Журналісты пра справу Алесіна: Ні ў якім разе нельга маўчаць!

Калегі затрыманага па падазрэнні ў здрадзе дзяржаве Аляксандра Алесіна перакананыя ў невінаватасці аналітыка і лічаць самым галоўным у цяперашняй сітуацыі — шырокі грамадскі розгалас справы.



rupar.jpg

Паўлюк Быкоўскі, калега Алесіна па газеце «Белорусы и рынок»
—  Затрыманне Аляксандра Алесіна — гэта вельмі трывожны сігнал. На жаль, да гэтага часу мы не маем ніякай дакладнай інфармацыі пра тое, у якім працэсуальным статусе знаходзіцца наш калега.
Разам з тым я ўпэўнены, што Алесін не меў ніякага дачынення да рэчаў, якія можна было б расцэньваць як парушэнне заканадаўства. Натуральна, што калегі Алесіна па газеце «Белорусы и рынок» абураныя гэтай сітуацыяй. Артыкул, які выйшаў учора ў нашым выданні з гэтай нагоды, хоць і падпісаны маім іменем, але адлюстроўвае меркаванне ўсіх нас.
Мы лічым, што гэта недарэчнасць, якая павінна быць выпраўленая. Мы спадзяемся, што Алесін выйдзе на свабоду і ўсе падазрэнні з яго будуць знятыя. Відавочна, што ён не меў доступу ні да якой сакрэтнай інфармацыі. Ён займаўся выключна аналізам інфармацыі з адкрытых крыніцаў.
Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць»
—  Затрыманне Аляксандра Алесіна ў любым выпадку з’яўляецца сігналам — нават калі тыя людзі, што яго затрымлівалі, ніякага «сігналу» рабіць не хацелі. Ствараецца ўяўленне, што цяпер практычна кожны грамадзянін Беларусі пры сустрэчы з якім-кольвек замежным дыпламатам павінен думаць — а ці не рыхтуецца дзе-небудзь побач група захопу?
Цалкам зразумела, што Алесін не збіраў ніякай закрытай інфармацыі. Але ён мог даваць нейкія каментары па адкрытай інфармацыі, за што, хутчэй за ўсё, і пацярпеў. Хоць гэта ўсё відавочна незаконна.
Вельмі хацелася б, каб была хоць якая-небудзь афіцыйная інфармацыя па гэтай справе. Бо пакуль затрыманне вядомага вайсковага эксперта і аналітыка выглядае выключна як захоп.
Аляксандр Тамковіч, сябра Рады ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
—  У справе з затрыманнем Аляксандра Алесіна самым важным я лічу інфармацыйны розгалас. Зараз мы чуем папрокі ад некаторых калег пра тое, чаму журналісты не пачалі адразу біць у званы і ўздымаць трывогу.
Часткова я з гэтым пагаджуся. Але як журналісты маглі ўздымаць трывогу, калі самі родныя Алесіна больш за тыдзень нікому нічога не казалі і прасілі не пісаць? Журналісты проста маральна не могуць узяць на сябе такую адказнасць, калі родныя просяць і спадзяюцца.
Хоць самым лепшым у такой сітуацыі сапраўды з’яўляецца імгненны распаўсюд інфармацыі. І цяпер, калі ўсім ужо стала вядома пра справу, я заклікаю ўсіх не адмаўляцца дзяліцца інфармацыяй з калегамі, не закрываць яе.
КДБ, міліцыя, сілавыя органы — гэта тыя структуры, якія вельмі любяць працаваць у цішыні. Найлепшай для іх з’яўляецца сітуацыя, калі хтосьці баіцца наняць адваката, хтосьці — расказаць пра ператрус, абвінавачанні, магчымыя падставы.
Калі ўсе баяцца, то КДБ можа рабіць з Алесіным усё, што заўгодна. Яшчэ Васіль Быкаў заўсёды казаў, што са спецслужбамі нельга спрабаваць гуляць па іх правілах. Спецслужбы ўсё роўна цябе перайграюць. Менавіта таму неабходна дзяліцца інфармацыяй і ні ў якім разе не маўчаць.
baj.by