Беларусь прызналі горшай інавацыйнай краінай Еўропы
У Глабальным рэйтынгу інавацый (Global Innovation Index-2018) Беларусь палепшыла пазіцыю, але неістотна.
У параўнанні з аналагічным рэйтынгам 2017 года, у 2018 годзе Беларусь паднялася на два радкі і заняла ў новым Глабальным інавацыйным індэксе 86-е месца. Істотным паляпшэннем гэта назваць складана. У Global Innovation Index-2015 Беларусь займала 53-е месца, у (Global Innovation Index-2016 — 79-е, а ў рэйтынгу 2017-га года Беларусь знаходзілася на 88-й пазіцыі.
Нават перамясціўшыся на 86-е месца з 126 краін, Беларусь працягвае заставацца горшай інавацыйнай эканомікай Еўропы. Бліжэйшыя еўрапейскія краіны ў рэйтынгу: Албанія — на 83-м месцы і Македонія — на 84-м.
Усе суседнія з Беларуссю дзяржавы апынуліся ў Топ-50. Так Латвія заняла 34-е месца рэйтынгу, Польшча — 39-е, Літва — 40-е, Украіна — 43-е, а Расія — 46-е.
Усе паказчыкі, па якіх складаецца Global Innovation Index, аб’яднаны ў сем асноўных груп. Для Беларусі ў рэйтынгу 2018 года (нагадаем, у яго ўключаны 126 дзяржаў) яны выглядаюць так:
Інстытуты — 81-е месца;
Чалавечы капітал і даследаванні — 34-е месца;
Інфраструктура — 73-е месца;
Узровень развіцця рынку — 91-е месца;
Узровень развіцця бізнесу — 53-е месца;
Веды і тэхналогіі — 65-е месца;
Творчая дзейнасць — 122-е месца.
Сярод моцных бакоў Беларусі складальнікі рэйтынгу паказалі занятасць жанчын, суадносіны вучняў і настаўнікаў, колькасць студэнтаў, экспарт паслуг ІКТ, працэнт кампаній, якія прапануюць навучанне супрацоўнікам, і шэраг іншых напрамкаў, пераважна звязаных са сферай адукацыі.
Сярод слабых бакоў, як і ў мінулым годзе, былі пазначаны нарматыўна-прававая база, у прыватнасці, вяршэнства права, недастатковая эфектыўнасць лагістыкі, НДВКП, пытанні крэдытавання, творчыя тавары і паслугі і нематэрыяльныя актывы. Якія прэтэнзіі ўзнікаюць да творчасці беларусаў — лепш пытацца ў складальнікаў рэйтынгу.
У першай дзясятцы краін, прызнаныя лідэры ў інавацыйным развіцці і ўкараненні навін у паўсядзённым жыцці, у гэтым годе апынуліся Швейцарыя, Нідэрланды, Швецыя, Вялікабрытанія, Сінгапур, ЗША, Фінляндыя, Данія, Германія і Ірландыя.
Global Innovation Index публікуецца штогод з 2007 года. Яго рыхтуюць Карнельскі ўніверсітэт (ЗША), школа бізнесу INSEAD і Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці. Эксперты складаюць рэйтынг на падставе 81 крытэра, пачынаючы з узроўню НДВКП (Навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы) і колькасці патэнтавых заявак да аб’ёму выдаткаў на адукацыю.
Паводле thinktanks.by