Аляксандр Фядута арганізаваў у няволі «турэмны ўніверсітэт»

15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменнікаў у зняволенні, Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтр абвесцяць лаурэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Сёння «Свабода» друкуе новы партрэт літаратара, які працягвае творчасць за кратамі.

c3410000_0aff_0242_ead5_08d9a2bee173_w1023_r1_s.jpg

Літаратуразнаўца, паліттэхнолаг, эсэіст, паэт

Трэцяга лістапада Аляксандру Фядуту споўнілася 57. Гэты дзень, як і ўсе папярэднія за амаль паўгода, ён правёў за турэмнымі кратамі.

Аляксандр Фядута нарадзіўся ў Горадні, там жа вучыўся і працаваў настаўнікам пасля заканчэння ўніверсітэта. У 1991-м заняўся камсамольскімі справамі, займаў пасады сакратара ЦК ЛКСМБ у пытаннях студэнцкай моладзі, першага сакратара ЦК Саюза моладзі Беларусі. Быў актывістам у камандзе Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. Праз некалькі месяцаў перайшоў у апазіцыю.

Аўтар кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» (выйшла ў расійскім выдавецтве «Референдум» у 2005 годзе).

У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 года працаваў у штабе Уладзіміра Някляева. 20 снежня 2010-га быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўвязнены ў адзіночную камеру СІЗА КДБ. Праз пяць месяцаў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. На волю Аляксандр Фядута вынес рукапіс кнігі «Американские стихи», якая ў 2012-м была выдадзена ў Берліне (Прэмія імя Францішка Аляхновіча, 2014).

12 красавіка 2021 года яго затрымалі ў Маскве. Абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), якая прадугледжвае пакаранне пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.

У зняволенні Аляксандр Фядута, паводле ягонае жонкі Марыны Шыбко, наладзіў сапраўдны турэмны ўніверсітэт для сукамернікаў. Яны чытаюць і перачытваюць класіку, а потым слухаюць лекцыі доктара філалогіі Аляксандра Фядуты і разам з ім абмяркоўваюць прачытанае. Такія штудыі ўжо прайшлі па «Майстру і Маргарыце» Міхаіла Булгакава, «Вайне і міры» Льва Талстога, некаторых еўрапейскіх гістарычных раманах.

Жанр гістарычнага рамана спадара Фядуту цікавіць у звязку з ягонай цяперашняй працай над кнігай асэнсавання ролі і значэння «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча ў кантэксце сучасных падзеяў у Беларусі, паведаміла Марына Шыбко.

«Гэта папулярныя артыкулы-развагі пра галоўных герояў рамана, ягоныя тэмы і сэнс «Каласоў...» Усяго аўтар задумаў напісаць 50 такіх эсэ. Гатовыя ўжо 40. Перадаць на волю напісаныя тэксты ён меркаваў праз следчага ці адваката. Аднак пакуль што ніводнага сшытка мне не перадалі і невядома, калі перададуць», — сказала спадарыня Марына.

У лістах да яе Аляксандар Фядута расказаў, што ва ўступным эсэ дае свае адказы на пытанне, чаму лічыць «Каласы пад сярпом тваім» самай важнай беларускай кнігай ХХ стагоддзя і чаму гістарычны раман з'явіўся ў нашай літаратуры са спазненнем; як ён звязаны з расійскай літаратурай і як упісаны ў кантэкст еўрапейскай традыцыі гістарычнага рамана.

З саміх тэкстаў Аляксандра Фядуты праз турэмныя краты не прарвалася ніводнага ягонага завершанага мастацкага ці літаратуразнаўчага твора. Выключэнне складаюць жартоўныя малюнкі і кароткія сур’ёзныя жыццёвыя высновы зняволенага літаратара. Адна з іх: «Свабода ўнутры нас».

Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з «Радыё Свабода». Яе прысвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883-1944), аўтару кнігі «У капцюрох ГПУ».

У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя:

2013: Ігар Аліневіч

2014: Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фелікс Пекер, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп

2017: Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў і Леанід Пятрэнка

2018: Аляксандр Лапшын, Уладзімір Някляеў, Вольга Мікалайчык

2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін

15 лістапада — Дзень пісьменнікаў у зняволенні

15 лістапада Міжнародны ПЭН-клуб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменнікаў у зняволенні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменнікаў і журналістаў, якія зазнаюць пераслед у выніку ажыццяўлення свайго права на свабоду выказвання. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасць насельніцтва аб несправядлівым зняволенні і іншых формах агрэсіі ў дачыненні да пісьменнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасць са зняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменнікі ў зняволенні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клубу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў свеце было забіта больш за 35 пісьменнікаў.