Аляксандр Дзядок: Мікалай вельмі моцны, да таго ж, яго падтрымлівае ўпэўненасць у тым, што ён робіць

 Аляксандр Дзядок распавёў «Белсату» пра палітычныя зняволенні свайго сына.

Аляксандр Дзядок — бацька анархіста Міколы Дзядка. Мінск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

Аляксандр Дзядок — бацька анархіста Міколы Дзядка. Мінск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»


Раніцай 12 лістапада Аляксандр Дзядок адкрыў навіны і ўбачыў афіцыйнае відэа МУС, на якім яго збіты сын адказвае на пытанні з-за кадру і на фоне дзяржаўнага сцяга раскайваецца «ва ўчыненым». Вядомага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка затрымалі ў яго кватэры напярэдадні ўвечары, разам з быццам бы знойдзенымі грашыма і кактэйлямі Молатава. Хутка хлопца прызналі палітзняволеным, і ў гэтым статусе ён аказаўся ўжо другі раз: у 2011-м Мікалая асудзілі на чатыры з паловай гады па «справе анархістаў». А калі яму «дакідвалі» яшчэ год за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі», яго бацька — у мінулым следчы, пракурор і суддзя — выступіў на судзе і публічна сказаў, што ганарыцца сынам. Тое самае ён паўтарае сёння.
«Мы тады вельмі моцна перажывалі: малады хлопец, без аніякага жыццёвага досведу, трапляе ў турму, а я ведаю, як турма можа ламаць людзей, пазбаўляць іх волі і характару, рабіць з іх паслухмяных грамадзян. Не выключаю, што тыя гады і сталі прычынай некаторых нашых хвароб. Але Мікалай даказаў, што ён сапраўдны чалавек: яго выхаванне, культура і нейкі ўнутраны стрыжань дазволілі яму захаваць сябе і чалавечую годнасць».
Каб узнавіцца пасля тэрміну, хлопцу, тым не менш, спатрэбіўся год. Ён працягнуў навучанне ў ЕГУ, стаў публікаваць артыкулы, напісаў некалькі кніжак, атрымаў вядомасць як блогер і запэўніў бацьку, што анархізм — надзвычай прагрэсіўнае вучэнне.
А ў мінулым лістападзе па Мікалая прыйшлі зноў, прычым забралі брутальна. «Такога беспардоннага, нахабнага, цынічнага зневажання не тое што закону, але элементарных маральна-этычных норм у першы раз, вядома, не было. Бандыты ў пагонах збівалі яго, распылялі ў твар газ, тапталіся па ім нагамі і катавалі, як маглі, цягам больш чым дзесяці гадзін, а потым збітага паказалі па тэлебачанні — ступень цынізму неверагодная». На хадайніцтва аб завядзенні крымінальнай справы за збіццё бацьку адказалі, што няма падстаў.
Жорсткае затрыманне Мікалая амаль супала з забойствам Рамана Бандарэнкі. Аляксандр лічыць, што гэта падзеі аднаго шэрагу: «Гледзячы па тым, як яго збівалі, Мікалай быў блізкі да нечага падобнага. Калі я ўбачыў тое відэа, я ледзь стрымліваў слёзы, мне дагэтуль складана пра яго гаварыць, гэта страшна цяжка. Я баяўся, што будзе працяг, але Мікалая перавялі на "Валадарку", а там усё ж стараюцца не моцна пэцкацца, да яго сталі рэгулярна хадзіць адвакаты — і стала спакайней».
Мікалаю выставілі абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Праўда, паводле Аляксандра, следчы чатыры месяцы нават не паказваўся. Затое ў канцы сакавіка раптам з’явіліся яшчэ дзве крымінальныя справы: за заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

«Альбо ўлады рыхтуюць вялізную гадасць, альбо яны кажуць такія рэчы ад страху»

«Ад самага затрымання на Мікалая ўвесь час ціснуць. Толькі паводле той інфармацыі, якую я маю, гэта перакідванне з камеры ў камеру, этапаванне з "Валадаркі" ў Жодзіна і назад, камеры-адстойнікі, дзе няма нічога, апроч голай падлогі, пастаноўка на прафілактычны ўлік, карцар. Ён застаецца ў атмасферы не толькі псіхалагічнага, але і фізічнага ціску, бо бывала нават, узнікалі канфлікты з сукамернікамі — я ўпэўнены, невыпадковыя, бо раней Мікалаю даводзілася сядзець у камеры з асуджанымі за забойства і ён знаходзіў з імі агульную мову».

Аляксандр Дзядок — бацька анархіста Міколы Дзядка. Мінск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

Аляксандр Дзядок — бацька анархіста Міколы Дзядка. Мінск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»


Пра новыя крымінальныя справы стала вядома з выступлення прадстаўніка Следчага камітэта на тэлебачанні: ні Мікалаю, ні яго адвакатам пра гэта не паведамілі.
«Другая акалічнасць яшчэ "смяшнейшая". Намеснік міністра унутраных спраў Генадзь Казакевіч на тэлебачанні згадаў, што ў затрыманага "чалавека ультраправых поглядаў" знойдзеная кніга Мікалая Дзядка з дарчым надпісам. І дадаў: "Цяпер ён не адкруціцца". Хто не адкруціцца: Мікалай ці той затрыманы? Мне здаецца, альбо ўлады рыхтуюць вялізную гадасць, альбо яны кажуць такія рэчы ад страху. Я малю Бога, каб абышлося».
Першае з двух новых абвінавачанняў, як кажа Аляксандр, крайне абцякальнае, а канкрэтыку мусіць прыўнесці эксперт: з яго высноў стане зразумела, што са сказанага Мікалаем прычыняе шкоду нацыянальнай бяспецы.
«Наконт другога абвінавачання я адразу кажу, што бутэлькі яму падкінулі. Але, тым не менш, яны былі "знойдзеныя" 11 лістапада: што замінала тады гэты артыкул і павесіць? З аднаго боку, усё гэта выглядае смешна і бязглузда, а з іншага — гэтыя людзі пакуль маюць уладу і могуць зрабіць нешта, мякка кажучы, дрэннае».

«Калі я звольніўся, калегі доўга шукалі прычыну і чакалі, што ж будзе»

Аляксандр сышоў з пасады суддзі ў 2009 годзе: напісаў заяву па ўласным жаданні, бо не захацеў згаджацца з тым, ува што ўжо на той момант ператварылі суды: «Суддзя стаў мелкім клеркам, штампоўшчыкам рашэнняў, якія нехта недзе там прымае. Але, хоць за трыццаць гадоў працы ў гэтай сістэме я і бачыў шмат, такога зневажання нават нашага куртатага закону не было ніколі. Мы з калегамі ўвесь час крытыкавалі заканадаўства, але разумелі, што з добрасумленным і людскім падыходам сітуацыя складваецца больш-менш».

Мікола Дзядок. Фота: racyja.com

Мікола Дзядок. Фота: racyja.com


Пасля вызвалення з турмы Мікалай расказваў бацьку, што аднойчы ў калоніі да яго падышоў чалавек і спытаў: «Твой бацька часам не суддзя?» Хлопец насцярожыўся і ўжо рыхтаваўся даць адпор, але той сказаў: «Перадай яму дзякуй: следакі навесілі на мяне пяць артыкулаў, а ён пакінуў толькі адзін, справядлівы».
«Я ведаю, наколькі для грамадства важна, каб судовая ўлада сапраўды была ўладаю, каб людзі ведалі, што ў любы момант могуць знайсці справядлівасць. Калі наша краіна зменіцца, а яна зменіцца, я б вельмі хацеў, каб мы стварылі сапраўднае правасуддзе, і, паверце, я ведаю, як гэта зрабіць. Я, напрыклад, прыхільнік жорсткага працэсуальнага абмежавання. На Захадзе чалавеку, перш чым арыштаваць, паведамляюць, за што ён затрыманы, і кажуць, што ўсё сказанае можа быць выкарыстана супраць яго на судзе і ён мае права на адваката. А калі гэтага не прамовіць, чалавек будзе вызвалены, што б ні зрабіў. Таму што сёння мы раз падамнём закон, заўтра — другі раз, а потым самі сядзем на лаву падсудных — гісторыя паказала гэта тысячу разоў. Нашы праваахоўныя органы думаюць, што беспакараныя, але ў гэтым памыляюцца: прыйдзе час, калі мы будзем іх судзіць, аб’ектыўна і справядліва, і я гатовы быць сябрам трыбуналу».

Аляксандр Дзядок — бацька анархіста Міколы Дзядка. Мінск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

Аляксандр Дзядок — бацька анархіста Міколы Дзядка. Мінск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

На пытанне, ці змог бы паўдзельнічаць ва ўзнаўленні судовай сістэмы, Аляксандр кажа, што «ўсімі сіламі душы і цела». А яшчэ да затрымання Мікалая ён з жонкай планаваў з’ехаць з краіны і пачаць новае жыццё за мяжой.
«У мяне пытаюцца, як я расцэньваю сённяшнія дзеянні суддзяў. А як іх можна расцэньваць, апроч як татальнае службовае злачынства? Але сыходзіць са сваіх пасад, таксама як следчыя і пракуроры, яны не будуць. У першую чаргу, з матэрыяльных прычын, а ў другую — ад страху, што заўтра знойдзецца нейкая справа, якая некаму падасца карупцыйнай. Часта гэты страх унушаецца самім сабе: жыццё паказвае, што ніхто пасля сыходу не прападае, хоць ім усім і кажуць, што па-за межамі Следчага камітэта ці пракуратуры ледзь не пагібель. Калі я сышоў з суда, калегі доўга шукалі прычыну і чакалі, што ж будзе. І калі Дзядок не прапаў, цягам года заявы на звальненне напісалі пяцёра чалавек».
Аляксандр упэўнены, што нагода адбудаваць судовую сістэму з’явіцца ўжо хутка: па-першае, паводле настрою грамадства, па-другое, «эканоміка скажа сваё слова». «Спачатку, калі Мікалая арыштавалі, маё кола знаёмых неяк маўчала, а ў апошнія месяцы яны ўсё часцей выяўляюць пазітыўнае стаўленне да таго, што ён робіць, і ўвогуле даюць ацэнку сённяшнім падзеям. У краіне ўсё больш і больш людзей кажуць, што хочуць жыць па-іншаму».

«Я зразумеў, што ў Мікалая асэнсаваная і свядомая неабходнасць жыць менавіта так»

За ўвесь час пасля затрымання бацька атрымаў ад Мікалая толькі пяць лістоў. Сын, у сваю чаргу, атрымаў цэлых два. Пра спатканні гаворкі не ідзе, зрэшты, як і пра паўнавартасныя следчыя дзеянні.
«Я б не стаў казаць пра абсалютную бездапаможнасць перад сістэмай. У жыцці ўсё ўзаемазвязана, таму важна нават, калі ты пішаш ліст ці перадаеш нейкія словы праз адваката. Альбо робіш нешта тут, напрыклад, сустракаешся з журналістамі, а я ўсім кажу, што не трэба маўчаць: улада баіцца нас больш, чым мы яе. Сын ведае, што мы побач, і гэта надае яму ўпэўненасці ў тым, што ўсё будзе добра».

Аляксандр Дзядок чытае кнігу свайго сына Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага свету». Мінск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

Аляксандр Дзядок чытае кнігу свайго сына Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага свету». Мінск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года. Фота: ТК / «Белсат»

У зняволенні Мікалай займаецца ёгай, а таксама шмат чытае — вядома, калі яго не змяшчаюць у карцар. У мінулы раз яго выпусцілі за дзень да дня нараджэння. Бацька з сынам размаўлялі цэлую ноч — сядзелі пад месяцам у машыне з расчыненымі дзвярыма. Пры наступнай сустрэчы з сынам Аляксандр яго моцна абдыме, каб адчуць, што сэрца б’ецца.
«Ён добра трымаецца, і гэта дапамагае нам чакаць, трываць і ўсё гэта перажываць. Мікалай вельмі моцны чалавек, да таго ж, яго падтрымлівае ўпэўненасць у тым, што ён робіць. У свой час я крыху спрабаваў адхіліць яго ад палітычнай дзейнасці, але зразумеў, што ў яго асэнсаваная і свядомая неабходнасць жыць менавіта так. І я веру ў яго і яго сілу. І шмат чаму ў сына вучуся: Мікалай вельмі адукаваны, ён многае бачыць, разумее і робіць вельмі дакладныя высновы. А ў свой час, помню, ён з "Валадаркі" даслаў мне ліст, дзе па пунктах распісаў тое, чаму навучыўся ў мяне. Я пажартаваў, што зрабіў з яго рэвалюцыянера. Можа быць, і так, бо я з дзяцінства прывіваў яму прагу да справядлівасці і праўды. Я веру, што ўсё гэта не будзе цягнуцца доўга — і гэта мяне падтрымлівае, бо апошнія трыццаць гадоў мая вера мяне не падманвала».
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Дзядок Мікалай Аляксандравіч.