Азонавая дзірка над Антарктыкай працягвае расці. Але эксперты прагназуюць паляпшэнне
5 кастрычніка памер самай вялікай азонавай дзіркі ў атмасферы Зямлі дасягнуў свайго піку.
Азонавая дзірка ў Антарктыцы на мінулым тыдні дасягнула піку сваіх памераў трэці год — цяпер яна большая за Паўночную Амерыку і складае каля 26,4 мільёна квадратных кіламетраў. Але эксперты ў цэлым прагназуюць яе скарачэнне, піша «Associated Press».
Навукоўцы кажуць, што праз больш нізкія, чым звычайна, тэмпературы ў паўднёвым палярным рэгіёне на вышыні ад 12 да 20 кіламетраў над узроўнем мора, дзе знаходзіцца азонавая дзірка, саспелі ўмовы для хімічных рэчываў хлору, якія разбураюць азон.
«Агульная тэндэнцыя — паляпшэнне. У гэтым годзе трохі горш, таму што сёлета было крыху халадней, — сказаў галоўны вучоны Цэнтра касмічных палётаў імя Годарда NASA Пол Ньюман, які адсочвае разбурэнне азонавага слою. — Усе даныя кажуць пра тое, што стан азону паляпшаецца».
Паводле слоў вядучай спецыялісткі па азоне Сьюзан Саламон з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, просты погляд на максімальны памер азонавай дзіркі, асабліва ў кастрычніку, можа ўвесці ў зман:
«Разбурэнне азонавага слою пачынаецца пазней, і патрабуецца больш часу, каб дасягнуць максімальнай дзіркі, а ў верасні, які з'яўляецца ключавым месяцам для вывучэння аднаўлення азонавага слою, дзіркі, як правіла, меншыя».
Хлор і бром, якія знаходзяцца высока ў атмасферы, руйнуюць ахоўны азонавы слой Зямлі. Паводле слоў Ньюмана, халоднае надвор'е стварае аблокі, якія вылучаюць гэтыя хімічныя рэчывы. Чым халадней, чым больш аблокаў — тым большая азонавая дзірка.
Дзесяцігоддзі таму хімікі, якія вывучаюць атмасферу, заўважылі, што ўтрыманне хлору і брому ў ёй павялічваецца, і папярэдзілі пра масавае пашкоджанне ўраджаю, недахоп харчавання і велізарны рост захворвання на рак скуры, калі штосьці не будзе прадпрынята. У 1987 годзе свет стварыў Манрэальскі пратакол, які забараняў хімічныя рэчывы, што разбураюць азонавы слой.
Гэта павольны працэс, таму што адно з асноўных хімічных рэчываў, якія руйнуюць азон — CFC11, — можа заставацца ў атмасферы дзесяцігоддзямі, сказаў Ньюман. Даследаванні таксама паказваюць, што ўзровень CFC11, які трапляе ў паветра, некалькі гадоў таму павышаўся, і навукоўцы западозрылі ў гэтым фабрыкі Кітая.
Паводле слоў Ньюмана, ўзровень хлору знізіўся амаль на 30% у параўнанні паказчыкамі дваццацігадовай даўніны. Калі б гэтыя нізкія тэмпературы мелі месца пры ўзроўні хлору 2000 года, «гэта была б вельмі-вельмі вялікая дзірка, нашмат большая, чым цяпер».
Браян Тун з Універсітэта Каларада гаворыць, што наступствы разбурэння азонавага слою — буйныя лясныя пажары і выкіды велізарнай колькасці вады праз вывяржэнні падводных вулканаў — гэта новыя з'явы, якія могуць павялічвацца.