Артур Міхальскі: Вызваленне ўсіх палітвязняў павінна быць часткай змен у Беларусі
Вызваленне ўсіх палітвязняў застаецца прынцыповым пытаннем для пачатку дыялогу з беларускімі ўладамі. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю Reform.by амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
Паводле яго слоў, сапраўдны дыялог павінен пры гэтым ісці паміж самімі беларусамі, а не паміж Мінскам і Еўропай, іншымі краінамі.
«На жаль, з тэрыторыі Беларусі была здзейснена агрэсія ў дачыненні да Украіны. Гэта адбылося зусім відавочным спосабам. Не ведаю, як гэта можна аспрэчыць або нівеліраваць. Але заўсёды існуе пытанне ступені адказнасці. Заўсёды можна ўдзельнічаць больш ці ўдзельнічаць менш. Так ці інакш, каб неяк вырашыць гэтую вельмі цяжкую сітуацыю, Лукашэнка павінен прадэманстраваць вельмі глыбокія змены, якія былі б у інтарэсах беларускага грамадства», — сказаў пасол
На яго думку, часткай гэтых зменаў павінна быць вызваленне палітвязняў. «Вызваленне ўсіх палітвязняў павінна быць часткай гэтых зменаў. Яшчэ адной часткай гэтых пераменаў павінна быць права голасу для тых, хто гэтых пераменаў дамагаецца і плаціць за гэта страшную цану, у тым ліку і тыя, хто вымушаныя былі бегчы ад пераследаў. Іншымі словамі, сапраўдны дыялог павінен адбыцца паміж самімі беларусамі. Гэта важна разумець, таму што ёсць жаданне неяк спрасціць задачу ці “пераскочыць” гэты пункт. Беларуска-еўрапейскі дыялог ці дыялог Беларусі з іншымі краінамі — зусім другарадная задача. Неабходны ўнутрыбеларускі дыялог. Галоўная размова павінна адбыцца паміж беларусамі», — сказаў ён.
Амбасадар таксама пацвердзіў, што паміж Мінскам і Варшавай захоўваюцца дыпламатычныя кантакты, але назваць іх дыялогам нельга.
Ён падкрэсліў, што Польшча ад самага пачатку дамагаецца вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку і актывістаў Саюза палякаў.
«Польшча з самага пачатку дамагаецца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Таму што ў турмах сядзяць невінаватыя людзі. Гэта сумленныя, смелыя, разумныя людзі, якія маглі быць моцным бокам беларускага грамадства. Бо гэта людзі, якія любяць сваю радзіму. Яны сапраўды яе любяць, калі гатовыя былі пайсці на такую рызыку і заплаціць такую цану. Сярод іх ёсць і прадстаўнікі польскай меншасці. Анжаліцы Борыс нядаўна была змененая мера стрымання на хатні арышт, і яна знаходзіцца ў значна лепшых умовах. Анджэй Пачобут застаецца за кратамі разам з больш за 1200 палітвязнямі, колькасць якіх пастаянна расце. Для нас пытанне польскай меншасці мае фундаментальнае значэнне ў Беларусі, і мы глядзім на яго як на інтэгральную частку беларускага грамадства. І яно пакутуе гэтак жа, як астатняе беларускае грамадства. Вядома, так быць не павінна», — сказаў Міхальскі.