Амаль 200 случчан праз суд дамагаюцца адклікання дэпутата. І чым справа скончылася?

«Прафесіяналізм, адказнасць, справядлівасць» — гэтыя словы змешчаны побач з фота дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціны Ражанец на яе персанальным сайце. Аднак многія слуцкія выбаршчыкі з такой характарыстыкай не згодныя, і дэпутатку хочуць адклікаць.

ekranny_zdymak_z_2020_10_13_15_30_58.png


Случчанка Валянціна Ражанец ўжо двойчы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў па Слуцкай выбарчай акрузе №67. Цяпер яна мае сур’ёзную пасаду намесніка старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ.
У верасні 2020 года жыхары Слуцка звярнуліся ў Слуцкі раённы Савет дэпутатаў з просьбай прызначыць сход па пытанню адклікання дэпутата. Пытанне разгледзелі на пасяджэнні Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і ў правядзенні такога схода адмовілі — у сувязі з адсутнасцю прычын для адклікання дэпутата. Слуцкія выбаршчыкі вырашылі абскардзіць такое рашэнне ў судзе і дабіцца праз суд прызначэння схода.

img_20201012_181641__1__logo.jpg


Паводле іх, у краіне ўтварыўся прававы вакуум, ажыццяўляецца гвалт датычна мірных пратэстоўцаў, якіх пазбавілі выбараў, на вуліцах пралітая кроў, а дэпутат Ражанец нічога не робіць, каб аднавіць правы грамадзян, і не заслугоўвае высокага статусу намесніка старшыні пастаяннай камісіі па правах чалавека.
«Пасля адбыўшыхся выбараў 09.08.2020 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь канстытуцыйныя правы мноства грамадзян былі груба парушаны: праходзілі масавыя затрыманні грамадзян, да мірных дэманстрантаў ужывалася фізічная сіла, мела месца прымяненне зброі з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, загінулі людзі. На Акрэсціна, у Жодзіна ў адносінах да затрыманых былі ўжыты фізічны і маральны гвалт, мелі месца катаванні. Правы і свабоды чалавека працягваюць парушацца і зараз… Некаторых грамадзян не пускаюць вярнуцца дамоў (Т. Кандрусевіч), альбо наадварот выганяюць з краіны. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ражанец Валянціна, якая згодна артыкулам заканадаўства павінна актыўна ўдзельнічаць у ажыццяўленні дзяржаўнай улады ў межах сваіх паўнамоцтваў, магла самастойна, нават без зваротаў грамадзян, накіраваць у адпаведныя органы кіравання прадпісанні аб спыненні правапарушэнняў. 19 жніўня яна атрымала вусны зварот аб парушэнні законнасці ад сваіх выбаршчыкаў, але нават не паспрабавала вывучыць грамадскую думку і ўнесці прапановы па выпраўленні сітуацыі ў адпаведныя дзяржаўныя інстанцыі», — напісалі ў звароце на імя Слуцкага суда выбарцы, каб патлумачыць прычыны, па якім яны хочуць адклікаць дэпутата.
12 кастрычніка на судовым пасяджэнні, на якім прысутнічалі больш за 40 чалавек, былі заслуханы пазіцыі абодвух бакоў. Сама Валянціна Ражанец у судзе не прысутнічала, яе інтарэсы прадстаўляла старшыня Раённага савета дэпутатаў Наталля Аўсяннікава.
Паколькі народу сабралася многа, судовы працэс адбываўся ў актавай зале Слуцкага РАУС.

img_20201012_142637__1__logo.jpg


Дарэчы, за некалькі гадзін перад гэтым у РАУС паступіла інфармацыя, што будынак замініраваны. Міліцыянтам прыйшлося ажыццявіць адмысловую аперацыю па праверцы гэтага паведамлення. Інфармацыя не пацвердзілася, і пасля некаторай замінкі ўдзельнікі працэсу вышыхтаваліся ў доўгую чаргу. Апрача звычайнай рэгістрацыі пашпартных даных, людзей абшуквалі і адбіралі тэлефоны. Некаторыя абураліся і пратэставалі, паколькі яны прыйшлі на звычайны судовы працэс і не збіраліся станавіцца ўдзельнікамі міліцэйскіх працэдур.
Падчас пасяджэння заяўнікі адзін за адным казалі, што хацелі б мець магчымасць убачыць саму Валянціну Ражанец і задаць ёй пытанні — пра парушэнне права на выбары, пра фактычную ліквідацыю правоў чалавека ў Беларусі.
 — Валянціна Ражанец не выконвае свае абавязкі, не рэагуе на тое, што адбываецца ў краіне, нягледзячы на тое, што займае пасаду намесніка старшыні камісіі па правах чалавека, — выказала сваю думку заяўніца Масюк Наталля. Яна ж папрасіла суд прыкласці да судовай справы фотаздымкі распраў і здзекаў над людзьмі падчас мірных пратэстаў.
Прадстаўнік раённага савета дэпутатаў у сваю чаргу такую характарыстыку дэпутата абвергла. Яна лічыць, што Валянціна Ражанец у якасці народнага абранніка выконвае ўскладзеныя на яе функцыі, таму яна не бачыць прычын для правядзення сходу па адкліканню дэпутата Ражанец.
Адзін з выступоўцаў у судзе абурана зачытаў вытрымкі з артыкула Ражанец, які быў надрукаваны ў газеце «Мінская праўда» 14 жніўня. У ім дэпутатка крытычна выказваецца наконт вулічных дэманстрацый, гаворыць аб тым, што іх удзельнікі парушаюць пакой мірных грамадзян, а міліцыя, паводле яе, з'яўляецца галоўным інструментам абароны народа ад агрэсіўнага натоўпу. Людзі ў зале абурана загулі, і суддзі прыйшлося супакойваць прысутных.


Судовае пасяджэнне было прадоўжана 13 кастрычніка. Чым яно скончыцца — мы вам паведамім.
Дапоўнена: 13 кастрычніка суд Слуцкага раёна адмовіў у задавальненні скаргі на рашэнне Прэзідыума Слуцкага раённага Савета дэпутатаў аб арганізацыі схода па адкліканні дэпутата Ражанец.