Барацьба з экстрэмізмам як нагода задушыць свабоду слова

Падчас міжнароднай канферэнцыі ў Мінску праваабаронцы заклікалі ўлады Беларусі прывесці заканадаўства аб экстрэмізме да сусветных стандартаў.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

Праваабаронцы ўсё часцей сутыкаюцца з выпадкамі неправамернага прымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства. Сітуацыя выклікае сур’ёзную занепакоенасць і стала нагодай для правядзення ў Мінску міжнароднай канферэнцыі «Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека».
На канферэнцыі падчас трох панэляў эксперты абмяркоўвалі пытанні міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў кантэксце барацьбы з экстрэмізмам, змаганне з ім у краінах СНД і, у прыватнасці, у Беларусі. Таксама падчас форуму прадставілі даклад, падрыхтаваны беларускай кааліцыяй праваабаронцаў (ПЦ «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, «Human Constanta»), у якім прааналізаваныя кейсы, з якімі яны сутыкнуліся, і дзеючае беларускае заканадаўства. Напрыканцы форуму ўдзельнікі прадставілі рэзалюцыю з прапановамі да беларускіх уладаў.

Паміж экстрэмізмам і тэрарызмам

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка адзначыў, што тэма барацьбы з экстрэмізмам увайшла ў нашую практыку не так даўно, але цяпер набывае масавы характар. І адна з найбольш распаўсюджаных у Беларусі практык — прызнанне пэўных матэрыялаў экстрэмісцкімі.

Павел Сапелка. Фота Дзіяны Серадзюк

Павел Сапелка. Фота Дзіяны Серадзюк

Эксперт нагадаў, што ў нас ёсць законы аб супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму. Здавалася б, наяўнасць двух гэтых актаў магла б вырашыць праблему. Але сталася так, што гэтыя паняцці пераблыталіся і сталі ледзьве не ўзаемазамяшчальнымі. І фактычна, барацьба з экстрэмізмам пераходзіць у барацьбу з інфармацыйным экстрэмізмам.
У Беларусі заканадаўца дасягнуў дасканаласці ў тым, каб пераўтварыць інфармацыйны матэрыял у экстрэмісцкі. Рашэнні аб уключэнні ці не ўключэнні таго ці іншага матэрыялу ў Рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў вызначае спецыяльная камісія. Амаль палову яе складаюць прадстаўнікі дзяржорганаў. Варта дадаць, што звестак аб дзейнасці камісіі няма, як і аб яе дакладным складзе, а праца яе не асвятляецца ў СМІ — усё адбываецца пад завесай таямніцы.
Пасля працы камісіі адбываецца судовы парадак прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі, пры гэтым перагляд прынятых рашэнняў запусціць немагчыма.  

Штраф за «расійскіх камуністаў» і закрыццё газеты за выяву Мухамеда

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў пра прымяненне ў Беларусі артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне варажнечы і нянавісці). Найбольш рэзанансныя за апошні час кейсы па гэтым артыкуле — так званая «справа рэгнумаўцаў», а таксама справа блогера Эдуарда Пальчыса. Але першая гучная справа за распальванне варажнечы была завершаная яшчэ ў 1995 годзе. Тады да адказнасці прыцягнулі галоўнага рэдактара баранавіцкай газеты «Баранавіцкае слова» Блінкоўскага. У двух нумарах газеты былі апублікаваныя матэрыялы з выказваннямі, якія прызналі распальваючымі нацыянальную варажнечу. Гэта былі выказванні кшталту «вайну 1939 – 1945 гадоў развязалі нямецкія фашысты і расійскія камуністы» і падобныя. Галоўнага рэдактара за гэтыя публікацыі прысудзілі да штрафу каля 2000 долараў.

Андрэй Бастунец. Фота Дзіяны Серадзюк

Андрэй Бастунец. Фота Дзіяны Серадзюк

У 2006 – 2007 гадах адбыўся разгляд справы намесніка рэдактара газеты «Згода» Аляксандра Здвіжкова, якая пацягнула закрыццё выдання. Яна вядомая таксама як «справа дацкіх карыкатур». Журналісты адной дацкай газеты апублікавалі карыкатуры з выявай прарока Мухамеда. Гэта выклікала скандал у мусульманскім свеце. На знак салідарнасці з журналістамі карыкатуры сталі перадрукоўваць многія выданні, у тым ліку і «Згода». Аднак праз два дні яе нераспраданы наклад быў арыштаваны, у рэдакцыі прайшоў ператрус, была ўзбуджаная крымінальная справа і газету ў выніку закрылі. Па дзіўным збегу абставін выданне тады падтрымлівала аднаго з апазіцыйных кандыдатаў на выбарах у прэзідэнты Алясандра Казуліна. Паколькі галоўны рэдактар «Згоды», пазней заснавальнік і рэдактар «Нвага Часу» Аляксей Кароль на момант выпуску газеты адсутнічаў, да адказнасці прыцягнулі яго намесніка Аляксандра Здвіжкова, якога асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. Ён адседзеў тры месяцы, потым суд перагледзеў рашэнне і тэрмін быў зменены на фактычна адбыты.
Таксама за распальванне варажнечы ўзбуджалі крымінальную справу супраць Зянона Пазьняка за адну з яго кніг, але паколькі заснавальнік БНФ жыве ў эміграцыі, яна нічым не скончылася.

Папраўкі ў закон выклікаюць трывогу

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак распавёў аб тым, як ішла праца над папраўкамі ў закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Папраўкі ўключалі дапаўненне да экстрэмізму паняцця нацызму і пакаранне за яго рэабілітацыю. Алег Гулак адзначыў, што профільная камісія, якая працавала над тэкстам закона, запрасіла для яго абмеркавання шэраг арганізацый. І хоць яно не было цалкам адкрытым працэсам, але была магчымасць накіроўваць туды прапановы.

На пярэднім плане — Алег Гулак. Фота Дзіяны Серадзюк

На пярэднім плане — Алег Гулак. Фота Дзіяны Серадзюк

Крытыку праваабаронцаў больш за ўсё выклікалі найперш вельмі агульныя фармулёўкі паняццяў. У выніку з тэксту прыбралі папраўку аб прызнанні экстрэмісцкай сімволікі арганізацый, якія супрацоўнічалі з нацыстамі. Бо такім чынам можна было б забараніць выкарыстанне ўсіх сцягоў суседніх дзяржаў, у тым ліку і расійскі трыкалор, а таксама бел-чырвона-белы сцяг.
Па словах старшыні БХК, «працэс удалося вярнуць у межы здаровага сэнсу, але ён усё роўна застаецца трывожным». Да сёння няма абгрунтавання неабходнасці зменаў у закон, адсутнічае грамадская дыскусія на гэты конт, пра змены ў закон не кажуць дзяржаўныя СМІ. Атрымліваецца, закон, які павінен закранаць максімальна шырокае кола людзей, абмяркоўваецца ў вузкай групе. Да таго ж застаецца пытанне, як гэты закон будзе прымяняцца, занепакоеныя праваабаронцы.
«Відавочна, што праваахоўным органам вельмі падабаюца фармальныя склады правапарушэнняў, калі не трэба нічога даказваць, а ёсць дзеянні, якія фармальна забароненыя, і за іх трэба пакараць. Гэта абсалютна неправавы падыход, але гэта зручна», — падсумаваў Алег Гулак.

Змаганне з экстрэмізмам супраць правоў чалавека

Апошнім часам мы сутыкаемся з прыцягненнем да адказнасці за лайк ці рэпост у інтэрнэце, і ў нашай краіне гэтая тэндэнцыя таксама набірае моц. На думку старшай дарадчыцы прадстаўніка па свабодзе СМІ АБСЕ Алены Чарняўскай, такая практыка пагражае свабодзе слова і медыя, асабліва анлайн-медыя. Апроч таго, цяпер з’яўляецца ўсё больш заканадаўчых актаў, якія дазваляюць дэшыфроўку паведамленняў у мэсенджарах, а таксама дзяржава спрабуе забараніць ананімнасць у сеціве, што ў першую чаргу б’е па журналістах і праваабаронцах.

Алена Чарняўская. Фота Дзіяны Пінчук

Алена Чарняўская. Фота Дзіяны Пінчук

У рэгіёне АБСЕ існуе заканадаўства па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, якое тлумачыць, у якіх кірунках дзяржавы-члены АБСЕ павінны працаваць, каб супрацьстаяць гэтым з’явам. У ім сказана, што краіны павінны дзейнічаць у адпаведнасці з міжнародным правам і абавязацельствамі АБСЕ.
«Усе меры супраць тэрарызму і экстрэмізму павінны прымацца ў кансультацыі з офісам АБСЕ, і яны не павінны парушаць міжнародныя стандарты аб свабодзе слова, — падкрэсліла Алена Чарняўская. — Наша асноўная пазіцыя ў тым, што толькі падтрымліваючы плюралізм сродкаў інфармацыі мы можам змагацца з экстрэмізмам. Нават у цяжкія часы ўрады павінны ствараць умовы для спрыяння свабоднай плыні інфармацыі. Але большасць з іх імкнуцца больш забараняць, чым адносіцца ліберальна».
Прадстаўніца АБСЕ звярнула ўвагу, што журналісты часта з’яўляюцца мэтавай групай для тэрарыстаў і экстрэмістаў, і бяспека прадстаўнікоў СМІ павінна забяспечвацца ў любы час. Па яе словах, улады павінны прызнаць, што журналісты маюць права паведамляць аб складаных феноменах у жыцці грамадства і іх нельга за гэта пераследаваць. Блакіроўка і кантроль сацыяльных медыя, замаруджванне хуткасці інтэрнэту ці яго адключэнне таксама з’яўляюцца прамым уздзеяннем дзяржавы на грамадзянскую супольнасць.
І яшчэ адзін важны момант: нельга блытаць экстрэмізм з хейтарскімі (заснаванымі на нянавісці) размовамі. А такія з’явы, як паклёп і багахульства, мусяць быць дэкрыміналізаваныя, паколькі не адносяцца да экстрэмізму.
Старшая дарадчыца па правах чалавека Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Мацільда Богнер зазначыла, што без цвёрдай асновы па рэалізацыі правоў чалавека барацьба з тэрарызмам можна пераўтварыцца ў інструмент іх парушэння.

Мацільда Богнер. Фота Дзіяны Пінчук

Мацільда Богнер. Фота Дзіяны Пінчук

Пад эгідай барацьбы з тэрарызмам можа пачацца абмежаванне свабоды асацыяцый і выказвання меркаванняў, выкарыстанне катаванняў і неналежнае стаўленне да зняволеных.
Аднак Генасамблея ААН падкрэслівае, што толькі забеспячэнне правоў чалавека можа супрацьстаяць экстрэмізму. Такія рэчы, як дыялог, павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржавай, верхавенства права і забеспячэнне правоў чалавека, развіццё грамадзянскай супольнасці, перадача паўнамоцтваў маладым людзям, адмова ад узроставай дыскрымінацыі, пашырэнне паўнамоцтваў жанчын, павышэнне адукацыі, стварэнне стратэгічных камунікацый складаюць стратэгію супрацьдзеяння ваяўнічаму экстрэмізму.
Стэфанія Дэвід, прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі FIDH у ААН і дырэктар яе офіса ў Нью-Ёрку, распавяла, што яе калегі паспрабавалі прааналізаваць, як правы чалавека забяспечваюцца ў рамках барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам. У ААН ёсць асноўныя прынцыпы і дакументы, якімі павінны кіравацца ўсе краіны-члены ААН. У адпаведнасці з імі, напрыклад, нельга абмяжоўваць правы і свабоды. Але ў рэальнасці яны парушаюцца, нібыта праз барацьбу з тэрарызмам і экстрэмізмам у многім абмяжоўваецца і грамадзянская супольнасць. Паводле Стэфаніі Дэвід, з 2001 па 2018 год 140 урадаў увялі заканадаўства па супрацьдзеянні экстрэмізму і тэрарызму, і гэта ў 66% выпадкаў прывяло да абмежавання правоў і свабод.
Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што няма адзінага вызначэння паняццяў міжнароднага тэрарызму і ваяўнічага экстрэмізму. Такое становішча дае магчымасць многім дзяржавам усё падводзіць пад гэтыя паняцці. 

Фота Дзіяны Пінчук

Фота Дзіяны Пінчук

Прапановы да ўладаў

У межах канферэнцыі праваабаронцы падрыхтавалі рэзалюцыю, у якой заклікалі ўлады Беларусі прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, у тым ліку перагледзець азначэнне экстрэмізму ў нацыянальным заканадаўстве; расфарміраваць экспертныя камісіі; пытанні прызначэння экспертызы і ацэнкі высноў экспертаў вырашаць у парадку, устаноўленым працэсуальным кодэксам; прадугледзець асобны грамадзянскі працэсуальны парадак разгляду спраў аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі, які б замацаваў гарантыі забеспячэння правоў чалавека і асноўных свабод; не дапускаць на практыцы адвольныя абмежаванні права на свабоднае выказванне меркавання пад лозунгам барацьбы з экстрэмізмам; блакіроўку анлайн-рэсурсаў прымяняць толькі ў якасці крайняй меры; запрасіць спецдакладчыкаў ААН па пытаннях барацьбы з тэрарызмам і гвалтоўным экстрэмізмам, па абароне права на свабоду меркаванняў, а таксама па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Фота Дзіяны Пінчук

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Фота Дзіяны Пінчук

Поўны тэкст рэзалюцыі:

exstremism_rezalucia1.png