Не да законаў: суд не разглядаў паўторна адміністрацыйную справу Аляксандра Васілевіча

Суд Фрунзенскага раёна не стаў паўторна разглядаць адміністрацыйную справу аб «несанкцыянаваным мітынгу», па якім бізнесмен Аляксандр Васілевіч адседзеў 14 сутак мінулым летам, і спыніў справу.

vasilevich_1064x800.jpg


Васілевіча 28 ліпеня затрымалі ў будынку КДБ, куды ён прыйшоў падаць хадайніцтва аб паручальніцтве за Віктара Бабарыку для змены яму меры стрымання. Яго праводзілі ў кабінет у будынку, а затым завялі ў аўтазак у двары і з іншымі затрыманымі павезлі ў Фрунзенскае РУУС. У дачыненні да Васілевіча склалі пратакол, згодна з якім, ён мітынгаваў і крычаў «Свабоду Бабарыку». Васілевіч атрымаў 14 сутак арышту, піша REFORM.by.

9 снежня 2020 года Мінскі гарадскі суд адмяніў рашэнне раённага суда і накіраваў справу на новы разгляд у суд Фрунзенскага раёна. Тэрмін разгляду справы скончыўся 9 лютага. У сакавіку суд накіраваў аб гэтым апавяшчэнне, якое прыйшло толькі 8 красавіка.

«Перад тым, як Сашу забралі па крымінальным абвінавачанні, ён адсядзеў 14 сутак за тое, што прынёс у КДБ хадайніцтва аб змене меры срымання для Віктара Бабарыкі. Суд, суткі, апеляцыя, Акрэсціна, Жодзіна. У снежні ўсе рашэнні суда былі адменены Мінскім гарадскім судом. І вось 8 красавіка ў паштовую скрыню прыйшло паведамленне, адпраўленае 17 сакавіка: рашэнне суда за 5 сакавіка аб тым, што тэрмін у 2 месяцы скончыўся 9 лютага і, значыць, справу спыніць. Гэта значыць, мы не разгледзелі вашу справу за 2 месяцы і спынілі. Тэрмін абскарджвання — 10 дзён. Ага. Ок, Саша адсядзеў суткі па рашэннях судоў, якія адмененыя», — напісала ў Facebook жонка Васілевіча Надзея Зелянкова.

Аляксандр Васілевіч — суўладальнік рэкламнага агенцтва «Vondel/Hepta» і кампаніі «Mint Media» (выданні «Kyky.org» і «The Village Беларусь»). Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА па крымінальнай справе. У лютым яму ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы. Васілевіч прызнаны палітвязнем.