Беларус за два вечары пераклаў на родную мову камп'ютарную гульню з дапамогай нейрасетак
Беларус пад нікнэймам Zmiecer распавядае, як перакладаў відэагульню «Baldur’s Gate 3», з якімі цяжкасцямі сутыкнуўся ў працэсе і чаму ўвогуле важна, каб існавалі камп'ютарныя гульні на беларускай мове.
Беларус пад нікнэймам Zmiecer апублікаваў 1 сакавіка поўны пераклад тэкстаў відэагульні «Baldur’s Gate 3» на беларускую мову. Ён расказаў журналісту «Белсата» Алесю Наваборскаму, як і навошта зрабіў пераклад з ужываннем нейрасеткі — і чаму гэты пераклад не ідэальны, але дастаткова добры.
Што за гульня
«Baldur’s Gate 3» («Брама Балдура 3») — відэагульня для камп’ютараў і гульнявых кансоляў бельгійскай «Larian Studios», якая выйшла ў 2023 годзе. Гэта ролевая гульня з пакрокавымі баямі паводле сістэмы «Dungeons & Dragons» (створанай яшчэ ў 1970-х для настольных гульняў) і ў ейным свеце «Забытых каралеўстваў».
Гулец выбірае свайму герою ці гераіні расу (можа быць чалавекам, эльфам, гномам, нашчадкам цмока, астральным чалавека-яшчарам і гэтак далей) і клас (ваяр, чараўнік, бард і шмат іншых). Герой прачынаецца ў палоне пажыральнікаў розуму, заражаны іхным паразітам, але ўцякае ад іх. Спрабуе пазбавіцца ад паразіту — а выкрывае культ, які хоча падпарадкаваць сабе цэлы свет.
Трэйлер на англійскай мове:
«Baldurʼs Gate 3» заваявала шмат тытулаў «Гульня года» на прэміях накшталт «Golden Joystick Awards», «The Game Awards», «D.I.C.E. Awards». Паводле агрэгатару «Metacritic», аглядальнікі ў сярэднім ацанілі гульню ў 96 балаў са 100. хвалілі шмат за што: захапляльны і разгалінаваны сюжэт, магчымасць вырашыць задачы самымі рознымі спосабамі, цікавыя баі, прыгожыя лакацыі і добрую графіку, кінематаграфічнасць, яскравых і выдатна анімаваных персанажаў, якасную агучку і цудоўныя дыялогі.
Гульня была цалкам агучаная толькі на англійскай мове. Афіцыйны пераклад інтэрфейсу і субтытраў ёсць на яшчэ 14 моваў, у ліку якіх расейская, польская і ўкраінская. Пераклад на беларускую, які зрабіў Zmiecer, не мяняе арыгінальнай англійскай агучкі, але робіць беларускімі інтэрфейс і субтытры. Спампаваць яго можна з «Nexus Mods» або «Google Drive».
Такіх перакладаў яшчэ не рабілі
«Baldurʼs Gate 3», кажа Zmiecer, гэта вялікая і высокабюджэтная гульня, якая запусціцца толькі на моцных камп’ютарах ці новых кансолях — і яму проста стала цікава, ці можна перакласці менавіта такую гульню з дапамогай нейрасетак. Маўляў, раз такога няма, давайце паспрабуем.
Пераклады гульняў, праграмаў і аперацыйных сістэмаў на беларускую з’яўляюцца, хоць і не часта, перакладаюць і вялікія гульні. Ён сам раней дапамагаў зрабіць пераклад «The Elder Scrolls V: Skyrim» — іншай высокабюджэтнай ролевай відэагульні. Але нешта такое маштабнае яшчэ не перакладалі на беларускую з дапамогай нейрасетак.
Пераклад «Skyrim», згадвае Zmiecer, збольшага рабіў іншы чалавек, які адзін перакладаў гульню некалькі гадоў. Zmiecer і яшчэ некалькі чалавек падключыліся на познім этапе, каб дапамагчы пераправерыць пераклад. І Zmiecer падкрэслівае, што ён не перакладчык — хіба энтузіяст, аматар.
«А «Baldurʼs Gate 3» — проста мне хацелася паспрабаваць нешта перакласці, — кажа Zmiecer. — Я адкрыў файлы з тэкстам, паглядзеў на іх. Спачатку паспрабаваў перакласці троху, паглядзець, як выглядае беларуская. Дзякуй «Larian Studios», стваральнікам гульні, што літара Ў кароткая падтрымліваецца ў шрыфтах!»
«Паспрабаваў перакласці — зразумеў, што там 230 тысяч радкоў! Хтосьці казаў, што гэта ледзь не больш, чым ва ўсіх разам «Гары Потэрах». Я не лічыў, не ведаю, але чуў такую думку. Але гэта шмат, гэта мне 10 тысяч гадзін сядзець, гэта гады працы аднаму чалавеку».
Сапраўды, гульня вельмі доўгая: на поўнае праходжанне сыдзе каля 100 гадзінаў, а то і ўсе 200, калі даследаваць кожны закуток. І яна мае вельмі шмат размоваў (толькі кінематаграфічных сцэнаў у ёй на 174 гадзіны — гэта як тры серыялы «Гульня тронаў»).
У супольнасці гульцоў, расказвае Zmiecer, ужо былі думкі зрабіць машынны пераклад на беларускую — як 20-30 гадоў таму перакладалі на рускую пірацкія гульні. Гэтыя пераклады мелі шмат памылак і нарадзілі нямала мемаў. Напрыклад, калі слова «wasted» там, дзе яно значыла смерць персанажа, было перакладзенае як «потрачено», хоць па сэнсе мусіла б быць нешта кшталту «завалили». Але з тых часоў тэхналогіі пайшлі наперад.
Калі раней аўтаматычныя перакладчыкі рабілі пераклад па адным слове, то цяпер навучыліся «асэнсавана» перакладаць цэлыя фразы, а нейрасеткі могуць яшчэ і «разумець» вялікі кантэкст з суседніх сказаў. І нейрасеткі перакладаюць не паводле правілаў «A на мове X гэта B на мове Y», а быццам бы «разумеюць» фразу на адной мове і выдаюць фразу на другой так, як пішуць на гэтай другой мове ў тэкстах, на якіх нейрасетка вучылася.
«Вядома, трэба было напісаць шмат алгарытмаў, дэкадаваць, аўтаматызаваць, — згадвае Zmiecer. — Першы пераклад быў гатовы літаральна праз два вечары. То бок, я два вечары патраціў, і ў мяне атрымалася штосьці, ува што можна гуляць».
Здольнасці нейрасетак у перакладзе можа праверыць любы ахвочы: напрыклад, можна запампаваць дакумент у «Google Translate», у перакладзе будуць ужытыя нейрасеткі. Таксама ўмеюць рабіць пераклады з дапамогай нейрасетак «ChatGPT», «Microsoft Copilot» і іншыя, нават расейскі «Яндэкс».
Якім атрымаўся пераклад
Пераклад выйшаў, вядома, далёка не ідэальны, заўважныя памылкі. Ды гэта не бяссэнсоўны набор словаў, а хай кепская, але беларуская мова.
Выглядае гэта так:
З перакладу, які атрымаўся, сам стваральнік жартуе: малюе вокладку гульні ў стылі тых самых пірацкіх перакладаў 1990-х гадоў, сваю «студыю перакладаў» называе «Трасянкус».
У самай першай версіі шмат што проста не пераклалася — замест спецыфічных для гульні тэрмінаў і імёнаў дык была поўная лухта, расказвае Zmiecer. Напрыклад, нейрасеткі зусім не зразумелі, як перакласці скарот «STR», які значыў «strenght», фізічную моц, і проста пакінулі «СТР». Былі частыя праблемы з дзеепрыметнікамі: напрыклад, «piercing weapon» пераклалася не як «колючая зброя», а як «зброя, якая коле».
Хоць большасць сказаў была ўсё ж перакладзеная дастаткова добра, над перакладам яшчэ «працаваць і працаваць», прызнае Zmiecer. Ахвочых дапамагчы ён заклікае пісаць на пошту trasiankus@gmail.com, але просіць не паведамляць асобна пра кожную дробную памылку ці апіску.
Але ж «Baldurʼs Gate 3» — тая гульня, дзе вельмі важна разумець, што робіш і кажаш: за няправільнае слова там могуць зарэзаць ці спаліць, а ад адной размовы можа залежыць лёс віртуальнага свету. Наколькі нейрасеткі карысныя ў такім перакладзе?
«Я скажу так: пакуль я даваў тэставаць іншым беларусам, усе казалі, што ўсё зразумела, — адказвае стваральнік перакладу. — Глабальна калі я чытаю дыялогі, я паралельна слухаю, што персанажы кажуць на ангельскай, і яно супадае ў прынцыпе».
Увогуле ў нейрасеткавага перакладу хутчэй праблемы з кароткімі словамі ці выразамі, чым з вялікімі сказамі, адзначае Zmiecer. Таму ў перакладзеных размовах цяжка памыліцца і сказаць не тое, што хацеў. У перакладах нішто не заменіць ручной працы вялікай каманды, рэзюмуе Zmiecer. Нейрасеткі і праграмы для перакладу пакуль не разумеюць увесь кантэкст гульні. Але працу паскараюць.
«Некаторыя людзі пішуць, што лепш рукамі, — дадае ён. — Вядома, лепш рукамі, я згодны! Ці пытаюць, навошта гэта патрэбна. Ну… проста захацелася! Мне дужа хочацца, каб у беларусаў была магчымасць неяк гуляць. Нават проста паглядзець на гэта, падумаць, якая гэта жэсць, і пайсці вучыць ангельскую».
Чаму самі стваральнікі гульняў не перакладаюць іх на беларускую
Звычайна, тлумачыць Zmiecer, гульні перакладаюць на кароткі спіс моваў, прыблізна ад 8 да 11, і апошнім часам са спісу знікае нават руская. Распрацоўнікі ці выдаўцы вырашаюць, на якія мовы перакладаць, па тым, наколькі багаты рынак карыстальнікаў гэтых моваў. Беларускі рынак не вялікі — асабліва зараз, калі шмат кампаніяў сышлі з яго або не атрымліваюць грошы з яго.
Не з эканамічных, а з ідэйных меркаванняў некаторыя беларускія кампаніі перакладаюць свае гульні на беларускую мову. Так, для гульні «World of Tanks» спачатку з’явіўся фанацкі пераклад, а потым і афіцыйны. На беларускую перакладаюць не толькі гульні, а і праграмы, і цэлыя аперацыйныя сістэмы. Але, кажа Zmiecer, гэта не прыносіць прыбытку кампаніям, а калі такое і робяць, то найчасцей толькі таму, што «яны беларусы — значыць, перакладаюць на беларускую».
Ён лічыць, што відэагульні перакладаць варта: калі камусьці падаецца, што «гульні гэта несур’ёзна», дык так жа можна сказаць і пра серыялы, і пра кнігі. Відэагульні сталі не менш значнай часткай культуры.
«Каб выходзілі гульні па-беларуску, трэба, каб была нейкая дзяржаўная праграма фінансавання ці нейкая вялікая грантавая праграма», — разважае Zmiecer.
Ён нагадвае: «Baldurʼs Gate 3» — гэта 230 тысяч радкоў тэксту, якія трэба не толькі перакласці, але праверыць і адкарэктаваць, прасачыць за паслядоўным перакладам імёнаў і азначэнняў, некалькі разоў прайсці перакладзеную гульню.
Калі пераклады кніг яшчэ могуць быць камерцыйнымі праектамі, з гульнямі вельмі цяжка акупіць пераклад, лічыць Zmiecer. Ды пакуль няма дастатковай колькасці перакладаў відэагульняў, нельга і ацаніць, які на іх будзе попыт.