Двое асуджаных па «карагоднай» справе паспрабавалі ўцячы ва Украіну. Іх жорстка затрымалі

Двое асуджаных з пятай партыі па «карагоднай» справе паспрабавалі ўцячы ва Украіну, паведамляе дзяржТБ. Іх жорстка затрымалі, далі штраф па 4 тысячы рублёў і ўсё ж адправілі ў ПУАТ, паведамляе «Вясна».

Скрынншот з відэа

Скрынншот з відэа


АНТ распаўсюдзіла відэаролік, дзе фігуруюць жыхары Брэстчыны Аніскевіч Андрэй і Палхоўскі Ілля. Гэтых хлопцаў асудзілі па так званай «карагоднай» справе да паўтара і двух гадоў абмежавання волі адпаведна.
На відэа можна заўважыць, што хлопцам, якія ўжо ляжаць на зямлі, не менш чым два разы наносяць удары рукамі. Далей, трымаючы іх на зямлі і завёўшы рукі далёка за спінай, іх дапытваюць на камеру: «[Навошта незаконна перасякаў мяжу?] — Хацеў пазбегнуць пакарання. -— Карагоды вадзілі? — Стаяў побач, так», — адказаў Аніскевіч.
У роліку прадстаўнік памежнай службы Леанід Шкілевіч паведамляе, што затрыманых ужо аштрафавалі кожнага на 140 базавых велічынь (4 060 рублёў) «за спробу наўмыснага незаконнага перасячэння дзяржмяжы і за парушэнне памежнага рэжыму».
Прадстаўнік іншай дзяржструктуры — аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Брэстаблвыканкама — паведаміў таксама, што Аніскевіча і Палхоўскага этапуюць да месца адбыцця пакарання «ў парадку для асуджаных да пазбаўлення волі». 
***«Карагодную» крымінальную справу распачалі пасля мірнай акцыі пратэсту 13 верасня 2020 у Брэсце (тады людзі вадзілі карагод на скрыжаванні дарог, пасля чаго іх разагнаў вадамёт). У рамках гэтай справы на сённяшні дзень асуджаныя 69 чалавек, некаторым давалі пакаранне аж да калоніі. Колькі яшчэ збіраюцца асудзіць па гэтай справе, невядома, аднак яна ўжо самая масавая ў рэгіёне.