Акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім і іншымі палітзняволенымі прайшлі ў гарадах Беларусі
Нягледзячы на забароны мясцовых улад, акцыі салідарнасці з асуджаным праваабаронцам Алесем Бяляцкім і іншымі палітзняволенымі прайшлі як мінімум у шасці гарадах Беларусі.
Як раней паведамляў БелаПАН, у Гомелі 4 жніўня акцыі правёў мясцовы праваабаронца Анатоль Паплаўны. Ён распаўсюдзіў у самых мнагалюдных месцах горада некалькі сотняў паштовак з
партрэтам Бяляцкага і інфармацыяй пра яго дзейнасць і крымінальны пераслед.
Такія ж паштоўкі раздавалі ў гэты дзень актывісты праваабарончага руху Магілёва. Падчас акцыі была затрымана 21-гадовая студэнтка Дзіяна Буракова, якую пратрымалі больш як дзве
гадзіны ў міліцыі і адпусцілі пасля складання пратакола апытання. Хутка дзяўчыну павінны выклікаць у міліцыю.
Паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, салідарнасць з Алесем Бяляцкім і іншымі палітзняволенымі Беларусі
выказвалі і ў іншых гарадах Беларусі. У прыватнасці, паштоўкі з інфармацыяй пра дзейнасць праваабаронцы распаўсюджваліся ў Гродне, Баранавічах, Бярозе і Наваполацку. Акрамя таго, удзельнікі акцый і
прахожыя пісалі ў адрас Бяляцкага лісты падтрымкі.
Нагадаем, пікеты ў падтрымку Алеся Бяляцкага планаваліся 4 жніўня ва ўсіх абласных цэнтрах і некаторых іншых гарадах Беларусі, але паўсюль мясцовыя ўлады забаранілі іх праводзіць. Тым часам
салідарнасць з беларускай грамадзянскай супольнасцю выказалі ўчора ў Вялікабрытаніі, Германіі, Казахстане, Кыргызстане, Літве, Польшчы, Расіі (у Маскве, Санкт-Пецярбургу і яшчэ васьмі гарадах), ва
Украіне, у Чэхіі, Швецыі і ПАР.
Больш падрабязную інфармацыю арганізатары абяцаюць апублікаваць 5 жніўня.
Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі адзначаецца з 2012 года. Ён прымеркаваны да даты арышту Алеся Бяляцкага — віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў
чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна". Ён быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і асуджаны за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры на
чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх
выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо цэнтр "Вясна" працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай
рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не ўзяў пад увагу тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян. Праваабаронца адбывае
пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.