Алесь Мара: Курапаты павінны стаць альтэрнатывай Лініі Сталіна
Знаныя айчынныя творцы павінны ўзяць удзел у грамадскім творчым конкурсе «Курапаты – народны мемарыял», каб ёе стаў дзейснай альтэрнатывай Лініі Сталіна. Пра гэта 28 верасня ў Мінску заявіў старшыня журы конкурсу, выбітны беларускі мастак і грамадскі дзеяч Алесь Мара (Аляксей Марачкін) на чарговым пасяджэнні аргкамітэту конкурсу.
Ён звярнуў увагу на тое, што з моманту адкрыцця Курапатаў у 1988 годзе няспынна ідзе мемарыялізацыя гэтага трагічнага месца, дзе адбываліся масавыя расстрэлы бязвінных ахвяраў сталінізму з Беларусі і іншых краінаў Еўропы. За 28 гадоў у Курапатах з’явіліся Крыж пакутаў, капліца з копіяй абраза “Маці Божай Курапацкай усіх бязвінна расстраляных”, мемарыяльныя камяні, крыжы і знакі ад беларусаў з розных рэгіёнаў Бацькаўшчыны, габрэяў, палякаў і амерыканскага народу.
Вось чаму з гадамі падвышаецца значэнне гэтага сакральнага месца і ўвага да яго – яно становіцца сімвалам пакутаў беларусаў і іншых народаў Еўропы, зазначыў Алесь Мара. Ён узгадаў, што па ўсёй Беларусі людзі не забываюцца пра сталінскі генацыд і перадаюць з пакалення ў пакаленне звесткі пра гэтую трагедыю і мясціны, дзе яна адбывалася.
«Сумленне, прыстойнасць і годнасць беларусаў будзяць менавіта Курапаты, а не Лінія Сталіна, праз якую дзяржава ўслаўляе ката беларускага народа. У гэтых варунках айчынная інтэлігенцыя абавязана зрабіць усё неабходнае, каб боль Курапатаў надала беларусам адказнасці за лёс сваіх нашчадкаў і краіны. Вось чаму далейшая мемарыялізацыя гэтага месца мае такое важнае значэнне для будучыні нацыі», — падкрэсліў Алесь Мара.
Ён заклікаў выбітных беларускіх творцаў – архітэктараў, мастакоў, скульптараў, музыкаў, пісьменнікаў, дзеячоў тэатру і кіно далучыцца да конкурсу, а таксама запрасіў іх разам з патэнцыйнымі ўдзельнікамі творчага спаборніцтва на чарговую экскурсію ў Курапатах, што адбудзецца ў нядзелю 2 кастрычніка. Збор ва ўрочышчы ля Крыжа Пакутаў (каля МКАД) а 12.00.
Запрошаныя пазнаёмяцца з новаадкрытымі фактамі з мінулага Курапатаў як месца масавых рэпрэсіяў, у тым ліку з яго ўдакладненай гістарычнай тапаграфіяй. Гэтыя звесткі дапамогуць глыбей асэнсаваць гісторыю ўрочышча і натхніць на стварэнне новых мастацкіх вобразаў, што вельмі важна ў справе ўшанавання памяці ахвяраў таталітарызму.
Нагадаем, што на конкурс, вынікі якога будуць падведзены ў канцы лістападу – на пачатку снежня на II дакументальна-мастацкай выставе «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», прымаюцца працы ў наступных намінацыях: архітэктурны праект, архітэктурна-ландшафтны праект, скульптура, жывапіс, графіка, арт-аб'ект, фатаграфіка, відэаінсталяцыя, літаратура, музыка, тэатар і кіно.
Больш падрабязна з умовамі творчага спаборніцтва можна пазнаёміцца на сайце vytoki.net