Адзіны рубільнік для ўсіх тэлеканалаў

Мінінфармацыі падрыхтавала ўказ прэзідэнта, згодна якому дзяржава манапалізуе дыстрыбуцыю ўсіх замежных тэлеканалаў і адбірае ў кабельных аператараў магчымасць дамаўляцца з вытворцамі тэлекантэнту. 



tv_stop.jpg

Здаецца, узмацненне дзяржаўнага кантролю за СМІ ў Беларусі цяпер пачынае адбывацца з перыядычнасцю раз на год — якраз на Каляды ды навагоднія святы. Год таму ў Закон аб друку дадалі скандальныя дапаўненні, адным рухам далучыўшы да СМІ ўсе беларускія web-сайты. Цяпер жа дзяржава манапалізуе дыстрыбуцыю адразу ўсіх замежных тэлеканалаў — і адбірае ў кабельных аператараў магчымасць самім дамаўляцца з вытворцамі тэлевізійнага кантэнту.

 

Беларускі партал TUT.by першым паведаміў чарговую кепскую навіну: Міністэрства інфармацыі РБ падрыхтавала ўказ прэзідэнта, згодна якому ў Беларусі мусіць быць створана адзіная дзяржаўная ўстанова, якая будзе распаўсюджваць прадукцыю замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі. То бок ствараецца адмысловы дзяржаўны манапаліст, які будзе займацца дыстрыбуцыяй, найперш, замежных тэлевізійных каналаў. Дагэтуль беларускія кабельныя аператары самі дамаўляліся з замежнымі тэлеканаламі ды іх дыстрыбутарамі адносна трансляцый у сваіх сетках.

 

Але калі ўказ будзе прыняты, усе кантракты з пастаўшчыкамі тэлевізійнага кантэнту з-за межаў Беларусі будзе мець права заключаць толькі адзіная ўпаўнаважаная на тое дзяржаўная структура. А камерцыйныя кабельныя аператары будуць ужо ад яе атрымліваць (ці не атрымліваць — згодна з меркаваннем чыноўнікаў) права на рэтрансляцыю тых або іншых каналаў.

 

Сёння ў Беларусі робяць бізнес каля двух сотняў аператараў кабельнага тэлебачання; у іх пакетах, якія яны прапаноўваюць гледачам, — ад 50 да 100 і болей тэлеканалаў. Пераважная большасць з іх — або расійскай вытворчасці, або сусветныя, лакалізаваныя для Расіі (перакладзеныя на рускую мову). І вось цяпер дзяржава ў асобе Міністэрства інфармацыі проста жадае пераразмеркаваць на сваю карысць значную частку прыбыткаў, якія сёння атрымліваюць прыватныя дыстрыбутары тэлевізійнага кантэнту. Адначасова праз механізм дзяржаўнага манапаліста Мінінфарм разлічвае павялічыць прыбытак ад рэкламы — шляхам цэнтралізаваная замены арыгінальнай рэкламы на беларускую (сёння такое робіцца толькі на асноўных «кнопках»).

Праўда, сам Мінінфарм тлумачыць сваю ініцыятыву зусім іншымі мэтамі — маўляў, стварэнне адзінага і дзяржаўнага аператара замежных тэлеканалаў патрэбна, каб «палепшыць кантроль над рынкам, прасоўваць дасягненні Рэспублікі Беларусь на сусветнай арэне (цікава, якім чынам? — заўвага аўтара.), а таксама атрымаць дадатковыя паступленні ў дзяржаўны бюджэт».

 

Адзін з кіраўнікоў мінскага ЗАТ «8 канал», які папрасіў не ўказваць ягонае імя, вельмі эмацыянальна пракаментаваў ініцыятыву Мінінфармацыі:

«Вырасла пакаленне ініцыятыўных невукаў. Нехта там ужо марыць, як ён будзе ездзіць на кінарынкі іншых краін і горда там казаць, што ЁН прадстаўляе ўсю Беларусь. А нехта, паэксперыментаваўшы з кантэнтам расійскіх тэлеканалаў (а насамрэч паразітуючы на ім), вырашыў, што можа камандаваць тэлебачаннем у сусветным маштабе. Пад ідэалагічны складнік планаў кантраляваць тэлевізійную плынь чыноўнікі падкладваюць абяцанне зарабіць нейкія вялікія грошы за кошт паказу беларускай рэкламы на рэтранслюемых каналах. Але ж беларускі рэкламны рынак — дробязь у маштабах Еўразіі, якая практычна не бярэцца ў разлік. Вялікія медыя-карпарацыі нават размаўляць не будуць з прадстаўнікамі Беларусі, якія запатрабуюць замены рэкламных блокаў. А калі каналы знікнуць — аўдыторыя значнай сваёй часткай проста сыдзе да інтэрнэт-вяшчання або зноў пачне глядзець «праз талерку», як 10 гадоў таму. У выніку зборы ад замежных каналаў будуць не расці, а падаць. І тады, спадзяюся, камусьці ў Мінінфарме адсякуць рукі...»

На думку гэтага эксперта, малаверагодна, што праект указа рабіўся пад нейкія палітычныя мэты. Бо і сёння дзяржава мае магчымасць у любы момант «адсячы» «недарэчны» расійскі або любы іншы тэлеканал — можна ўзгадаць, як перад выбарамі 2010-га адключалася трансляцыя на Беларусь дакументальнай стужкі НТВ «Хросны Бацька».

Натуральна, ініцыятыва «міністэрства праўды» выклікала абурэнне ў прафесійных удзельнікаў рынку — камерцыйных аператараў кабельнага ТБ, якія аб’яднаныя ў «Тэлекамунікацыйны галіновы звяз» (ТГЗ). Яны ўжо накіравалі ліст са сваім меркаваннем па дадзеным пытанні кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, прэм’ер-міністру ды міністру замежных справаў. У прыватнасці, у лісце ўказваецца: «Уступленне ў сілу дадзенага дакумента прывядзе да істотных парушэнняў дзейснага нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, дэзарганізацыі працы галіны сувязі, страце кантролю над значным сегментам інфармацыйнай прасторы і нанясенню страт бюджэту краіны».

 

 

Сітуацыя самая што ні на ёсць непрыемная. Таму што мы бачым практыку прыняцця нарматыўных актаў, якія аказваюць сур'ёзны ўплыў на працу ўсёй галіны, без абмеркавання, што парушае наша заканадаўства, — сказала «Новаму Часу» старшыня ТГЗ Алёна Клюйкова. — У нас ёсць прэзідэнцкая Дырэктыва №4, якая абавязвае пры прыняцці нарматыўных актаў абмяркоўваць іх праекты з прафесійнай супольнасцю. Але раптам кулуарна, невядома адкуль, пачынае выплываць інфармацыя аб гэтым указе, прычым, аказваецца, усе профільныя міністэрствы і ведамствы не толькі ў курсе, але ўжо ўзгадняюць гэты нарматыўны акт — які, да таго ж, засакрэчаны. Нейкая вар'ятня — наогул не зразумела, для чаго ўсё робіцца.

Па той інфармацыі, якую мы атрымліваем з Саўміна, з Міністэрства сувязі, з Белтэлекама, гэты нарматыўны акт "дабівае" кабельных аператараў. І не толькі іх — усё гэта датычыцца таксама і інтэрнэту. Бо паводле новай рэдакцыі Закона аб СМІ інтэрнэт-сайты гэтак жа будуць абавязаныя купляць — і, адпаведна, у сябе паказваць, — толькі тыя тэлепраграмы, якія ім прадасць гэты новы дзяржаўны дыстрыбутар.

Мы — тыя, хто працуе на гэтым рынку, — аб'ектыўна разумеем, што гэта не зробіць пакеты каналаў больш таннымі для абанентаў. Наадварот, будзе рост коштаў. Таму што сёння дробныя кабельныя аператары, якія працуюць у рэгіёнах, яны дамаўляюцца з праваўладальнікамі, скажам так, за капейкі. Таму што каналы таксама разумеюць сітуацыю — навошта ім дабіваць аператараў, якія сядзяць у райцэнтрах і маюць па 500 абанентаў? А пры адзіным дзяржаўным дыстрыбутары замежныя каналы ўжо не пойдуць на такое моцнае паніжэнне коштаў. Між тым, у міністэрстве кажуць, што саб'юць кошты да аднаго цэнта з абанента. Гэта нават не смешна. Звычайныя камерцыйныя адносіны. Адна справа, калі канал разумее, што з мясцовага аператара, у якога 500–1000–1500 абанентаў, узяць няма чаго. Яму кантэнт прадаюць за капейкі: дамову нейкую падпісаў — і чорт з табой... А калі гэта адзіны дзяржаўны аператар, які абслугоўвае 3 мільёны абанентаў, то яму каналы ўжо выставяць зусім іншыя цэннікі са свайго прайс-ліста.

Трэба разумець, што кабельныя аператары ў крызіс літаральна выжываюць. Тым больш, што ў Беларусі крызіс для ТБ-галіны супаў з пераходам на "лічбу" (лічбавае вяшчанне). Усе аператары тры гады таму пачалі ўкладвацца ў "лічбу", і нават у самых буйных кампаній гэтыя ўкладанні яшчэ не акупіліся. Пры гэтым пастаўкі абсталявання і кантэнту прыходзіцца аплачваць у валюце. Але я не ведаю ні аднаго аператара, які бы падняў абаненцкую плату хаця б удвая — няма такіх. Таму што зарплаты не паднімаліся — мы ж улічваем пакупную здольнасць насельніцтва. Інакш усё на "талеркі" пяройдуць.

 

 

Яшчэ адзін бок праблемы — у тым, што пасля прыняцця гэтага ўказу беларусы могуць страціць шмат якія адукацыйныя і пазнавальныя тэлеканалы. Як піша партал TUT.by, звычайна ў статутных дакументах буйных міжнародных медыяхолдынгаў прапісаныя абмежаванні па партнёрстве з дзяржаўнымі і афіляванымі з дзяржавай кампаніямі. Апроч таго, звычайна дзейнічае забарона на прадстаўніцтва інтарэсаў падобных па тэматыцы і канкуруючых брэндаў адной кампаніяй. Чыннік — у тым, што ў выпадку такога сумяшчэння канкурэнты каналаў атрымаюць доступ да іх камерцыйнай інфармацыі — прынцыпаў утварэння коштаў, маркетынгавай і рэкламнай палітыцы. Інакш кажучы, заходнія VIASAT, Discovery, FOX, National Geographic, Sony Pictures Entertainment не дадуць правы на распаўсюджванне сваёй прадукцыі (каля)дзяржаўнай кампаніі, якая таксама працуе з расійскімі каналамі "Моя планета», "Охота и рыбалка", "Дом кино", "Наше кино" ды іншымі.