Палітвязня судзяць за пудзілаў і налепкі «Пагоні»

Cуд Мінскага раёна 13 красавіка пачаў разглядаць крымінальную справу палітвязня Віктара Лосіка. Яго абвінавацілі паводле арт. 339, 341 Крымінальнага кодэкса.

losik_viktar.jpg

Справу разглядае суддзя Новікава. Дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Касінская. Пацярпелыя — старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ў Хацежына Радзько і яе намесніца Красоўская. Абедзве заявілі пазоў на выплату маральнай шкоды: па тры тысячы рублёў кожнай.

У чым абвінавацілі?

Палітвязня абвінавацілі ў тым, што павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнутраных спраў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастка для галасавання з надпісам «Не забудем, не простим!», а таксама ў нанясенні выяў з беларускім нацыянальным гербам «Пагоня» на збудаванні і апоры моста. Фотаздымкі пудзілаў былі размешчаны ў чаце «Хацежына для жыцця».


Што кажа палітвязень?

Віктар Лосік прызнаў віну па артыкуле 339 і не пагадзіўся з артыкулам 341, прынёс прабачэнні пацярпелым, пудзілы з фатаздымкамі якіх вывешваў: прызнаў усе тры факты вывешвання пудзілаў. Ён расказаў, што ў наваколлі Хацежына развешваў пудзілы па начах з інтэрвалам у 1-2 дні, а таксама наносіў на апоры мостаў, будынкі водапомпавай станцыі і электрашчытавой выявы з «Пагоняй»: не менш за 28 разоў. Хоць на фотапастцы выява невыразная, немагчыма апазнаць яго з поўнасцю, ён таксама прызнаў, што гэта ён сняты ў момант размяшчэння гербаў. Таксама распавёў, дзе набываў і хаваў пудзіла, як знаходзіў фотаздымкі. Адзначыў, што гэта было зроблена ў адчаі ад падзей лета-2020.
Ён распавёў, што быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. Яго не дапусцілі ў памяшканне, таму быў вымушаны назіраць на вуліцы. Пратакол галасавання вывешаны не быў, яго паказалі праз дзверы а 12-й гадзіне ночы з выпраўленнямі і без усіх неабходных подпісаў. Віктар Лосік пісаў скаргі ў тэрытарыяльную камісію і ЦВК, адказаў па сутнасці не атрымаў: гэта і жорсткасць з боку МУС сталі для яго падставай для выражэння нязгоды. Ён выказаў яе ў вывешванні пудзілаў з прымацаванымі да іх фотаздымкамі Караева, старшыні і намесніцы старшыні раённай выбарчай камісіі Радзько і Красоўскай, работнікамі сельсавета (апошняя — дэпутатка ад іх акругі). Віктар Лосік адзначыў, што яго дзеянні былі накіраваныя супраць канкрэтных службовых асоб, вінаватых у фальсіфікацыі выбараў і гвалце, бо законнымі спосабамі дамагчыся праўды не было магчымасці.
Лосік папрасіў прабачэння ў пацярпелых, рахункі за псаванне маёмасці ў суме 43р., 54р., 25р. аплаціў у поўным памеры. Не лічыць псаваннем маёмасці і крымінальнай справай налепку «Пагоні» на бетонныя сцены. Пазовы пацярпелых лічыць празмернымі, але гатовы пакрыць шкоду.
На судзе Лосік заявіў, што пры дачы паказанняў на яго рабілася маральнае і псіхічнае ўздзеянне, раскаянне рабілася пад пераканаўчыя просьбы супрацоўнікаў РУУС. Але гэтую тэму падчас суда ён абмяркоўваць не захацеў.

Што казалі пацярпелыя?

Пацярпелая Радзько прад'явіла абвінавачанні наконт трох забітых у яе пудзіла цвікоў: гэтага ўчынку Лосік не прызнае і кажа, што заўсёды быў супраць гвалтоўных дзеянняў, таму не рабіў гэтага.
Пацярпелая Красоўская абвінавачвае Лосіка ў тым, што яе пудзіла пасля вывешвання на дарожным знаку было перанесена на могілкі і сфатаграфавана там з тэкстам «Памятаем. Любім. Смуткуем». Але гэты эпізод па справе Лосіку не ставіцца, хаця першапачаткова ў яго прызнаннях гэты факт ёсць.

Што яшчэ было на пасяджэнні?

Адвакат настойвае на кваліфікацыі дзеянняў па артыкуле 369. Ён адзначыў, што Лосік аказваў садзейнічанне ў расследаванні, дапамагаў пры выездзе на месца, добраахвотна даў свой тэлефон. А таксама раскайваецца, што абраў няправільны спосаб сваёй нязгоды.
Таксама падчас пасяджэння было адзначана, што бацькі Лосіка і яго жонка з дзецьмі маюць патрэбу ў дапамозе.  
Віктар Лосік быў членам ініцыятыўнай групы грамадзян Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы ў яго падтрымку, быў валанцёрам у аб'яднаным штабе, дапамагаў ініцыятыве «Сумленныя людзі». На прэзідэнцкіх выбарах быў незалежным назіральнікам на ўчастку ў Хацежына. Віктар жанаты, у яго двое дзяцей.
Быў затрыманы 14 снежня 2020 г. у п. Хацежына Мінскага р-на супрацоўнікамі МУС.
spring96.org