Берасцейскі суд абавязаў знішчыць сцяг з «Пагоняй»
Сёння прайшоў суд над берасцейцам Андрэем Прыстаўкам. Яго затрымалі ў сёмы раз са сцягам з выявай "Пагоні" каля аддзялення міліцыі ў Паўднёвым, паведамляе Бінокль.

Андрэю прысудзілі 15 сутак арышту, а сцяг суд пастанавіў знішчыць, што прапісана ў пратаколе.

Нагадаем, герб ВКЛ "Пагоня" ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, гэты геральдычны сімвал намаляваны на гербах такіх гарадоў, як Віцебск, Верхнядзвінск і Лепель (Віцебская вобласць), а таксама Рэчыца (Гомельская вобласць). Такім чынам, выява гэтага герба замацавана гістарычна і афіцыйна.

Андрэй Прыстаўка вядомы ў Берасці тым, што пафарбаваў галаву і бараду ў колеры нацыянальнага сцягу. Яго затрымлівалі сем разоў. Пры шостым затрыманні 8 лістапада падчас акцыі пратэсту ў Мінску яго моцна збілі ў бусе сілавікоў. Прысуджаныя пасля гэтага 15 сутак берасцеец адседзеў са зламанай рукой.
