Асуджаныя па «пінскай справе» адмаўляюцца пісаць просьбы Лукашэнку аб памілаванні

Сваякі пакараных па справе аб масавых беспарадках у Пінску расказалі «Свабодзе» пра ўмовы іх утрымання ў калоніях і патрабаванні судовых выплатаў. Большасць апытаных кажа, што іх асуджаныя сваякі не падаюць духам і адмаўляюцца пісаць лісты на адрас Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні.

6a488de7_d2b6_4630_b76f_0218906ce811_w650_r0_s.webp

Ужо 24 асобы асуджаныя ў так званай «пінскай справе». Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у ноч на 10 жніўня 2020 году, усім прысудзілі ад 4 да 6,5 года зняволення.

Цяпер першая частка асуджаных фігурантаў ужо ў калоніях. Другая — у чаканні апеляцыйнага суду. «Свабода» даведалася апошнія навіны ад некаторых асуджаных.

«Яшчэ працягваецца судовы працэс, а нам ужо арыштоўваюць маёмасць»

Таццяна Собалева, маці 19-гадовага фаната ФК «Хваля» Алега Рубца (асуджаны 30 красавіка на 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму) расказала пра зняволенага сына:

«Усё ўжо, паехалі па калоніях. Некаторых ужо і па атрадах размеркавалі.

Атрымалі ад Алега пакуль толькі адзін ліст. Піша, што этап доўжыўся 10 дзён. Пачаўся 16 ліпеня, і толькі 27-га Алег прыбыў у калонію ў Наваполацку.

Невядома пакуль, кім ён працуе. Пісаў толькі, што яму неабходна выслаць нейкія дакументы. Настрой у яго добры і бадзёры. Атрымаў ліст ад Васкрасенскага (ліст з заклікам пісаць прашэнні аб памілаванні). Але сказаў, што назад яго адправіў з такім змесцівам, якое наўрад ці яму спадабаецца. Адным словам, Алег адмовіўся. Сказаў: «Прасіць памілавання не лічу патрэбным».

Нядаўна нам прыйшоў дакумент, у якім паведамлялася, што пазоў варта пагасіць на працягу 7 дзён (фігуранты «пінскай справы» павінны выплаціць каля 200 тысяч рублёў кампенсацыі сілавікам і чыноўнікам). Пазней да яго прыйшла папера аб тым, што сплаціць суму трэба ўжо з моманту ўручэння дакумента асуджанаму ў калоніі. Як толькі хлопцы атрымаюць яго на рукі, у іх будзе лічыцца запазычанасць. Ці будзе яна з часам павялічвацца або пералічвацца, не ведаю. Нам і адвакаты гэтага не могуць сказаць. Неардынарная і казусная сітуацыя атрымліваецца. Яшчэ працягваецца судовы працэс, а нам ужо нешта прад’яўляюць, выстаўляюць і арыштоўваюць маёмасць.

Адвакаты раяць пачакаць з выплатай. Да нас жа дадалося яшчэ 10 асуджаных фігурантаў другой групы (6 ліпеня суддзя Вера Філонік прысудзіла чарговым фігурантам ад 4 да 5,5 года зняволення), і будуць яшчэ новыя. Таму зараз пазоў дзеліцца на ўсіх асуджаных. Выплаціць трэба ў салідарным парадку. Фонд даў платформу нам на збор, але збіраліся сродкі, так бы мовіць, са скрыпам. Але мы і за гэта ўдзячныя.

Пакуль нам вядома толькі тое, што з прычыны пазоваў хлопцам зрэзалі магчымасць атаварвацца — замест пяці базавых могуць закупляць неабходныя рэчы на дзве. Таксама да нас прыходзілі судовыя выканаўцы наконт спагнання судовых выдаткаў (9611 рублёў). У каго была ўпісана ў справу арыштаваная маёмасць, то яе канфіскавалі ў даход дзяржавы. Такія непрыемныя моманты.

Сказалі таксама, што з усіх хлопцаў будуць спаганяць да 50 працэнтаў заробку ў кошт пагашэння пазоваў. Дапамагчы іх пагасіць добраахвотна ў нас няма магчымасці. І, шчыра кажучы, жадання таксама. Пазоў па кампенсацыі маральных пакут нашых мясцовых міліцыянтаў хлопцы не прызналі. І мы з імі салідарныя абсалютна. Але ён вісіць воблакам над асуджанымі.

Умоўна-датэрміновага вызвалення ў іх быць не можа, і плюс яны ж усе паехалі з прафілактычным улікам, які ў калоніі вельмі складана зняць. Але хлопцы не сумуюць, нават нас яшчэ падбадзёрваюць. Ніхто не падае духам».

«Сказаў, што памілавання прасіць не будзе»

Кацярына Рагашчук, сястра 36-гадовага бацькі трох дзяцей Вячаслава Рагашчука (асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму) расказала пра зняволенага брата:

«Звон у галаве застаўся (пасля затрымання Рагашчука білі тры дні, сам Вячаслаў раней пісаў у лістах, што ў ізалятары яму дыягнаставалі кровазліццё, страсенне мозгу, або траўму галавы ці мікраінсульт). Ніхто яго да гэтага часу не лячыў. Праўда, калі Славіка перавялі ў Івацэвічы ў калонію, то яму аддалі ўсе прэпараты, якія мы дасылалі за ўвесь час — і вітаміны, і супрацьвірусныя. Гэта значыць, у СІЗА іх не давалі, а перад этапам усё-ткі вярнулі.

Жонцы тэлефанаваў у мінулую пятніцу, якраз у першыя дні, як выйшаў з карантыну. У такіх тэлефонных размовах нельга ж падымаць пэўныя тэмы, таму ён так завуалявана спытаў: «Ну што там чуваць?» А яна: «Нічога не чуваць». І цішыня. Потым Слава адказаў: «Мм, зразумела». Знерваваўся, вядома. А так сказаў, што ніякага памілавання прасіць не будзе. Колькі трэба будзе, столькі і адседзіць.

Яму прапанавалі працу сталяра і швачкі. Адносіны ў калоніі, сказаў, нармальныя. Ён у адным атрадзе з хлопцам з Гродна, які асуджаны па 364 артыкуле КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Яны ўвесь час падтрымліваюць адзін аднаго.

Задаволены, што нарэшце перавялі ў калонію. Раней часта казаў: «Хутчэй бы павезлі, таму што немагчыма сядзець пастаянна ў чатырох сценах і выходзіць на шпацыр на 10-15 хвілін у дзень, і тое не заўсёды». Таму цяпер яму, вядома, лепш. Калонія знаходзіцца ў лесе, таму заўсёды свежае паветра».

«Сукамернікі амаль страцілі веру ў тое, што хутка выйдуць»

Анастасія Колб, дачка 54-гадовага інваліда 3-й групы Валянціна Колба, у якога пасля затрымання здарыўся сардэчны прыступ (асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), расказала пра зняволенага бацьку:

«Зараз тату перавялі ў Баранавічы, чакае апеляцыйнага суду. Адчувае сябе нармальна, піша кожны тыдзень. Яго сукамернікі ўжо амаль страцілі веру ў тое, што хутка выйдуць. Хтосьці напісаў Васкрасенскаму ў надзеі на памілаванне, але тату ягонае сумленне не дазваляе».

«Перажываю, што ў калёніі яму будзе кепска»

Таццяна, жонка 43-гадовага актора Палескага драмтэатру, валанцёра Сяргея Волкава (асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму), расказала пра зняволенага мужа:

«Ён добра настроены. Так трымаецца, бадзёрыцца. Піша ў лістах: «Як заўсёды, сыты, паголены, задаволены». У яго няма ні хвіліны вольнага часу. Заўсёды нешта робіць, чытае, вывучае іспанскую мову. Ён у нас дзейны чалавек, у гульні гуляе: у «Мафію», шахматы.

Усе нармальна. Не падае духам. 13 ліпеня я і мой 14-гадовы сын былі на спатканні з ім, яшчэ ў Брэсце. Тады даведаліся, што ён у нейкай «анархічнай камеры» сядзеў, як ён яе назваў. Сказаў: «З прычыны ўзаемнай любові з органамі».

Пазовы плаціць ён не будзе, і вы, сказаў, не плаціце, таму што я не вінаваты. Памілавання таксама прасіць не збіраецца. Сын перажывае, што не ўбачыць тату чатыры гады, тым больш такі ўзрост, таму хацеў бы, каб тата ўсё-ткі напісаў гэтае прашэнне.

Сяргея цяпер перавялі з Брэста ў Баранавічы. Чакае апеляцыі, а потым яго накіруюць у Шклоўскую калонію № 17. А там жа Вітольда Ашурка забілі. Я разумею, што Сяргей не такі дзеяч, так скажам, як Вітольд. Але тым не менш страшна. Перажываю, што там яму будзе дрэнна, што могуць прэсаваць».

«Усе яны хочуць свабоды. Толькі дзе яе ўзяць?»

Марыя Салавей, маці 38-гадовага сябра руху «За свабоду» Ігара Салаўя (асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму) расказвае пра зняволенага сына:

«Пазовы бацькі вырашылі не сплачваць, таму што не жадаюць карміць сістэму. А так забралі ў нас ноўтбук, ацанілі ў 500 рублёў, і мабільны тэлефон.

Ігара толькі ў нядзелю перавялі ў калонію ў Бабруйску. Казалі, што адна з найлепшых турмаў у Беларусі. Пакуль сядзіць на карантыне. Там Ігар разам з Богнатам (19-гадовы фанат ФК «Хваля», асуджаны ў «пінскай справе» на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму). Данік тэлефанаваў маме, казаў, што ўсё падабаецца. Форму далі, якраз па ім. На вуліцы свабодна гуляюць, без кайданкоў. У сталовай ядуць. Усе яны, вядома, хочуць свабоды. А дзе гэтую свабоду ўзяць? Невядома, калі яна з'явіцца.

Яны, усе чатырнаццаць, сказалі: «Якое памілаванне? Каяцца не збіраемся, адседзім колькі трэба». Нават слухаць ні пра якае памілаванне не хочуць. Ну, Ігар сказаў: «Калі хтосьці раптам захоча, то хай піша прашэнне. А асабіста я — не буду».