Беларусь палепшыла пазіцыю ў рэйтынгу ўспрымання карупцыі
Беларусь палепшыла свае паказчыкі за 2019 год у «Індэксе ўспрымання карупцыі» (ІУК), які штогод публікуе міжнародная арганізацыя Transparency International.
Як перадае БелаПАН, краіна набрала 45 балаў і паднялася з 70-га на 66-е месца, падзяліўшы яго з Чарнагорыяй, Сенегалам і Аргенцінай. У леташнім індэксе краіна апусцілася з 68-га на 70-е месца.
Першае месца ў рэйтынгу займаюць Новая Зеландыя і Данія (па 87 балаў). Другая пазіцыя ў спісе адсутнічае, на трэцяй — Фінляндыя (86). У дзясятцы лепшых таксама Швейцарыя, Сінгапур і Швецыя (па 85 балаў); Нарвегія (84), Нідэрланды (82), Люксембург і Германія (па 80).
Замыкаюць рэйтынг Самалі (9), Паўднёвы Судан (12) і Сірыя (13). У дзясятцы аўтсайдэраў таксама Емен (15); Афганістан, Судан, Экватарыяльная Гвінея, Венесуэла (па 16); Паўночная Карэя (17), Гвінея-Бісаў (18).
Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі найлепшыя паказчыкі ў Літвы (35-е месца; 60 балаў), далей ідуць: Польшча (41; 58), Латвія (44; 56), Украіна (126; 30) і Расія (137-е месца; 28 балаў).
«Паводле індэксу ўспрымання карупцыі за 2019 год, больш за дзве траціны краінаў, а таксама многія з найбольш развітых краін свету, знаходзяцца ў стане стагнацыі або дэманструюць прыкметы адкату ў сваіх намаганнях па барацьбе з карупцыяй, — гаворыцца ў паведамленні Transparency International. — Аналіз вынікаў паказвае, што краіны, у якіх выбары і фінансаванне палітычных партый адкрыты для празмернага ўплыву з боку зацікаўленых колаў, у меншай ступені здольныя змагацца з карупцыяй».
«Адсутнасць рэальнага прагрэсу ў барацьбе з карупцыяй у большасці краін выклікае расчараванне і аказвае глыбока негатыўны ўплыў на грамадзян па ўсім свеце, — заявіла дырэктар Transparency International Патрыцыя Марэйра. — Каб мець хоць нейкі шанец скончыць з карупцыяй і палепшыць жыццё людзей, мы павінны разарваць сувязь паміж палітыкай і вялікімі грашыма. Усе грамадзяне павінны быць прадстаўлены ў працэсе прыняцця рашэнняў».
У ліку рэкамендацый міжнароднай арганізацыі ўрадаў па зніжэнні карупцыі і аднаўлення даверу да палітыкі — кантроль палітычнага фінансавання для прадухілення абароту вялікіх грошай і ўплыву на палітыку, рэгуляванне лабісцкай дзейнасці, садзейнічанне адкрытага доступу да прыняцця рашэнняў, умацаванне цэласнасці выбараў, прадухіленне і спыненне кампаній па дэзінфармацыі; пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзян і абарона грамадскіх актывістаў і журналістаў; узмацненне сістэмы стрымак і проціваг і садзейнічанне прынцыпе падзелу ўладаў.
У «Індэксе ўспрымання карупцыі» краінам прысвойваюць балы (0 — сур'ёзна карумпавана, 100 — поўная адсутнасць карупцыі) і ранжыруюць іх паводле ўспрымання ўзроўню карупцыі ў дзяржаўным сектары краіны з пазіцыі прадпрымальнікаў і экспертаў. Гэта зводны індэкс, які аб'ядноўвае 13 даследаванняў і ацэнак карупцыі, складзеных рознымі аўтарытэтнымі арганізацыямі, у тым ліку Сусветным банкам і праваабарончай арганізацыяй Freedom House.
naviny.by