У Гомелі пачаўся суд над даверанымі асобамі Ціханоўскай. Іх абвінавачваюць у «захопе выканкама»
Сёння ў Гомелі пачаўся разгляд справы давераных асоб Святланы Ціханоўскай, якіх, апроч іншага, абвінавачваюць у «захопе выканкама». На пасяджэнне змаглі трапіць толькі журналісты дзяржСМІ. Гомельскае выданне «Сильные новости» распавяло, як прайшоў першы дзень суда.
Давераных асоб Святланы Ціханоўскай Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова, Таццяну Канеўскую і Аляксандра Шабаліна абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Акрамя ўсяго іншага, яны праходзяць па справе аб «захопе выканкама».
Следства доўжылася больш за сем месяцаў. Увесь гэты час падследныя знаходзіліся ў Мінску — у СІЗА-1, Пасля завяршэння расследавання іх этапавалі ў Гомель.
Дзмітрыя Івашкова, Аляксандра Шабаліна і Таццяну Каневскую абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Падрыхтоўка да злачынства», «Захоп будынкаў» і «Удзел у масавых беспарадках». Юрыя Уласава абвінавачваюць па тых жа артыкулах, плюс «Публічная абраза прадстаўніка ўлады».
«Сильные новости» пагаварылі з сынам палітзняволенай Таццяны Канеўскай Аляксеем. Яму адзінаму з усёй вялікай сям'і Таццяны ўдалося трапіць на сённяшняе судовае пасяджэнне. Вось што ён распавёў.
«Мы ўсёй сям'ёй прыйшлі на пасяджэнне, каб убачыць маму. У нас жа не было аніводнага спаткання з ёй на працягу сямі месяцаў. У выніку ў залу трапіў толькі я. Бацьку не прапусцілі, паколькі ён выступае сведкам па справе. Малодшага брата таксама: ён непаўналетні. З двух братоў дазволілі ўвайсці толькі мне. Пры ўваходзе ў залу нас папрасілі пакінуць тэлефоны ў ячэйках. Чамусьці гэтае патрабаванне распаўсюджвалася толькі на сваякоў. Іншыя людзі, якія прыйшлі на пасяджэнне, сядзелі з тэлефонамі ў руках.
Усе вольныя месцы ў зале суда былі занятыя моцнымі мужчынамі. Нікога з іх ніколі раней не бачылі ні мы, ні нашы блізкія, якіх сёння судзяць.
Былі заслуханыя паказанні пацярпелых. Калі яны ўсталі, па зале прайшоў гул здзіўлення: настолькі буйнымі і атлетычна складзенымі яны нам здаліся. Пацярпелыя пажадалі даваць паказанні без прысутнасці іншых людзей у зале. Суддзя задаволіў іх просьбу.
Перапынак паміж пасяджэннямі суддзя вырашыў не рабіць.
Дадам, што мама — малайчына, трымаецца вельмі добра і спакойна. Зрэшты, я ў гэтым не сумняваўся».
Нагадаем, абвінавачанні, выстаўленыя супраць давераных асоб Ціханоўскай, грунтуюцца, у тым ліку, на відэаматэрыялах, паводле якіх яны планавалі захоп адміністрацыйных будынкаў у Гомелі і іншыя актыўныя дзеянні. Пасля таго, як СК апублікаваў гэты відэазапіс, Святлана Ціханоўская ў сваім каментары заявіла, што прадэманстраваны відэаролік з'яўляецца змантаванай нарэзкай: яна заўсёды выступала за выключна мірны характар пратэстаў, калі такія пачнуцца.