«Амерыканцам патрэбна было шоу — яны яго атрымалі». Арцём Шрайбман — пра інтэрв'ю Лукашэнкі на CNN

Навошта Лукашэнку размаўляць з амерыканскім тэлеканалам і ці можа гэта інтэрв'ю паўплываць на стаўленне да яго на Захадзе? Аналітык Арцём Шрайбман пра тое, чаму скептычна ставіцца да такога фармату.

__bun_nn_20200228_5738_qz13h_47fve.jpg

На CNN інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам выйшла 1 кастрычніка — у эфір пусцілі толькі 7-хвілінны ролік, адзначае «Наша Ніва».

«Можна нямала пунктаў знайсці для крытыкі ў адрас Лукашэнкі, але, шчыра кажучы, ніколі не стаў бы яго крытыкаваць за тое, што ён баіцца вострых пытанняў на прэс-канферэнцыі ці інтэрв’ю, — заўважае Арцём Шрайбман. — Наколькі разумею, Лукашэнка ў прынцыпе адчувае сябе камфортна, калі з ім уступаюць у палеміку яго гэта таксама заводзіць. Яму, мне падаецца, гэта нагадвае пра 1990-я, калі ён мог у парламенце рубіцца з іншымі дэпутатамі.

Таму я думаю, што ён нават своеасаблівае задавальненне атрымлівае ад самога працэсу — што да яго можа прыехаць ідэйны вораг, і ён яго ў сваіх вачах, у вачах сваёй аўдыторыі «ўдзелае».

Ён, вядома, больш у кантэксце, заўсёды можа сказаць, што ўсё вы хлусіце і гэта фэйкі, і не зможа журналіст адразу ў студыі пакласці доказы катаванняў — ён заўсёды будзе ў пройгрышным становішчы.

Лукашэнка шматразова даваў інтэрв’ю заходнім СМІ. Таму нічога выбітнага ў сённяшнім я не бачу.

Ну і плюс палітычны пасыл. Ён жа часта размаўляе з журналістамі ў такім рэчышчы: вы наёмнікі вашых гаспадароў, але ў вас ёсць аўдыторыя, да якой я магу дагрукацца. І ён лічыць, у добрай савецкай традыцыі, што на Захадзе ёсць варожы ўрад, а звычайны народ з ім. Таму трэба звяртацца да іх праз варожыя каналы.

У мяне скептычнае стаўленне да тэлеканала CNN. У прынцыпе, амаль усе амерыканскія тэлеканалы жывуць у свеце сваіх наратываў. У іх ёсць успрыняцце Лукашэнкі: былы калгаснік, дыктатар, нейкі дзіўны вусаты чалавек з Усходняй Еўропы, які саджае самалёты і б’е людзей. Што б ён ні сказаў, адмаўляў бы факты ці не, паабяцаў бы сысці ці не, яго ўсё адно ўкладуць у гэту фабулу і так і пададуць.

Таму мала тут залежыць ад самога інтэрв’ю. Вядучыя, якія робяць нарэзку, характарызуюць яго да і пасля інтэрв’ю — яны зробяць усю працу, скажуць гледачу, як ён павінен ставіцца. Не хочацца займаць пазіцыю беларускай прапаганды і крытыкаваць CNN, але калі мы пераключымся з Беларусі, CNN унутры ЗША — даўно ідэалагізаванае СМІ, якое працуе на падтрыманне тых настрояў, якія даюць яму аўдыторыю. З Лукашэнкам будзе тая ж гісторыя.

Я сумняюся, што ў кагосьці пра яго зменіцца меркаванне. Інтэрв’ю проста будзе падтрымліваць той вобраз усходнееўрапейскага ізгоя, які ў яго быў дагэтуль».

На пытанні пра катаванні Лукашэнка адказвае, што гэта фэйкі і фантазіі. У поўнай версіі інтэрв’ю, калі згадваецца забойства чалавека ў першыя дні выбараў (верагодна, размова пра Аляксандра Тарайкоўскага), заяўляе, што «чалавек падняў святлошумавую гранату, спрабаваў кінуць у сілы правапарадку і быў паранены». Такой напачатку была афіцыйная версія. Ці значыць гэта, што Лукашэнка працягвае жыць у інфармацыйным пухіры, прыемным яму?

«Я дапускаю, што па некаторых пытаннях Лукашэнку як данеслі нейкі адзін пункт гледжання, так ужо і не панеслі абвяржэнне. Гісторыя з Тарайкоўскім усё ж знакавая — думаю, там цалкам усё адрапартавалі. Магчыма, ён не ў курсе, што людзі ведаюць і што Следчы камітэт прызнаў — нічога ў руках не было.

У гэтым уся сутнасць і недасканаласць гэтага фармату інтэрв’ю, такога драматургічнага спектаклю, якім з’яўляюцца інтэрв’ю амерыканскага тэлебачання.

Бо ў журналіста няма магчымасці выкарыстаць метады, як з амерыканскімі палітыкамі, якія мусяць адказваць за свае словы — калі яны адкрыта хлусяць, ім гэта выльецца ў скандал сярод выбаршчыкаў.

З-за таго, што з Лукашэнкам і з іншымі аўтакратамі, Пуціным напрыклад, нічога падобнага не працуе, яны могуць называць усё што заўгодна фэйкамі і ім будзе няважна, што гэтыя фэйкі ўскрыюцца замежнай аўдыторыі. Праз гэта журналіст аказваецца імпатэнтны — ён нічога не можа зрабіць.

Я сумняюся, што за 27 год Лукашэнка не навучыўся адбіваць насамрэч нязручныя пытанні, якія маглі б завесці яго ў нейкую ганьбу. Сумняюся, што ён не адчувае такіх момантаў, каб яго так проста было злавіць чалавеку, які не ў кантэксце. Таму я скептычны адносна такіх фарматаў.

Амерыканцам патрэбна было шоу — яны яго атрымалі ў нейкім выглядзе. Лукашэнка вырашаў свае задачы, асабістыя ці палітычныя. Каб штосьці з гэтага змянілася ў Беларусі ці на Захадзе… Напэўна, Лукашэнка павінен быў страціць кантроль над сабой, пачаць хаміць у адрас заходніх лідараў, пагражаць — тады гэта магло б стаць такім фактарам».