тое, што неабходна зрабіць на найбліжэйшы перыяд. Хаця многія з названых рэчаў у межах тае палітыкі, якая праводзіцца і ад якой, без усялякіх сумневаў, дзяржаўная ўлада не адступіцца, проста невыканальныя. Яны знаходзяцца ў поўным супярэчанні з асноўным курсам, які праводзіцца ў нашай краіне.
Я маю на ўвазе пытанне аб пашырэнні магчымасцяў грамадзянскай супольнасці, аб скарачэнні сферы рэгулявання рознымі грамадскімі працэсамі з боку дзяржавы. Тое, дзе было сказана, што будзе вітацца ўсялякая ініцыятыва і вітацца ўсялякая крытыка, мяне вельмі напружыла. Я яшчэ падумала, што хацела б жыць у той краіне, пра якую ўсё гэта гаворыцца.
— Якія моманты вы вызначылі як знакавыя, што сведчаць пра перадвыбарчы характар прамовы Лукашэнкі?
— Гэта пытанні стаўлення да праблемы карупцыі, а таксама спробы яе ўрэгулявання. Калі б хацелі, то ўжо б вырашылі за дваццаць гадоў. Дастасткова было б у якасці першага кроку зрабіць тое, што я прапаноўвала ў афіцыйнай службовай нататцы гадоў шэсць-сем таму. Я прапаноўвала дзяржаўнай уладзе на дабраахвотнай аснове, але масава звярнуцца да чыноўнікаў даць згоду, каб чыноўнікі і прыроўненыя да дзяржаўных службоўцаў асобы праходзілі тэставанне на дэтэктары ілжы адносна сваіх патэнцыйных узаемаадносінаў з дзеяннямі, якія маглі б быць кваліфікаваныя як карупцыя. Я нават прапанавала сябе ў якасці падвопытнага трусіка, каб прадэманстраваць сваю добрую волю.
Гэта было вельмі рэальна, таму што на той час у беларускіх праваахоўных органаў меліся паліграфы і былі вельмі добра адукаваныя супрацоўнікі, якія цудоўна маглі б з гэтым працаваць. Тады б мы пазбеглі многіх пытанняў з прызначэннем людзей, якія загадзя не прызначаныя для заняцця пасадаў, якія дазваляюць мець асабістыя выгоды ад прыняцця тых ці іншых дзяржаўных рашэнняў. Таму, калі гаворыцца, што мы будзем выпальваць калёным жалеззем карупцыю і прыводзяцца канкрэтныя прыклады, у мяне ўзнікае пытанне: а вы не ведалі па той ці іншай канкрэтнай асобе, што да яе ёсць пытанне яшчэ па яе папярэдняй дзейнасці? Тут пытанні да асобаў, якія прымаюць рашэнні і прасоўваюць тых людзей па кар’ернай лесвіцы.
Апроч таго, я ўпэўнена, што ў нас барацьба з карупцыяй мае выбарны характар, але не татальны. Больш за тое, тыя, хто падпадзе пад пакаранне паводле выстаўленых ім артыкулаў, верагодна, пазней атрымаюць змякчэнне тэрмінаў і будуць вызваленыя датэрмінова па прынцыпе — “тыгр сышоў, але кіпцюры засталіся”. То бок сувязі ў наменклатурным асяродку ў людзей, якія там працавалі дастаткова даўно, роўна як і заступнікі застаюцца, бо воран ворану вока не выдзяўбе.
Яшчэ адзін момант — абяцанні раздачы “смажаных сланоў”. Перад усім, гэта тычыцца абяцання павышэння заробкаў дзяржслужбоўцам. Менавіта на іх ляжыць галоўная адказнасць за вынікі правядзення выбараў. У нас дзяржслужбоўцы насамрэч атрымліваюць вельмі нізкія заробкі. І многія імкнуцца кампенсаваць тое, што недаатрымалі з боку дзяржавы. Потым абяцанні павышэння заробкаў урачам і настаўнікам. Незразумела, чаму з катэгорыі адукацыі пры гэтым выпадаюць выкладчыкі ВНУ альбо працаўнікі дашкольных установаў, як і выпадаюць медсёстры і санітары, у якіх сёння найбольш мае патрэбу ссітэма аховы здароўя.
Тут сітуацыя сёння проста катастрафічная, і гэта адна з асноўных пагрозаў: страта чалавечага капітала ў галіне трох народных прафесіяў — ахова здароўя, адукацыя і сфера культуры. Тут трэба рабіць кардынальныя захады, а не раздаваць абяцанні. Ну, павысяць заробкі на 20-30 адсоткаў, і тое далёка не ўсім. А тут трэба казаць пра тое, што менавіта гэтым катэгорям працаўнікоў, нават калі іншыя катэгорыі будуць вымушаны падцягнуць пасы, трэба павысіць заробкі прыкладна ў два з паловаю разы, а потым ужо разбірацца з імі ў кваліфікацыйным плане. Інакш мы страцім усё.
— Лукашэнка сказаў пра дэкрэт, які будзе ўрэгулёўваць кадравыя прызначэнні. Што вы пра гэта думаеце?
— Мне не зусім зразумела, як можна будзе ўзгадняць перасоўванне кадраў з мясцовымі ўладамі і ў дзяржаўным сектары, і ў прыватным. А чаму прыватны сектар павінен падпадаць пад рэгуляванне з боку дзяржавы? Тут таксама ўтрымліваюцца супярэчнасці. Мы ўсе бачылі некаторыя персаналіі, якія прызначаліся з самага верху, але правальвалі кожную даручаную ім справу і, тым не менш, працягвалі перамяшчацца на чарговую высокую пасаду. Каго ў такім выпадку трэба прыцягваць да адказнасці?
Але я вельмі высока ацаніла прапанову Аляксандра Лукашэнкі наконт дэмаграфічнае палітыкі. Павысіць дапамогу маці, якія нарадзілі другое дзіця, да 75% ад сярэдняга заробку — вельмі важна. Мацярынскі капітал, які будзе выплачвацца маці ў памеры 10 тысяч долараў пры дасягненні дзіцяці паўналецця, не так прывабна, бо за гэты час альбо шах, альбо ішак могуць сысці. Таму тут давер да дзяржавы на такія часавыя лагі не авансуецца.
Яшчэ пра пазітыў. Я пачула пра неабходнасць распрацаваць пазітыўны грамадскі праект, які мог бы паспрыяць умацаванню адзінасці грамадства і закранаў бы інтарэсы большасці гэтага грамадства. І гэты праект мусіў бы павысіць імідж Беларусі.
Гэта ўсё вырашальня пытанні. Але каму збіраюцца даручаць распрацоўку такога крэатыўнага праекта? Тым, хто за столькі гадоў не здолеў стварыць дзяржаўную ідэалогію, пра якую кажуць з 2003 года? Гэта вырашальная рэч. Калі ў свой час атрмалася стварыць універсальную рэлігію бахаізма, то для Беларусі — невялікай дзяржавы, па аналогіі з гэтым, рэальна стварыць дзеяздольны і матывуючы грамадскасць праект, але дзеля гэтага патрэбныя адмыслоўцы, якіх сёння ў дзяржавы папросту няма. Тут патрэбны незалежныя сацыёлагі, сацыяльныя псіхолагі, спецыялісты па ментальнасці. Яны ў нас ёсць, але на дзяржаву яны не працуюць. Гэта задача вельмі важная ў сучастным свеце. І сам факт пастаноўкі такога пытання вельмі важны, бо наяўнасць палітычнай волі — гэта ўжо траціна справы.
— Як вы ацэньваеце словы прамоўцы пра інтэграцыйныя праекты Беларусі?
— Вельмі цікавай была кваліфікацыя тых інтэграцыйных аб’яднанняў, у якія за апошенія дзесяцігоддзі ўступала Беларусь. Фактычна было сказана, што папярэднія інтэграцыйныя аб’яднанні калі і не пацярпелі фіяска, то не былі паспяховыя.
Я ўпершыню ў такой плоскасці пачула пра тое, што рабілася з удзелам Беларусі. Бо дагэтуль дзяржаўныя органы рабілі толькі аптымістычныя ацэнкі. Рапарты былі толькі пазітыўныя — усё паспяхова, а далей будзе яшчэ больш паспяхова. А зараз гэта ўсё пастаўлена пад сумнеў.
Значыць, склалася сфера перспектыўных недамоўленасцяў, перш за ўсё ў эканамічнай галіне. З боку Беларусі існуе і апошнім часам дэманструецца незадаволенасць дзеяннямі расійскага партнёра. Яно дэманструецца асіметрычна, калі прэзідэнт апошнім часам выказваецца па ўкраінскім пытанні. Для палітычных аналітыкаў відавочна, што некаторыя рэчы прагаворваюцца не пра той прадмет, які абмярккоўваецца, але сведчаць пра жаданне выказаць нязгоду з партнёрам і незадаволенасць, якая партнёрам абавязкова будзе прачытаная так, як трэба.