Беларусь і Расія займаюць апошнія месцы ў Еўропе па «Індэксе свабоды»

У рэйтынгу краін па індэксе свабоды чалавека Беларусь трывала атабарылася на 109 месцы, паміж дзвюма афрыканскімі краінамі.

index_svobody.png


Амерыканскі інстытут Катона і канадскі Інстытут Фрэйзера нядаўна прадставілі сёмы штогадовы агляд аб стане свабоды чалавека — Human Freedom Index 2021. Ён заснаваны на 82 паказчыках асабістай і эканамічнай свабоды. Аўтары ацэньваюць 165 краін, якія прадстаўляюць 98,1% насельніцтва Зямлі, піша Thinktanks.by.

Беларусь апынулася на 109 месцы са 165 краін. У рэйтынгу мы знаходзімся паміж двума афрыканскімі дзяржавамі: Кенія і Сьера Леонэ. З мінулага года Беларусь ніяк не змяніла сваю пазіцыю.

Аднак адна ўсходнееўрапейская краіна размяшчаецца яшчэ ніжэй нас — гэта Расія на 126 месцы. У нашым рэгіёне лепшыя вынікі ў Эстоніі, Літвы і Латвіі.

Сярод постсавецкіх краін ніжэй Беларусі, акрамя Расіі, знаходзяцца Азербайджан (127 месца) і Таджыкістан (153). Замыкаюць спіс нашы «саюзнікі» — Венесуэла і Сірыя, 164 і 165 месца адпаведна.

Значэнне індывідуальных, эканамічных і грамадзянскіх свабод у Беларусі ацэньваецца практычна аднолькава нізка. Сярод асобных параметраў на самым нізкім узроўні знаходзіцца «акадэмічнае і культурнае самавыяўленне», «дзяржаўная цэнзура» і «свабода сходаў».

У Беларусі практычна адсутнічаюць такія праблемы як курсы абмену на чорным рынку, свабода валодання замежнай валютай і «нарматыўныя выдаткі пры продажы нерухомасці».

Толькі 14,6% насельніцтва планеты (каля 1,1 млрд. чалавек) жыве ў 25% самых свабодных краінах свету. У 25% самых несвабодных краінах жыве 40,3% (2,94 млрд) насельніцтва Зямлі. З 2008 года розніца паміж 25% самымі свабоднымі і 25% самымі несвабоднымі павялічылася на 6,6%. Краіны з высокім узроўнем свабоды чалавека маюць ВУП на душу насельніцтва ў 4,3 разы больш, чым несвабодныя.