Журналіста Юрыя Ганцарэвіча прызналі палітвязнем

Праваабаронцы сёння, 12 траўня, прызналі журналіста Юрыя Ганцарэвіча палітычным зняволеным і выступілі з адмысловай заявай

hancarevicz.jpg

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Юрыя Ганцарэвіча палітычным зняволеным

Журналіст “Intex-press” Юрый Ганцарэвіч быў затрыманы 27 красавіка па адміністрацыйнай справе. 29 красавіка яго асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Прыкладна праз тыдзень пасля затрымання журналіста, у праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся фрагмент відэа з яго допыту і інфармацыя наконт прычын затрымання Ганцарэвіча. Журналіст нібыта фатаграфаваў расійскую ваенную тэхніку і адпраўляў здымкі ў СМІ, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.

6 траўня Ганцарэвічу было прад'яўлена абвінавачанне паводле ч. 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Пасля прад'яўлення абвінавачання Юрыя Ганцарэвіча перавялі з ІЧУ ў СІЗА № 6 у Баранавічах.

Праваабаонцы адзначаюць: ”Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Юрыя Ганцарэвіча з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова”.

Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Юрыя Ганцарэвіча і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу; адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды. А таксама неадкладнага спынення рэпрэсій ды вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.