Арцём Шрайбман: Трыгераў для страйкавага руху я не бачу (відэа)
Па Беларусі пракацілася чарговая хваля рэпрэсій у дачыненні да рабочых. Па справе «Рабочага руху» затрымалі не менш за 13 чалавек. Іх падазраюць у здрадзе дзяржаве і экстрэмізме. Аналітык Арцём Шрайбман тлумачыць «Свабодзе», чаму рабочых прызнаюць экстрэмістамі.
Я думаю, што КДБ трэба дэманстраваць актыўнасць, і яны чапляюцца за кожную нагоду. Паколькі рэальнай змовы і спробаў правесці дзяржпераварот няма, яны іх вынаходзяць. Відавочна, яны ўчапіліся за гэтую нагоду з перадстрайкавым станам, каб раскруціць новую шпіёнскую змову. Тут яны абвінавачваюць рабочых у тым, што тыя нібыта хацелі перадаваць сакрэты на Захад сваім куратарам.
Чаму гэта робяць спецслужбы? Таму што гэта стала іх працай — вырабляць такія вось раскрытыя сакрэты, змовы і аперацыі заходніх ворагаў. Не ўпэўнены, што гэта мела пад сабой нейкія рэальныя падставы, таму што агульнае ўспрыманне перадстрайкавага стану было вельмі скептычнае, бо ніхто не бачыць перадумоваў на беларускіх прадпрыемствах для таго, каб адбылася новая хваля забастовак.
Няма ніякіх прыкметаў, каб забастоўка цяпер была на парадку дня. Тых, хто быў да гэтага схільны, у жніўні-верасні звольнілі ці нават выцеснілі з краіны. Адпаведна, актыў вельмі парадзеў за гэты час. З іншага боку, я ўяўляю дзве патэнцыйныя падставы для страйку: эканамічную і палітычную. Палітычная — калі людзі пратэстуюць супраць нейкай абуральнай падзеі, што было ў 2020 годзе: катаванні, фальсіфікацыя выбараў. Тады людзі выйшлі на некаторых заводах на пратэсты і страйкі. Цяпер жа падобных прычын няма, трыгераў для страйкавага руху я не бачу.
З іншага боку, эканамічна сёння некаторыя беларускія прадпрыемствы знаходзяцца ў сур'ёзным стане, але павальна па краіне мы не бачым катастрафічнага абвалу, крызісу, які быў бы дастатковым, каб людзі пакідалі свае інструменты, павыходзілі з цэхаў, рызыкнулі сваім дабрабытам і пайшлі пратэставаць. Таму пакуль або тое, або іншае не зменіцца, я не бачу перадумоў да здырыгаванага з-за беларускай дыяспары страйку.
Звычайна, калі арганізацыю прызнаюць экстрэмісцкай, людзі баяцца мець з ёю справу. Дакладней, такая задумка. Я не ведаю, наколькі хто сапраўды гэтага баіцца. Здаецца, у выпадку з «Рабочым рухам» рызыкі як былі велізарныя да прызнання яго экстрэмісцкім, так і засталіся. Увогуле, улады лічаць, што, прызнаўшы нешта экстрэмісцкім, яны не тое каб гэта забаранілі, а хутчэй правялі санітарны кантроль. Я не думаю, што гэта мае нейкае значэнне, калі асноўны актыў «Рабочага руху» і так арыштаваны.