Асобная думка. Калі ўсплывае муць
Забарона некаторых аўтараў і іх кніг — самая яркая прыкмета таго, што будучыня ўжо тут.
Я часта купляю кнігі — тыя, што патрэбны мне ў дадзены момант, і тыя, што будуць чакаць свайго часу. Яны — найкаштоўнейшы мой набытак, і менавіта пра іх я клапачуся ў першую чаргу пры пераездах, усялякіх магчымых форс-мажорах і планаванні будучыні.
У маім асяроддзі амаль няма людзей, якія б не разумелі, што я маю на ўвазе. «З кім пазнаешся, такім і сам станешся» — кажуць у народзе, і гэта працуе ў абодва бакі: людзі, якіх выбіраю я, і людзі, якія выбіраюць мяне, вельмі часта супадаюць у поглядах. Не заўсёды, але сярэдняя тэмпература па бальніцы прыкладна такая. Ёсць адзінкавыя выпадкі, калі ўзнікаюць пытанні — і часцей за ўсё на тым баку аказваецца індывід, які не прачытаў ні адной кнігі за ўсё сваё жыццё, ён глядзіць тэлевізар, заангажаваны ў расійскую культурную прастору і лёгка паддаецца прапагандзе. З такімі людзьмі мы з цягам часу разыходзімся, як у моры караблі. Ці вынаходзім спосаб суіснавання — калі, да прыкладу, гэта сваякі, якіх так проста за спадарожным ветрам не адправіш.
Яны не ведаюць, пра што са мной размаўляць — надта розныя ў нас інтарэсы, погляды і пазіцыі. Я магу салаўём разлівацца пра вялікі геній Караткевіча і ўнікальнасць яго прозы, на якой выраслі цэлыя пакаленні беларускіх патрыётаў, а мне ў адказ прыляцяць словы Гігіна пра тое, што «Каласы пад сярпом тваім» неяк не так «фарміруюць гістарычную памяць».
Увогуле тэндэнцыя шукаць «не такіх» аўтараў сярод корпуса той ці іншай літаратуры, забараняць кнігі ці, як гэта неаднаразова бывала ў гісторыі сусветнага мастацтва слова, ладзіць судовыя працэсы над творамі — самая яскравая прыкмета таго, што «суддзі» не паспяваюць за часам. Новае ўжо не проста стаіць на парозе — яно прыйшло і ўпэўнена займае прастору сучаснасці, а старое яшчэ не падрыхтавалася да сыходу, не зразумела, як імкліва праляцела адведзенае яму жыццё, бязглузда змарнаванае чапляннем за прывідаў.
Можна бясконца корпацца ў мінулым, шукаць там генацыд народа, русафобію, буржуазныя «гнілыя» каштоўнасці і гэтак далей — сутнасць ад гэтага не зменіцца: спыніць час немагчыма. Немагчыма было перакрыць дарогу «Улісу», «Тропіку Рака», «1984» і іншым творам, што былі забаронены ў свой час з тых ці іншых меркаванняў і перажылі не толькі саміх аўтараў і цэнзараў, але і многія пакаленні пасля іх.
Беларусь узору 2023 года ўяўляе сабой якраз такую лінію фронту, на якой сутыкнуліся розныя часавыя пласты. Мінулае праз адсутнасць іншых рычагоў уплыву спрабуе зачапіцца за рэальнасць драпежнымі кіпцюрамі, а будучыня яшчэ настолькі няўпэўненая ў сабе, што маўкліва чакае, пакуль агрэсар выдыхнецца сам.
Што сказаць, з аднаго боку, курам на смех гэтыя спробы ідэолагаў стварыць выкрышталізаваную лукашэнкаўскую Беларусь, сучасны «Паўночна-Заходні край», у якім ніколі не было іншага вектара руху, акрамя як да «старэйшага брата». А з іншага, зусім нясмешна, калі ўлічыць, што нашы веды пра гісторыю, геаграфію, культуру роднай зямлі і іншых зямель закладваюцца ў школе — і мала хто ў дарослым жыцці дае сабе рады напружваць мозг і правяраць на правільнасць параграфы школьных падручнікаў.
У пэўным сэнсе цяпер закладваецца на будучыню інтэлектуальны правал, цяжкапераадольны канфлікт пакаленняў з рознымі карцінамі свету і верай у розных «багоў». Супрацьстаяць гэтаму, як і раней, можна толькі асабіста, ствараючы дома для дзяцей альтэрнатыву ідэалагічным наратывам устаноў адукацыі. А гэта значыць, што ў кожнай беларускай сям'і, дзе не ўсё адно на будучыню, павінны быць і «Каласы пад сярпом тваім», і «Сялянка» («Ідылія»), «Пінская шляхта», Багушэвіч, Сыракомля, Багдановіч, Купала, Быкаў, Адамовіч і іншыя беларускія аўтары, якія пісалі пра Беларусь, стваралі яе аблічча, рабілі яго пазнавальным. Абавязкова дзеці павінны ведаць і чытаць нашых нобелеўскіх лаўрэатаў, якім не проста так дасталася такая высокая ўзнагарода. Абавязкова — сучасных творцаў, якія на ўласнай скуры выпрабоўваць тое, што потым стане радкамі і сюжэтамі.
Цяпер такі час, калі маральныя паняцці дэвальвуюцца з хуткасцю святла, падмяняюцца сваімі супрацьлегласцямі і выдаюцца за ісціну ў апошняй інстанцыі. Гэта час, калі ўсплывае муць і самая дробная драбяза аказваецца на паверхні, на галаву вышэй за сутнаснае і істотнае. Варта памятаць, што законы фізікі не працуюць толькі ў чорных дзірках, а значыць рана ці позна ўся гэтая муць пойдзе туды, дзе яе спрадвечнае месца. Наша задача — не страціць істотнае, захаваць сутнасць і, нягледзячы ні на што, перадаць яе далей — туды, дзе паболей паветра. Туды, дзе свабодна.