«Адчапіцеся ад белых і чырвоных колераў, пакуль вас не праклялі хрысціяне ўсяго свету!»

Тая заклятая барацьба, якая вядзецца зараз міліцыянтамі па ўсёй краіне супраць белых і чырвоных колераў, у большасці случчан выклікае не толькі здзіўленне і агіду, але і смех. Мясцовыя чыноўнікі ж толькі падкідваюць дроў у полымя гэтай барацьбы з «вятракамі».

200922_flag_2_1229x1536.jpg


Высокапастаўленыя слуцкія чыноўнікі нядаўна арганізавалі круглы стол пад назвай «Злачынствы без тэрміну даўніны», каб зрабіць выснову, што «под бело-красно-белым флагом в войну на Случчине убили тысячи людей». Адбылася гэтая грандыёзная падзея ў цэнтральнай бібліятэцы амаль два тыдні назад — 15 снежня.

991.jpg

Фота mlyn.by 
Калі б ідэалагічна вытрыманыя дзяржслужачыя сабраліся самі па сабе і з’елі яшчэ адну порцыю антынацыянальнай дзяржаўнай прапаганды, то ніхто нават і не ўспомніў бы пра гэтую падзею. Але ж яны сабралі школьнікаў, каб пагаварыць аб жахах фашызму і ў чарговы раз запляміць былы дзяржаўны сцяг. Пасля мерапрыемства, каб замацаваць уражанні, усклалі кветкі ахвярам вайны.

993.jpg

Фота mlyn.by 
Галоўнымі арганізатарамі гэтага круглага стала былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянціна Ражанец, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Тапдэмір, прадстаўнікі Слуцкага райвыканкама і мясцовых арганізацый. Сярод апошніх выдзеліўся дырэктар філіяла мясцовага музея Валерый Ажэўскі, які заклікаў усіх, хто ходзіць з бела-чырвона-белай атрыбутыкай і вывешвае яе на вокны, паглядзець фільм Элема Клімова «Ідзі і глядзі», бо нібыта «пад гэтым «сімвалам свабоды» знішчаліся простыя людзі». Апрача сустрэчы з школьнікамі, па сведчанні аднаго з бацькоў, быў арганізаваны прагляд іншага фільма пра фашыстаў-нацыяналістаў сярод выхаванцаў сельскагаспадарчага каледжа, а, магчыма, і іншых вучэльняў.

Фота mlyn.by

Фота mlyn.by


Незадаволены такой актывізацыяй дзейнасці чыноўнікаў не толькі бацькі, але і самі настаўнікі. І калі працуючыя настаўнікі пабойваюцца выказаць ясна сваю пазіцыю, то былая настаўніца гісторыі вясковай школы Алена Дубіцкая не вытрымала і напісала асабістае пісьмо Валянціне Ражанец. Выказала нязгоду з ачарненнем бел-чырвона-белага сцяга, паколькі ў школе ёй прыходзілася тлумачыць вучням, што гэта сцяг БНР, якая была першым этапам дзяржаўнасці Беларусі, што белы і чырвоны — гэта спрадвечныя колеры беларусаў… Алена Андрэеўна ўспомніла і пра сваю маці, якая прайшла праз пекла Асвенцыма ў гады вайны і ніколі чамусьці не абвінавачвала «нацыяналістаў» у сваіх бедах, а наадварот вітала ў пачатку 90-х дзяржаўнасць нацыянальнага сцяга.
Зразумела, што чыноўнікі непадкантрольныя законам аб масавых мерапрыемствах, якія накіраваны супраць простых грамадзян. Захацелі — сабраліся ў біблятэцы, зладзілі шэсце па гораду да мемарыялу з кветкай у руках. Гэта ж не нейкія сябры мясцовага таварыства беларускай мовы, якім прыйшлося пасядзець у СІЗА, прайсці праз судовы канвеер і плаціць дзяржаве вялікія штрафы, каб ускласці кветачкі загінуушым габрэям.


Ім ніколі і памяшканне не выдзяляць, каб паслухаць у бібліятэцы беларускія вершы ці песні. І нікому не дакажаш нічога — такі закон аб масавых мерапрыемствах, у існаванні якога вінаватая і наша слуцкая законатворца Валянціна Ражанец.
Ды размова не толькі аб гэтым. Многім случчанам, як падаткаплацельшчыкам, не падабаецца такая праца чыноўнікаў, якая, дарэчы, нядрэнна аплочваецца з дзяржаўнага бюджэту.  

Фота mlyn.by

Фота mlyn.by

Возьмем Валянціну Ражанец. У палаце прадстаўнікоў яна з’яўляецца намеснікам старшыні камісіі па правах чалавека. Некалькі сотняў актыўных случчан палічылі, што яна не выконвае свае абавязкі, бо не зрабіла ніводнага дэпутацкага запыту па праблеме міліцэйскага гвалту і парушэння правоў чалавека ў краіне, не ініцыявала разгляд праблемы на адмысловай сесіі дэпутатаў. Яны нават спрабавалі судзіцца яшчэ ў верасні за права правядзення схода аб адозве такога дэпутата.


У розных чатах многія жыхары Слуцка негатыўна адрэагавалі на «круглы стол». Адны палічылі, што Валянціна Ражанец спрабуе апраўдаць забойствы і гвалт у краіне, другія лічаць, што такая нахабная ідэалагічная прапаганда нічога, апрача маральнага супраціву ў дасведчаных людзей не выклікае.

screenshot_2020_12_26_15_52_09_730_org.telegram.messenger.jpg

screenshot_2020_12_26_15_54_39_243_org.telegram.messenger.jpg


Дасталося ў чаце і Валерыю Ажэўскаму. Яго параду паглядзець фільм Элема Клімова, каб пераканацца ў віноўнасці сцяга ў забойствах, многія случчане ўспрынялі літаральна. Пераглядзела гэты фільм з шырока адкрытымі вачыма і карэспандэнт НЧ, якая была ў шоку ад такой прапановы нібыта гісторыка. Справа ў тым, што «Ідзі і глядзі» быў сумесным сцэнаром Клімава і Алеся Адамовіча — вядомага антыфашыста і чалавека, які разам з Васілём Быкавым радаваўся вяртанню ў якасці дзяржаўных сімвалаў герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга і шчыраваў, каб дзяржаўным гімнам Беларусі стала песня-гімн нацыянальнай свядомасці «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».  


Зразумела, што ніякіх паліцаяў ці немцаў, якія б знішчалі беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў фільме няма, бо ў іх былі зусім іншыя сімвалы.
Аляксандр Новікаў, былы настаўнік гісторыі Грэскай сярэдняй школы Слуцкага раёна, не здзіўлены недасведчанасцю чыноўнікаў і іх варожасцю да сапраўдных нацыянальных сімвалаў краіны.
— Ну што сказаць пра такіх людзей, якія лічаць сябе больш дасведчанымі ў гісторыі, чым загадчык аддзела Новай гісторыі Акадэміі Навук Андрэй Унучак і іншыя акадэмікі, не падхалімы? Ёсць у беларусаў трапнае слоўца, але тут я яго прыводзіць не буду, — пасміхаецца былы настаўнік. — Яшчэ ў снежні 1917 года бел-чырвона-белы сцяг афіцыйна прызналі на Усебеларускім сходзе, які фактычна стаў гістарычным прадпарламентам. Тады Еўропа зайздросціла нам, што беларусы зрабілі хрысціянскія сімвалы дзяржаўным сцягам. Бо такога ж колеру была Плашчаніца Хрыстова. Бела-чырвона-белая стужка нават упрыгожвае святочную сутану хрысціянскіх святароў як сімвал Уваскрасення Хрыста. Зараз у Беларусі фактычна ажыццяўляюцца здзекі над усімі хрысціянамі свету, якія, мусіць, яшчэ добра не звярнулі ўвагі на гэту праблему. Бо як звернуць увагу, то яшчэ могуць і праклясці тых, хто падвяргае ганенню і праследванню хрысціянскія колеры і людзей з імі.

omofor.jpg


Алесь Новік нагадаў, што насельніцтва Заходняй Беларусі асабліва пацярпела ад сталінскіх рэпрэсій і першапачаткова прыход немцаў нават успрымаўся людзьмі як вызваленне ад сталінскага тэрору. Частка палітычнай эліты імкнулася скарыстаць немцаў, каб адкрыць беларускія школы, тэатры, адрадзіць беларускую нацыянальную культуру. Спадзяваліся, што магчыма пасля ўдасца прыйсці да незалежнасці. Зразумела,што самі акупанты думалі інакш, і супрацоўніцтва з немцамі было трагічнай памылкай, якая дагэтуль адгукаецца беларусам.
 — Сучасная дзяржаўная прапаганда імкнецца перагарнуць усё дагары нагамі, нават не спрабуючы штосьці прааналізаваць, — гаворыць былы настаўнік. — Гэтак жа як некалі савецкая прапаганда казала, што ў Курапатах немцы расстралялі людзей. Дзеля чаго? Каб знішчыць гістарычныя карані нашай дзяржавы, ліквідаваць падмурак нацыянальнай свядомасці, знішчыць шматвяковую гісторыю нашага народа і ўкараніць у свядомасць насельніцтва, што апрача як падчас вайны беларусы ніколі не змагаліся супраць ворагаў сваёй краіны. Каб пачаць адлік гісторыі Беларусі толькі ад вайны ці ўвогуле з 1994 года.
Горш за ўсё, што зараз сярод беларусаў знайшлося шмат «падпявалаў», якія на розных узроўнях намагаюцца ачарніць гісторыю Беларусі, і якім не трэба верыць. Аніводнаму іхняму слову!

Даведка ад гісторыка Алеся Новіка: паліцаі насілі жоўтыя павязкі з надпісам на нямецкай мове. Бел-чырвона-белыя павязкі мела толькі беларуская «самапомач» — атрады самаабароны, якія не ўдзельнічалі ў карацельных аперацыях.
Прататыпам бел-чырвона-белага сцяга быў сцяг святога Юрыя — чырвоны крыж на белай тканіне, які скарыстоўваўся падчас пераможнай бітвы над маскоўскімі войскамі пад Воршай 8 верасня 1514.


Сапраўды, зыходзячы з пункту гледжання Валянціны Ражанец і Валерыя Ажэўскага, можа і хрысціянам трэба адмовіцца ад Плашчаніцы Хрыстовай па той прычыне, што хтосьці скарыстаў яе колер?
Ці, як трапна заўважыў Васіль Быкаў, паліцаі насілі штаны. То можа нам ад штаноў трэба адмовіцца?