Вольга Залатар з-за кратаў: Не хачу, каб я стала крыніцай страху — унутры мяне гарыць любоў

Палітзняволеную маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар утрымліваюць за кратамі ў СІЗА-1 ужо амаль месяц. Яе абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. «Вясна» апублікавала вытрымкі з розных лістоў Вольгі, якія яна дасылае сваім блізкім і знаёмым.  

Вольга Залатар. Фота з сямейнага архіва

Вольга Залатар. Фота з сямейнага архіва

Вольгу Залатар абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1 КК). Мінская міліцыя паведаміла, што Вольгу затрымалі за «актыўную пратэсную дзейнасць», а таксама тое, што яна нібыта з'яўлялася адміністратаркай дваровага тэлеграм-чата ў Ждановічах. 10 сакавіка, калі Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу супраць блогера Антона Матолькі, у ведамстве таксама заявілі, што адміністратары дваровых тэлеграм-чатаў будуць несці адказнасць менавіта па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Верагодна, такая практыка пачалася менавіта з Вольгі Залатар. Сама жанчына сваёй віны не прызнае і адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам, хоць супрацоўнікі ГУБАЗіКа спрабавалі прымусіць яе гэта зрабіць збіццём і фізічнай сілай. Пры гэтым, Вольга трымаецца бадзёра, каментуе свой пераслед радкамі песні гурта «Красная зелень», не хоча, каб яе гісторыя стала «страшылкай» для беларусаў і ў лістах распавядае пра свой быт у камеры з цяжарнай дзяўчынай і палітзняволенай студэнткай Касяй Будзько.

Пра свае абвінавачанні: артыкул не мае вялікага значэння, бо гэта ўсё — пустое

Вольга ў лістах падцвярджае, што яе абвінавачваюць па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса — «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання», які прадугледжвае пакаранне да сямі год пазбаўлення волі. Сама Вольга каментуе гэта радкамі з песні «Краснай зелені»:
«Калі ты чула песню Маргарыты Ляўчук “...Нас не чапайце. А толькі... Матольку”. Так гэта мой выпадак! [Верагодна, гутарка ідзе пра радок з песні #ПамагіМатолька: “Дарагія СК, дзел нашылі вы столькі, но не дзелайце нас экстрэмістамі толькі”].
Я толькі шкадую, што на волі не брала ўрокі вакалу. Дзяўчынкам песенькі ў маім выкананні не падабаюцца, бо спяваю я міма нот. Пры гэтым адносіны ў камеры ў нас добрыя, падтрымліваем адна адну, дзелімся тым, што маем».
«Мне інкрымінуюць арт. 361-1, а не 361 Крымінальнага кодэкса. У любым выпадку, артыкул не мае вялікага значэння, бо гэта ўсё — пустое. Акт застрашэння. Папера ўсё сцерпіць. Напісаць можна любы артыкул. У любым выпадку, я зараз у зняволенні, правільней казаць, пад вартай падчас следства. Мой адвакат не абнадзейвае мяне, кажучы, што, чым меней доказаў віны, тым даўжэй вядзецца следства. Тым не менш, я працягваю марыць, што буду дома на 5-годдзе сына».

Пра побыт: любыя побытавыя нязручнасці лягчэй перажыць, калі кампанія добрая

«Я нават не магу ўявіць, як мой муж перажыў усю гэту гісторыю [пасля затрымання Вольгі і ператрусу дома яе мужа Сяргея арыштавалі па арт. 24.23 КаАП на 10 сутак нібыта за вывешаны сцяг на акне]. Я прыгадала, што было шмат асуджаных у НБ [Новай Баравой], а таму ў яго павінна была быць добрая кампанія на ІЧУ. Па сваім досведзе ведаю, што любыя побытавыя нязручнасці лягчэй перажыць, калі кампанія добрая.
Як ні дзіўна, дні тут пралятаюць хутка. Мы шмат размаўляем з дзяўчатамі, пішам лісты, чытаем кнігі з бібліятэкі, вывучаем Крымінальны кодэкс і Крымінальна-працэсуальны кодэкс. З красавіка мне пачала прыходзіць газета “Новы Час”. І ў першым жа нумары была заметка пра мяне».

Пра суседак: у камеры ёсць цяжарная дзяўчына

«У мяне ў камеры ёсць цяжарная дзяўчына. І яшчэ 19-гадовая дзяўчынка Кася. Для мяне гэта цудоўная кампанія, бо ёсць пра каго клапаціцца».

Пра справу супраць Герасімені: усе гэтыя крымінальныя справы горш за ўсё падрываюць імідж краіны

«Тут зусім мала інфармацыі. Чытаем газеты. Мяне шакавала навіна, што на Герасіменю ўзбудзілі крымінальную справу за падрыванне іміджу краіны. Я дзіўлюся: няўжо толькі мне відавочна, што ўсе гэтыя крымінальныя справы горш за ўсё падрываюць імідж краіны?»

Пра статус палітзняволенай: мяне засмуціла, што мая гісторыя выглядае страшылкай для беларусаў

«Мяне засмуціла, што мая гісторыя выглядае страшылкай для беларусаў. Я зусім не хачу, каб я стала крыніцай страху, нянавісці і болю. Унутры мяне гарыць любоў. Любоў да маёй сям’і, а таксама да ўсіх людзей, уключаючы маіх крыўдзіцеляў. Мяне вельмі падтрымліваюць паведамленні, што за мяне і маю сям’ю моляцца шмат людзей.
Адвакат перадаў мне, што на выхадных мяне прызналі вязнем сумлення. Мне стала сумна. Па сутнасці, я атрымала гэты статус праз дзеянні ўлад. Сама я сабе і ў страшным сне яго не хацела».

Пра зняволенне: тут ёсць свае нагоды для радасці, весялосці, дабрыні, салідарнасці

«Па маім досведзе, калі знаходзішся на волі, падаецца, што за мурамі турмы змрочна і сумна. Аднак, апынуўшыся тут, я ўсведамляю, што тут ёсць свае нагоды для радасці, весялосці, дабрыні, салідарнасці.
У нас, як ні дзіўна, не бывае дня сурка. Кожны дзень нейкія падзеі, якія не даюць нам засумаваць. Учора ў санвузле замянялі трубы, сядзелі паўдня без вады. Затое пасля замены труб мы не пакутуем ад каналізацыйнага смуроду».
«Я хацела ў гэтым лісце паказаць, што ў зняволенні жыццё працягваецца, добрыя людзі застаюцца добрымі людзьмі, а іншых я тут і не сустракала».

Пра святкаванне Вялікдня: ох, як жа мы аб'еліся!

«У нядзелю з дзяўчатамі мы святкавалі Вялікдзень. Напярэдадні ў пятніцу мне прынеслі па заяве з бібліятэкі Новы Запавет. Я падрыхтавала фрагмент з Евангелля ад Мацвея. Мы накрылі пасля прагулкі святочны стол з таго, што нам перадалі родныя ў суботу. Перад тым, як прыступіць да ежы, я прачытала малітвы і фрагменты з Евангелля, а потым — кароткае пажаданне Божай міласэрнасці, абдымкі і ўрачыстае застолле. Ох, як жа мы аб'еліся!»

Пра Біблію ў СІЗА: Новы Запавет на беларускай мове прынеслі па першай просьбе

«Змяняць меру ўтрымання мне не збіраюцца. Запрашаць святара для правядзення набажэнства на Вялікдзень, негледзячы на мае звароты, выглядае на тое, таксама не будуць. Хаця, адзначу, Новы Запавет на беларускай мове прынеслі па першай просьбе!»

Ліст Вольгі Залатар

Ліст Вольгі Залатар

 Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:
СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030. Вользе Віктараўне Залатар (07.07.1983)