Валянціна Вяргей: з Бацькаўшчынай у сэрцы

Сёння сваё 70-годдзе адзначае Валянціна Сяргееўна Вяргей. Яна вядомая не толькі як выбітны даследчык гістарыяграфіі археалогіі Беларусі і старажытнага мінулага насельніцтва Беларускага Палесся, але і як грамадскі дзеяч.

Валянціна Вяргей з амерыканскім калегам, прафесарам Волтам Трымерам (Снядзін, 1996)

Валянціна Вяргей з амерыканскім калегам, прафесарам Волтам Трымерам (Снядзін, 1996)


Шмат гадоў Валянціна Вяргей займаецца працай па ўшанаванні памяці міжваеннага “расстралянага пакалення" археолагаў, і наогул ахвяраў сталінізму ў Беларусі. Гэтая абаяльная і мудрая жанчына дзесяцігоддзямі шчыруе на ніве беларушчыны.

 

Дзіця Перамогі


Бацька Валянціны Вяргей усю вайну быў шафёрам грузавікоў — спачатку савецкай палутаркі, затым амерыканскага студэбекера. Франтавымі дарогамі ён прайшоў ад Беларусі да Берліна. На пачатку 1946-га ён вярнуўся на радзіму — у Петрыкаў. Праз дзевяць месяцаў у сям’і шафёра Сяргея і бухгалтаркі Таццяны нарадзілася малодшая дачка Валянціна — дзіця Перамогі. 

Бабуля Валянціны Вяргей Аляксандра Малашкевіч (першая злева ўверсе) з братамі і сёстрамі. Здымак зроблены ў Петрыкаве на пачатку XX ст. у прыватным фотаатэлье Д.Гінзбурга

Бабуля Валянціны Вяргей Аляксандра Малашкевіч (першая злева ўверсе) з братамі і сёстрамі. Здымак зроблены ў Петрыкаве на пачатку XX ст. у прыватным фотаатэлье Д.Гінзбурга


Падчас Другой сусветнай ваявалі ўсе сваякі дзяўчынкі: бацька — у пяхоце, дзядзькі — у артылерыі, на Чарнаморскім флоце і ў авіяцыі. І амаль усе вярнуліся жывымі і цэлымі, апроч артылерыста дзядзькі Ірынея, які застаўся без нагі пад літоўскім Шаўляем. Але ж вярнуўся жывым, бо, як казаў бацька, яго маці Наталля і маці Ірынея Аляксандра маліліся за сыноў ўсю вайну. 

Бацька Сяргей Вяргей у Берліне летам 1945 годуа

Бацька Сяргей Вяргей у Берліне летам 1945 годуа


Валянціна ў пяць гадоў навучылася чытаць, тым больш што ў хаце і на гарышчы было шмат кніг на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Ад прачытанага дзяўчынку рана пацягнула ў таямнічы свет Палесся — такі вольны, чароўны і зусім яшчэ загадкавы для цікаўнай дзяўчынкі.

Вось тады ёй і далі мянушку “валацуга”. Летам бацькі на працу, а яна — за вясёлкай, на Прыпяць, у лес, на кар’еры, у ваколіцы Петрыкава. І дарма бацькі загадвалі: “Карова з поля, ты — дадому!”. Яна вандравала, як вольная птушка.

Валя з ліхтарыкам пад коўдрай чытала любімыя кніжкі, у тым ліку “Эвалюцыю жывёлаў”. А магла з печкі на кухні скокнуць у другі пакой і зламаць ложак. Магла разабраць па частках радыёпрымач і гадзіннік. Магла схавацца ад бацькоў пад перакуленай лодкай ля Прыпяці. Так што валацугай яе празвалі нездарма. 

На беразе Убарці — прытоку Прыпяці (Петрыкаў, 1961)

На беразе Убарці — прытоку Прыпяці (Петрыкаў, 1961)


У школьныя гады Валянціна хадзіла ў турпаходы, займалася валейболам у мясцовай спартовай школе, гуляла за абласную каманду, а ў студэнцкія гады — за зборную Белдзяржуніверсітэта. Дарэчы, калі ў складзе валейбольнай каманды Гомельскай вобласці падчас Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў у 1961 годзе знаходзілася ў сталіцы і ўпершыню ўбачыла зборы нумізматычнага кабінету БДУ, вырашыла, што стане гісторыкам, а пасля знаёмства са старажытнасцямі Заслаўя на трэцім курсе гістфаку “захварэла” на археалогію.  

У школьнай валейбольнай камандзе (Петрыкаў, 1962)

У школьнай валейбольнай камандзе (Петрыкаў, 1962)


З беларушчынай па жыцці


Валянціна Вяргей даследавала адну з найбольш трагічных старонак беларускай гістарычнай навукі XX ст. — перыяд рэпрэсій 1930-х гг. Яе манаграфія "Археалагічная навука ў Беларускай ССР у 1919–1941 гг." (Мінск,1992) з'яўляецца адной з настольных кніг навукоўцаў-гуманітарыяў і аматараў айчыннага мінулага. У сховішчы КДБ яна, зразумела, не патрапіла, але працавала ў архівах Мінска, Масквы і Пецярбурга. У выніку ўзнавіла навуковыя здабыткі, лёсы і вобразы заснавальнікаў сучаснай беларускай археалогіі, ахвяр сталінізму Сяргея Дубінскага, Аляксандра Кавалені і Аляксандра Ляўданскага, якія вывучалі культуры жалезнага веку і палеаліту. На думку Валянціны Вяргей, іх забілі за тое, што яны былі свядомымі беларускімі інтэлігентамі і пісалі свае даследаванні па-беларуску. 

У Чэхаславаччыне падчас вандроўкі па студэнцкаму абмену (Карлавыя Вары, жнівень 1966)

У Чэхаславаччыне падчас вандроўкі па студэнцкаму абмену (Карлавыя Вары, жнівень 1966)


У сувязі з расстрэлам 27 жніўня 1937-га трох з чатырох супрацоўнікаў толькі створанага сектару археалогіі Інстытута гісторыі Беларускай акадэміі навук, станаўленне гэтай навуковай дысцыпліны было перарвана, аднак тры тамы па айчыннай археалогіі, выданыя рэпрэсаванымі навукоўцамі, не састарэлі да гэтага часу.  

Сваю кандыдацкую дысертацыю маладая даследчыца абараняла ў Пецярбурзе, бо з-за расстрэлу заснавальнікаў айчыннай археалогіі ў гэтай навуковай дысцыпліне на Беларусі ў 1970-я гады яшчэ не было сваіх дактароў навук, каб стварыць адмысловы савет па абароне кандыдацкіх дысертацый. Трэба адзначыць, што манаграфія Валянціны Вяргей стала грунтам для напісання шэрагу спецкурсаў і прац па гісторыі беларускай археалогіі. 

З Юрыем Хадыкам на выставе твораў Яўгена Куліка (Мінск, 1990-я гг.)

З Юрыем Хадыкам на выставе твораў Яўгена Куліка (Мінск, 1990-я гг.)


Валянціна Сяргееўна спрычылілася да актыўнай працы ў шэрагу адмысловых  грамадскіх ініцыятыў, такіх, як “Мартыралог Беларусі”, “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” і “Эксперты ў абарону Курапатаў”, у тым ліку да збору звестак пра помнікі і мемарыяльныя дошкі, камяні і крыжы, усталяваныя на тэрыторыі Беларусі ў гонар ахвяр сталінізму. Навукоўцу можна часцяком бачыць у Курапатах, дзе яна апякуецца мемарыяльным крыжам, што 30 кастрычніка 2001 года ўсталявалі айчынныя археолагі ў памяць пра сваіх бязвінна расстраляных калегаў — ахвяраў савецкіх палітычных  рэпрэсій.

І зараз даследчыца старанна працягвае свой грамадзянскі чын — складае бібліяграфію па злачынствах сталінізму супраць Беларусі і базу дадзеных па месцах забойстваў ахвяраў таталітарызму на Бацькаўшчыне.

Прыярытэтам навуковай дзейнасці Валянціны Вяргей стала праблема паходжання і фарміравання Пражскай культуры. Гэтая археалагічная культура раннеславянскіх плямёнаў, якія ў V–VII ст. н. э. насялялі тэрыторыю ад Дняпра і возера Ільмень на ўсходзе да Эльбы і Дунаю на захадзе і поўдні. У самастойную Пражская культура вылучана ў 1939 годзе чэшскім археолагам украінскага паходжання Іванам Баркоўскім пад назвай “кераміка Пражскага тыпу”. Вядома больш за 500 помнікаў гэтай культуры, прадстаўленых, у тым ліку, селішчамі, могільнікамі і, зрэдку, гарадзішчамі. 

Падчас археалагічнай экспедыцыі на Палессі Інстытуту гісторыі НАН Б з удзелам студэнтаў з Беларусі і ЗША (Снядзін, 1997). Цягам 15 гадоў Волт Трымер прывозіў сваіх выхаванцаў у Беларусь для даследавання помнікаў раннеславянскай Пражскай культуры. 

Падчас археалагічнай экспедыцыі на Палессі Інстытуту гісторыі НАН Б з удзелам студэнтаў з Беларусі і ЗША (Снядзін, 1997). Цягам 15 гадоў Волт Трымер прывозіў сваіх выхаванцаў у Беларусь для даследавання помнікаў раннеславянскай Пражскай культуры. 

Навукоўца выявіла і даследавала ў басейне Прыпяці шэраг помнікаў, якія сталі эталоннымі для Пражскай культуры, у тым ліку жытлы — селішчы Блювінічы ў Брэсцкім раёне і Струга-1 на Століншчыне, гарадзішча ля вёскі Сошна Пінскага раёна і ўнікальны комплекс помнікаў каля вёскі Снядзін на Петрыкаўшчыне з грунтовым могільнікам, трыма селішчамі і металургічнай вытворчасцю з печамі-домніцамі.  

Праз дзесяцігоддзі цярплівых палявых даследаванняў, публікацыі і вольныя дыскусіі археолаг разам з калегамі выявіла, што найбольш раннія помнікі Пражскай культуры месцяцца менавіта на тэрыторыі Палесся і Валыні, а таксама грунтуюцца на мясцовых  традыцыях.

Падчас археалагічнай экспедыцыі на Палессі Інстытуту гісторыі НАНБ

Падчас археалагічнай экспедыцыі на Палессі Інстытуту гісторыі НАНБ


Знаходкі Валянціны Сяргееўны сведчаць — гэтая культура была распаўсюджана на Беларускім Палессі і склалася тут амаль на два стагоддзі раней, чым у ваколіцах сталіцы Чэхіі. Таму гэту культуру можна назваць Петрыкаўскай. Дзякуючы гэтаму адкрыццю была абвергнута гіпотэза “палескай белай плямы”, згодна якой Палессе было бязлюдным цягам 150 гадоў (з сярэдзіны I ст. да канца II ст. н.э.) — да прыходу готаў падчас Вялікага перасялення народаў.


vv_12.jpg

У раскопе (Петрыкаў, 2003)


Навуковыя працы археолага вызначаюцца дасканалым веданнем рэгіёну, скрупулёзнасцю палявой працы, грунтоўнасцю аналізу матэрыялаў, узважанасцю высноў. А саму даследчыцу вылучае адкрытасць да дыялогу і гатоўнасць падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі.

У выніку больш чым 40-гадовай сістэмнай працы даследчыца стварыла на Беларускім Палессі школу археалогіі жалезнага веку і Вялікага перасялення народаў.

Пра высокі аўтарытэт навукоўцы сведчыць і той факт, што шмат гадоў яна ўзначальвала палявы камітэт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, што дае дазвол на правядзенне археалагічных раскопак. 

Для развіцця айчыннай археалогіі


На думку даследчыцы, беларуская археалогія перажывае заняпад з-за адсутнасці сродкаў. А яны вельмі патрэбныя для набыцця складанага і дарагога абсталявання, што дазваляе праводзіць матэрыялазнаўчыя экспертызы артэфактаў, здабытых падчас раскопак, і атрымліваць як мага больш карыснай і важкай інфармацыі. Гаворка, між іншым,  ідзе пра вывучэнне розных старажытных помнікаў, у тым ліку з каменю, цэглы, металаў, косці і шкла, а таксама пра даследаванні парэшткаў насення зерневых культур, прадстаўнікоў флоры і фаўны старажытнасці.


vv_11.jpg

З расійскімі археолагамі — кандыдатам гістарычных навук Валерам Сядых з Пецярбургу і доктарам гістарычных навук Яўгенам Шмітам са Смаленску на VI Міжнародным кангрэсе славянскай археалогіі (Ноўгарад, Расія, 1996)


Апроч таго, патрэбна сумесная праца археолагаў са спецыялістамі сумежных навук — палеантолагамі і палеабіёлагамі, якія на сённяшні дзень адсутнічаюць у штаце акадэмічнага Інстытута гісторыі.

І, канешне, вялікую шкоду айчыннай археалогіі наносіць кантрактная сістэма, якая шмат гадоў абмяжоўвае тэматыку навуковых даследаванняў і свабоду навукоўцаў, стварае непажаданы ідэалагічны ўціск на даследчыкаў