«Аб прашэнні пра памілаванне нават не можа быць гаворкі». Што піша Наталля Хершэ з-за кратаў

Палітзняволеная Наталля Хершэ адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 гораду Гомеля. Свабода распавядае пра яе перапіску з роднымі.

natalya_khershe.jpg

Сёння яе брат Генадзь Касьян меў з Наталляй чарговую 10-хвілінную размову праз тэлефон. Яны дамовіліся пра магчымае двухдзённае спатканне 8 траўня. Наталля ўжо падала заяву на імя начальніка.
«Спатканне праходзіць у дамку з выхадам на вуліцу. Там можна гатаваць ежу. А яшчэ могуць дазволіць прынесці з сабой каля 10 кілаграм харчоў, але не прыгатаваных страў», — піша Наталля ў лісце.
Паводле Генадзя, Наталлі дазваляюць раз на тыдзень патэлефанаваць дахаты з карткі «Белтэлекам», таксама дазваляюцца відэатэлефанаванні праз скайп.
Сяброўка, з якой Наталля сядзела на Акрэсціна, падпісала яе на дзевяць перыядычных выданняў. Раней Наталля пісала, што атрымала толькі часопіс Forbes, а сёння падчас размовы сказала, што выданні прыходзяць, апроч «Новага часу». Начальнік калоніі сказаў, што яна не будзе атрымліваць гэтае выданне, бо яно, маўляў, забаронена.
«Мы гэтае пытанне з ёй абмяркуем праз скайп. Наталля павінна паведаміць начальніцы атраду, і калі „Новы час“ ёй не будуць выдаваць, то я буду пісаць скаргу ў дэпартамэнт выканання пакаранняў, — кажа Генадзь. — Гэта адзіная газета была для яе, дзе яна магла пачытаць нейкія навіны. Той інфармацыйны вакуўм, які яны робяць для вязняў, гэта інфармацыйнае катаванне. Нідзе ні ў якіх правілах не напісана, што яна не павінна атрымліваць палітычныя навіны».

«Я атрымліваю лісты без лістоў»

Паводле Генадзя, Наталля наракае на праблемы з лістамі, якія да яе не даходзяць. Адзін з лістоў, які дасылаў Генадзь, таксама быў ануляваны адміністрацыяй калоніі, маўляў, з прычыны нецэнзурных слоў, хоць насамрэч ён пісаў сястры пра палітычныя падзеі ў краіне.
«Як я ўжо паведамляла, тое бязладдзе, якое творыцца з маёй карэспандэнцыяй, я цярплю толькі адзін месяц. Перадай адвакату, што яна павінна падрыхтаваць зварот да адміністрацыі калёніі. Я атрымліваю лісты без лістоў. У канвертах знаходзяцца чыстыя аркушы для адказу, чыстыя паштоўкі, чысты канвэрт, і гэта ўсё. Карэспандэнцыю адсейваюць на наяўнасць палітычных навінаў, — піша Наталля ў адным з лістоў да брата. — Сёння была ў начальніка папраўчай калоніі № 4 адносна знішчаных лістоў. Начальнік сказаў, што там былі цынічныя выразы. Я вельмі сумняюся, што ўсе 28 лістоў утрымлівалі нешта падобнае».

«Адчуваю, што наспявае канфлікт»

Наталля Хершэ пачала працу ў калоніі, і спачатку яе пасадзілі за швейную машынку.
«У яе вельмі добра атрымлівалася, і майстры нават здзівіліся, што яна так хутка гэта асвоіла. Але яна ў дзяцінстве займалася шыццём. Потым там быў нейкі невялікі канфлікт, ёй не дазволілі працаваць у зручным абутку, у красоўках, і пасля гэтага яе перавялі на падразальшчыцу нітак», — кажа Генадзь.
Наталля піша ў лісце, што ёй падабалася ачышчаць вырабы ад вытворчага смецця і ставіць кнопкі.
«Шыць, увесь час сядзець на крэсле, гэта не для мяне. Я буду выконваць працу, якая ў мяне ёсць (смайлік)».
Потым Наталля сказала, што яе зноў пасадзілі за швейную машынку, яна шые поліэтыленавыя мяшкі, і гэтая праца ёй падабаецца.
«Адзінае, чаго яна не хоча, калі так раптам складзецца, гэта шыць абмундзіраванне для сілавікоў. Ад гэтага яна катэгарычна адмаўляецца. Пакуль невядома, як доўга яна будзе шыць тыя мяшкі. Пакуль усё больш-менш нядрэнна».
Аднак у чарговым лісце Наталля піша, што зноў шые на замову ад цывільнага прадпрыемства.
«Адчуваю, што наспявае канфлікт, бо форму для сілавых структураў я шыць не збіраюся па маіх перакананнях», — піша зняволеная.
Наталля працуе то ў другую, то ў першую змену, якая цягнецца ад 8 гадзіны да 14.30.
Паводле Генадзя, пасля змены даецца гадзіна, і ўсе ідуць у сталовую з кіпяцільнікамі, каб папіць кавы ці гарбаты. Але там утвараецца чарга, да таго ж Наталля пакуль не атрымала па пошце пасылку з уласным кіпяцільнікам.
«Яна пісала ў папярэднім лісце, што цягам тыдня пасля працы, маючы гэтую гадзіну, яна так і не змагла папіць кавы. Бо потым іх гоняць на прагляд ідэалягічнага відэа „Вектар“, там ім прамываюць мазгі», — кажа Генадзь.

Не дайшоў ліст з малюнкамі Наталлі

На харчаванне Наталля цяпер не скардзіцца, кажа, што яно палепшала пасля яе прапаноў начальніку калоніі. Прэпарат «Амега-3» Наталля мусіць адаслаць брату назад, каб ён зноў даслаў яго, але ў мэдычнай бандэролі.
Пасля месяца ў гомельскай калоніі Наталля змагла адзін раз трапіць у спартовую залю.
«Яна займалася спортам і сябе трымае ў форме. Ёй патрэбныя шпацыры і практыкаванні, тым больш што ў яе хворая спіна, яна яшчэ ў Швайцарыі перанесла аперацыю на пазваночніку. Таму такія размінкі і практыкаванні яна павінна рабіць штодня», — кажа Генадзь.
Раней на Акрэсціна Наталля малявала сваіх сукамерніц, а малюнкі дасылала на волю. Калі была яшчэ ў карантыне ў гомельскай калоніі, Наталля адаслала сяброўцы шмат новых малюнкаў у канверце А4.
«Гэты ліст недзе згубіўся. У адміністрацыі ёй сказалі, што ён адпраўлены на „Белпошту“. Але адрасат яго так і не атрымаў. Гэта для Наталлі самае крыўднае, бо там былі каштоўныя для яе малюнкі, — кажа брат. — Я думаю, што тут вінаватая адміністрацыя, якая палічыла немэтазгодным адпраўляць, бо наша ж пошта працуе як гадзіннік».

«Ні пра якія прашэнні аб памілаванні нават не можа быць гаворкі»

Генадзь напісаў Наталлі, што з 14 красавіка ў Беларусі ўводзіцца інстытут паручальніцтва пры памілаванні асуджаных. Наталля на гэта адказала ў лісце: «Генадзь, ты што, пра якое памілаванне ідзе гаворка? Я не збіраюся гэта рабіць і вам усім забараняю. Ні пра якія прашэнні аб памілаванні нават не можа быць гаворкі. Я гатовая сядзець два з паловай, але ніякага прашэння аб памілаванні яны ад мяне не дачакаюцца. Генадзь, не спрабуй мяне ўгаворваць».
«Памілаванне — гэта азначае прызнанне сваёй віны альбо цалкам, альбо часткова. Яна наогул не прызнае сваёй віны ні цалкам, ні часткова. Яна лічыць прысуд абсалютна палітычна матываваным», — кажа Генадзь.
«Веру я не збіралася губляць. Без яе мне проста ніяк нельга, — піша Наталля. — Мне спадабаўся выраз з Бібліі, які я часта выкарыстоўваю: „Бітву пачаў Бог, а ён даводзіць пачатае да канца“».
Наталлю Хершэ 7 снежня пакаралі двума з паловай гадамі зняволення паводле абвінавачання ў супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу). 19 верасня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуду яна павінна выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала.