Беларусы, якія жывуць у Літве, пачалі атрымліваць паведамленні з пагрозамі і жудаснымі фота

Некаторым беларусам, якія пасля 2020 года пераехалі ў Вільнюс пачалі прыходзіць паведамленні з пагрозамі. Ад некаторых адрасатаў патрабуюць пакінуць Літву. Хто менавіта расслые лісты, невядома. Атрымальнікі звяртаюцца ў паліцыю, піша «Люстэрка».

_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg

Беларус Андрэй (імя змененае) — тата школьніка з Вільнюса. Упершыню ён пачуў пра пагрозы 28 сакавіка. Непрыемнае паведамленне атрымаў яго сябар, які таксама жыве ў літоўскай сталіцы. Увечары таго ж дня незнаёмы абанент набраў Андрэя ў Telegram. Беларус не адказаў, тады яму адправілі два паведамленні. У першым пыталі, ці бачыў ён сёння сваё дзіця. У другім было напісана: «Гэта апошняе папярэджанне! Літва — для літоўцаў. Вывучы літоўскую або сыходзь». Абанент падпісаны як Blood Nazi, што ў перакладзе з англійскай значыць «крывавы нацыст».

— З паведамленнямі было фота. На ім труп дзіцяці, якому прыфаташопілі твар майго сына. Я быў не дома, таму адразу ж патэлефанаваў жонцы, спытаў, дзе сын і ці ўсё ў іх нармальна, — расказвае суразмоўца. — На паведамленне не адказваў. Нумар абанента быў схаваны.

Здымак, які даслалі беларусу з пагрозамі 28 сакавіка 2024 года, Вільнюс. Фота ад суразмоўцы

Здымак, які даслалі беларусу з пагрозамі 28 сакавіка 2024 года, Вільнюс. Фота ад суразмоўцы

Адкуль у незнаёмцаў кантакты Андрэя, ён не ведае. Думае, што, магчыма, з «нейкіх сайтаў, бо не баяўся пакідаць свой нумар».

— На наступны дзень я напісаў заяву ў паліцыю. Ці былі ў іх яшчэ такія заявы, там не казалі, — працягвае суразмоўца. — Як мне патлумачылі, шанцаў кагосьці знайсці амаль няма. Думаю, фармальна нешта рабіць будуць.

Заяву ў паліцыю падавала і Вераніка (імя змененае). Яна таксама атрымала пагрозу ў Telegram, але 29 сакавіка. У той дзень праз пажар на аўтазвалцы, які быў у Вільнюсе напярэдадні, заняткі ў школе яе дачкі праходзілі дыстанцыйна, таму дзяўчынка была дома з мамай.

— Убачыўшы паведамленне на літоўскай, падумала: гэта школьная рассылка, дзе пытаюць, як маецца мая дачка. Адказала па-літоўску: «Дзякуй, добра». Нехта напісаў, што сумняваецца, што ў майго дзіцяці ўсё добра, — кажа беларуска. — Прачытала назву акаўнта «За расу і нацыю» і зразумела, што да чаго: да гэтага ў чаце бацькоў пісалі пра падобнае. Усе звесткі акаўнта былі схаваныя. Зразумець, хто гэта, было немагчыма. Мне стала непрыемна, але я вырашыла спытаць [у адпраўніка], ці значыць гэта, што майму дзіцяці пагражае гэты чалавек або нейкія іншыя людзі.

Вераніка ўдакладняе, яна спрабавала быць максімальна стрыманай і не панікаваць. Адказвала па-літоўску. Пры гэтым рабіла скрыншоты на выпадак, калі аўтар паведамленняў вырашыць іх выдаліць (іх беларуска і аддала паліцыі).

Глядзіце таксама

— У адказ на маё паведамленне аўтар напісаў, каб я з’язджала туды, адкуль прыехала, — пераказвае суразмоўніца. — Я не збіраюся рабіць выгляд, што нічога не было. Разумею, гэтыя рассылкі і пагрозы — хутчэй правакацыі. Але калі нейкія вырадкі дазваляюць сабе згадваць дзіця, я не думаю, што гэта варта спускаць на тармазах.

Ніхто з беларусаў, з кім асабіста мае зносіны Вераніка, з такім не сутыкаўся. Аднак усё ў тым жа бацькоўскім чаце яна бачыла некалькі скрыншотаў з падобнымі пагрозамі.

— Яны не былі ідэнтычныя, але пасыл быў адзін: «З'язджайце», — адзначае суразмоўніца. — Адкуль у іх мой кантакт, магу толькі падазраваць. Спачатку думала, што яны пісалі ўдзельнікам таго самага бацькоўскага чата, але ў аўторак вечарам даведалася, што паведамленні адпраўлялі не толькі ў Telegram. А значыць, у іх ёсць крыху больш звестак, чым проста акаўнты бацькоў, якія абмяркоўваюць школы ў Вільнюсе.

Глядзіце таксама

Падобнае паведамленне з пагрозай атрымала і Кацярына. Ёй таксама напісалі 29 сакавіка і таксама ў Telegram. Паведамленне прыйшло на літоўскай мове.

— Сэнс паведамлення: рускія, вяртайцеся туды, адкуль прыйшлі, іначай мы вас зарэжам, як у 1942-м. А потым мяне абазвалі і спыталі, ці баюся я. Да гэтага ў адным чаце ўжо расказвалі пра падобнае паведамленне, таму было нават трохі смешна такое пачытаць, — кажа суразмоўніца.

Кацярына нічога не адказала аўтару пагроз, зрабіла скрыншот паведамлення і напісала заяву ў паліцыю.

— Там пакуль нічога з гэтым зрабіць не могуць, бо ў іх няма магчымасцяў вылічыць, хто гэта робіць. У мяне ёсць падазрэнні, што гэта робяць не літоўцы, бо ў паведамленнях — памылкі.


Глядзіце таксама

Выданне «Люстэрка» звярнулася з запытам у паліцыю Вільнюса. І абяцае, што як толькі атрымае адказ, адразу ж яго апублікаваць.