Аляксандар Алесін пра вайсковую тэматыку: Цяпер рукі дрыжаць, жахлівенька

Журналіст газеты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін, якога 10 снежня вызвалілі з «амерыканкі» пад падпіску аб нявыездзе, даў інтэрвію карэспандэнту Свабоды Алегу Груздзіловічу.



aliesin_svaboda.jpg

— Аляксандр, гэта было вашае першае ў жыцці затрыманне?
— Не рэцыдывіст, ніколі не затрымліваўся. Але прафілактычныя гутаркі са мной бывалі, некалькі разоў. Калі выклікалі ў КДБ і даводзілі, што на мяне ёсць скаргі тых або іншых прадпрыемстваў ВПК. На што тыя скардзіліся? Што ў вачах сусветнага грамадства нібыта падрываю іх рэпутацыю, хаця я даваў прыклады супрацоўніцтва з тымі самымі замежнымі краінамі, якія браў з сусветных медыяў. З іранскіх, прыкладам ці іншых. Аб супрацоўніцтве Беларусі з тымі або іншымі дзяржавамі.
— Можаце згадаць, пра што вы падумалі, калі ў вас на руках замкнулі кайданкі?
— Ніякіх асаблівых думак, проста стрэс. Галава пустая, затое моцны ўдар па псіхіцы.
— Гэты ўдар прайшоў?
— Так, потым наступіў час аналізу.
— Колькі разоў вас дапытвалі?
— Не, гэта не тая тэма. Увогуле што да следства, нічога сказаць не магу і камэнтаваць не магу.
— Ці ёсць у вас скаргі на парушэнне вашых правоў падчас следства?
— Нейкіх парушэнняў маіх правоў я не адчуў, проста лічу, што падставілі мяне тыя людзі, з якімі я быў у кантакце. Знарок ці незнарок, але гэта адбылося. Што да следчых, то, як мне падаецца, у працэсуальным сэнсе ўсё было як мае быць. Не магу сказаць, што са мной паступалі ненармальна.
— Вы ўтрымліваліся ў «амерыканцы»?
— Скажу гэтак: у следчым ізалятары.
— Аляксандр, атрымліваецца, КДБ зладзіў вам эксклюзіўную экскурсію ў сваю «святая святых» — «амерыканку». Якія ў вас ад яе ўражанні, што пацвердзілася з таго, што пра гэтую турму распавядалі апазіцыянеры?
— Я больш унутр сябе глядзеў. Ёсць месца, дзе сядзець, дзе ляжаць, харчаванне даюць. Ежа збольшага нармальная. Мне больш дыскамфортна было ў псіхалагічным сэнсе, усё астатняе я быццам не заўважаў, гэта было ўжо не важна.
— Па нейкіх жалезных лесвіцах вас не прымушалі бегаць?
— Не, такога не было. Мушу сказаць, што мае гады і стан здароўя паважалі. Справа ў тым, што я быў толькі затрыманы, а не арыштаваны. Калі чалавека затрымалі, гэта не факт, што яго заўтра і асудзяць. Ну, затрымалі, ідуць следчыя дзеянні. Але не магу сказаць, што былі нейкія жорсткія дзеянні адносна мяне.
— А збольшага там парадкі жорсткія?
— Так. Жорсткія. Ну, гэта ж не санаторый. Але паўтару, што я ўнутры сябе быў у настолькі разгубленых пачуццях, што вакол глядзеў мала. Турбаваўся за сваякоў, як яны будуць перажываць гэты час, потым мне сказалі, што меў падставы непакоіцца, дачка вельмі дрэнна сябе адчувала.
— Ад вас заўсёды можна было атрымаць цікавую, фактычна эксклюзіўную інфармацыю пра ўзбраенне, грунтоўныя каментары на вайсковую тэму. Можаце распавесці пра крыніцы вашай дасведчанасці?
— Гэта выключна адкрытыя крыніцы, якія не з'яўляюцца сакрэтнымі. Нават калі яны былі атрыманыя ад спецыялістаў, то гэта былі легальныя каментары гэтых спэцыялістаў, якія яны давалі цалкам законна. Я ніколі не прасіў нейкіх сакрэтных дадзеных і не карыстаўся сакрэтнымі дадзенымі. Толькі агалошаная, надрукаваная інфармацыя, якая не ўяўляе сабой дзяржаўнай таямніцы. Казаў гэта і паўтараю вам.
— Незадоўга да вашага затрымання вы распавядалі для Радыё Свабода пра стан узбраення беларускага войска і дэталёва апісвалі, колькі самалётаў адных відаў, другіх, трэціх. Прыкладам, гэтая інфармацыя адкуль з'явілася?
— Гэта не сакрэт. Беларусь удзельнічае ў стварэнні дакументаў аб скарачэнні звычайных узбраенняў. Пэўныя спецыялісты гэта ўсё кантралююць, ёсць службы па кантролі за дамовай аб скарачэнні звычайных узбраенняў, дзе ўсё гэта вядома. У Мінабароны ёсць спецыяльны дэпартамент, які дае такія звесткі. У інтэрнэце, у Вікіпэдыі таксама дастаткова такіх дадзеных.
— Ці будзеце далей займацца вайсковай тэматыкай?
— Цяпер, вядома, ручкі дрыжаць, жахлівенька. Потым, магчыма, адпусціць. Але гэта мая прафесія. Хаця, з былым імпэтам ужо наўрад ці, буду мазгі ўключаць. Што можна, а што лепш не чапаць.
— У газеце «Беларусы і рынак» вы не толькі на вайсковую тэму пішаце. І пра аўтамабілі шмат пісалі, і аглядалі сітуацыю ў машынабудаванні. Хто вы паводле прафесіі і як сталася, што заняліся журналістыкай?
— Паводле адукацыі я сапраўды не журналіст. Скажу гэтак, што маю вайсковае званне, 18 гадоў працаваў у вайскова-прамысловым комплексе інжынерам. У тым ліку працаваў на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова, у аддзеле аўтаматызаваных сістэм кіраўніцтва прадпрыемствам. Ведаю прамысловасць, тэхналогію, добра разбіраюся ў канструктарскай дакументацыі. Мне зразумела, як працуе любое машынабудаўнічае прадпрыемства, таму я і пісаў на гэтую тэму таксама. А як прыйшоў у журналістыку? Зусім выпадкова. У 1994 годзе камерцыйная фірма, у якой я працаваў, збанкрутавала, а паколькі я як пазаштатнік супрацоўнічаў з газетай, каментаваў біржавыя зводкі, то перайшоў у газету. Трэба было зарабляць грошы, усё вельмі проста.
— Як вы думаеце, тая гісторыя, якая з вамі адбылася — гэта звычайная контравыведная праца беларускіх спецорганаў, ці ўсё ж тут ёсць нейкі ўплыў сітуацыі ва Украіне, адбітак абвастрэння адносін Еўропы з Расіяй?
— Я пакуль не бяруся аналізаваць у такім глабальным пляне, што здарылася. Мне, як кажуць, свая кашуля бліжэй. Мне б пабыць са сваякамі, ведаю, як яны перажывалі ад невядомасці. Трэба крыху раны залізаць, а тады ўжо прыйдзе перыяд нейкага абдумвання. Ёсць, вядома, нейкія асабістыя меркаванні, але яны мусяць быць пацверджаныя. Вось падумаю і тады нешта супастаўлю.
svaboda.org