Ад ганебнага бізнесу ля Курапатаў да пакаяння

Мне — беларусу габрэйскага паходжання — вельмі сорамна за тых габрэяў і беларусаў, хто спрычыніўся да самавольнага і незаконнага будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў...

“Габрэйскі камень” у Курапатах — адкрыты 29 кастрычніка 2004 года. Зроблены з фрагменту пастаменту помніка Іосіфу Сталіну, які восем гадоў узвышаўся на Цэнтральнай (зараз — Кастрычніцкай) плошчы Мінска, пакуль за адну ноч не быў дэмантаваны.

“Габрэйскі камень” у Курапатах — адкрыты 29 кастрычніка 2004 года. Зроблены з фрагменту пастаменту помніка Іосіфу Сталіну, які восем гадоў узвышаўся на Цэнтральнай (зараз — Кастрычніцкай) плошчы Мінска, пакуль за адну ноч не быў дэмантаваны.


Калі пазнаёміўся з вынікамі расследавання пра ўласнікаў рэстарацыі «Паедзем паядзім», вырашыў звярнуцца з адкрытым лістом да ўсіх тых, каму баляць Курапаты.
«Шаноўнае спадарства!
Да Вас звяртаецца журналіст, каардынатар грамадзянскай інцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы. Як і мае продкі — рабіны Мадорскія і прадпрымальнікі Левіны, рамеснікі Гаравыя і Гутманы, якія стагоддзямі жылі на Беларусі, зрадніўся з нашым шматпакутным краем і ягонымі мужнымі людзьмі. Самі перажыўшы здзекі, прыгнёт і знявагу, яны заўжды былі на баку гнаных, уціснутых і зняважаных. Менавіта на беларускай зямлі нарадзіўся і мой любы дзядзька Ізраіль Мадорскі, які з 15-гадовага ўзросту зведаў ГУЛАГ, а пасля высылкі з СССР у Святой Зямлі засноўваў кібуц Афікім, разам з іншымі піянерамі-халуцым ствараў і бараніў Дзяржаву Ізраіль.
Ганаруся супляменнікамі, якія тысячагоддзямі захоўвалі сваю мову і запаветы продкаў, каб адрадзіць вольную, незалежную і дэмакратычную Дзяржаву Ізраіль. З вялікай павагаю стаўлюся да тых беларусаў, хто прысвяціў сябе справе нацыянальнага адраджэння дзеля вольнай, незалежнай і дэмакратычнай будучыні Беларусі, хто адраджае сапраўдную гісторыю Бацькаўшчыны.
Вось чаму мне — беларусу габрэйскага паходжання вельмі сорамна за тых габрэяў і беларусаў, хто спрычыніўся спачатку да самавольнага і незаконнага будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў «Бульбаш-холу», а затым да ягонага адкрыцця пад назвай «Паедзем паядзім». Прычым такі крок непавагі да памяці бязвінна палеглых у Курапатах беларусаў і габрэяў, сярод якіх дакладна вядомыя імёны Сцяпана і Соф’і Жукоўскіх, Моўшы Крамера і Мардыхая Шулькеса, безумоўна прывядзе да пакутаў калі не саміх удзельнікаў гэтай бессаромнай здзелкі, дых іхных нашчадкаў. Апроч таго, гэтая праява дэградацыі асобы аніяк не спрыяе ўмацаванню беларуска-габрэйскіх стасункаў, бо распальвае антысеміцкія настроі сярод пэўнай часткі насельніцтва.
Я ўпэўнены, што толькі пакаянне — добраахвотнае прызнанне ў зробленых правінах, вяртанне да спрадвечных этычных нормаў і адмова ад сумнёўнага бізнесу каля Нацыянальнага некропалю ў Курапатах, а яшчэ лепш перадача грамадскасці будынкаў з зямлёю пад патрэбы Народнага мемарыялу, можа выратаваць сумленне і рэпутацыю тых беларусаў і габрэяў, хто спрычыніўся да ганебнага ўзвядзення «Бульбаш-холу» і адкрыцця рэстарацыі «Паедзем паядзім».