НН: Беларусам Літвы рассылалі пагрозы ад імя ультранацыяналістаў, але пракалоліся

Многія беларусы Літвы, эмігранты апошняй хвалі, атрымалі паведамленні з пагрозамі па-літоўску. «Наша Ніва» выявіла, хто і як гэта рабіў.

vilnius_gedimin_tower_1tix8211_546py.jpg.jpg

22 сакавіка ў тэлеграм «Нашай Нівы» напісаў чалавек, які расказаў, што яму «ўжо не першы раз» шлюць пагрозы. Працытуем на мове і ў стылістыцы арыгінала: «Уже не первый раз я и мои знакомые в Вильнюсе получают сообщения с угрозами. Уже реально становится страшно за себя и за свою семью на самом деле. Что нам делать, куда идти в полицию или что?!»

Да паведамлення быў далучаны скрыншот пагрозы.

threat_lithuania_5hujv.jpg.jpg

НН праверыла нумар, з якога быццам бы была дасланая пагроза. Выявілася, што нумар належыць кіраўніку лагістычнага аддзела буйной кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі і не мае аніякага дачынення да рассылкі.

Той, хто паведаміў журналістам гэтую інфармацыю — ён быў падпісаны як «Максім Шыдлоў» — выйшаў з акаўнта і не заходзіў у яго ўсе гэтыя дні. На прапанову пра сустрэчу ён не адгукнуўся. Фота ў яго на акаўнце фэйкавае. Таксама выявілася, што імя пры стварэнні акаўнта было іншым, досыць экзатычным, а акаўнт абсалютна пусты — без аніякіх слядоў публічнай актыўнасці.

«Гэта апошняе папярэджанне вам і вашым дзецям»

Тым часам раніцай 28 сакавіка паведамленне аналагічнага зместу з'явілася ў тэлеграм-чаце «Беларусы ў школе. Вільня». Чалавек, падпісаны як Artem, скінуў нібыта атрыманую ім «сёння ўначы» пагрозу. Яна асабліва гадкая: «Гэта апошняе папярэджанне вам і вашым дзецям. Сёння гарыць смецце, заўтра будуць гарэць вашы дзеці. Літва — літоўцам».

Варта патлумачыць, што акурат вечарам 27 сакавіка ў Вільні быў маштабны пажар, гарэла аўтазвалка.

Паведамленне з чату «Беларусы ў школе. Вільня»

Паведамленне з чату «Беларусы ў школе. Вільня»

Стылістыка допісаў «Artema» падалася журналістам НН падобнай да стылістыкі вышэй узгаданага «Максима Шидлова». Пачалі шукаць інфармацыю пра «Artema». Аказалася, «Artem» далучыўся да чату «Беларусы ў школе. Вільня» напярэдадні, 27 сакавіка.

Паведамленне «Artema» выклікала жывое зацікаўленне ў некалькіх удзельнікаў чату, якія пакінулі некалькі паведамленняў.

У адказ на сумневы асобных удзельнікаў чату ў рэальнасці гэтых пагроз і заўвагі, што за ўсе гады людзі з ніякімі пагрозамі не сутыкаліся, што за гэтым можа стаяць беларускі КДБ, «Artem» пераконваў, што спецслужбы Беларусі «дакладна не маюць да пагрозаў дачынення».

Звярнулі ўвагу, што яшчэ двое з тых людзей, якія актыўна абмяркоўвалі гэтую тэму ў чаце, уступілі туды напярэдадні — 26 ці 27 сакавіка. Прычым у іншых чатах яны не заўважаныя.

Глядзіце таксама

«Artem» i «Forest»

Вось час уступлення «Artema», «Foresta» і яшчэ аднаго карыстальніка.

Час уступлення падазроных акаўнтаў у групу «Беларусы ў школе. Вільня»

Час уступлення падазроных акаўнтаў у групу «Беларусы ў школе. Вільня»

Карыстальнік «Forest», які ўступіў у групу 27 сакавіка і не мае за сабой ніякай тэлеграмнай гісторыі, змясціў паведамленне:

«Мне отправили отфотошопленные фото моего ребенка… ну там просто жесть…»

Праз некалькі дзён першаснае паведамленне «Artemа» з чату «Беларусаў у школе. Вільня» знікла — журналісты НН не ведаюц, ці яго выдаліў сам «Artem», ці адмін чату.

Тым часам з'явіліся скрыншоты некаторых іншых паведамленняў.

Скрыншот паведамлення, якое даслалі беларусам Літвы. Фота з тэлеграм-чата «Чат — Беларусы Вільні»

Скрыншот паведамлення, якое даслалі беларусам Літвы. Фота з тэлеграм-чата «Чат — Беларусы Вільні»

А 1 красавіка «Forest» заклікаў усіх удзельнікаў чату звязацца з «Artem»-ам.

«Всем добрый день, хочу обратиться ко всем, кому последнее время приходили сообщения с угрозами. Напишите пожалуйста пользователю Artem, он готовит коллективное обращение в полицию».

«Наша Ніва» праз тэлеграм звярнулася да ўсіх гэтых акаўнтаў, якія далучыліся да чату 26—27 сакавіка, пачалі тэму ці актыўна ў ёй выказваліся.

«Artem» сказаў НН, што ўступіў у групу «Беларусы ў школе. Вільня», каб «расказаць іншым пра пагрозы, якія прыходзілі яму да ўступлення ў групу». 

Але ён супярэчыць сам сабе. «Artem» уступіў у групу днём 27 сакавіка, а зранку 28 сакавіка напісаў у чаце, што пагрозы яму «прыйшлі ноччу», а ў тэксце пагрозы згадваецца пажар, што адбыўся ўвечары 27-га, пасля таго як «Artem» далучыўся да групы. 

Ад далейшай гутаркі з журналістам «Artem» адмовіўся, бо «ляціць у самалёце» і прапанаваў даслаць пытанні спісам. 

«Forest» сказаў НН, што далучыўся да чату, каб «даведацца больш пра дзіцячыя гурткі ў Вільні». Праўда, пра гурткі аніводнага пытання цягам трох сутак ён у чаце не задаў. Уключыўся ён толькі ў дыскусію пра «пагрозы», якія яму даслалі.

Аднаму з людзей, якія з ім камунікавалі, ён расказаў, што нібыта «большасць пагрозаў паступіла бацькам школьнікаў з беларускамоўнай гімназіі імя Францішка Скарыны».

Што да сцвярджэння, нібы акрамя пагрозаў яму даслалі «фота чалавека ў труне з прыфаташопленымі тварамі ягоных дзяцей», то «Forest» не ведае, адкуль могуць быць ягоныя звесткі ў тых, хто яму пагражаў, але пераконвае, што яго немагчыма адшукаць па нумары ў тэлеграме. Ён жа сказаў, што асабіста ведае «Artemа».

«Artemа» і «Forestа» з вышэй названым «Максимом Шидловым» яднае тое, што і яго акаўнты новыя і пустыя ў сэнсе актыўнасці ў чатах.

Пры гэтым людзі з падазронай гісторыяй праводзяць думку, што ўцечка магла адбыцца з афіцыйнага партала літоўскай адукацыі.


Глядзіце таксама

Пустыя ID

Між тым усе іншыя ідэнтыфікаваныя журналістамі НН рэальныя людзі, каму пагрозы прыйшлі, — гэта людзі са слаба абароненымі акаўнтамі. У іх можна з дапамогай анлайн-інструментаў адшукаць тэлефонны нумар і рэальнае імя. Гэта значыць, што гэты нумар і імя маглі лёгка знайсці і зламыснікі.

Звяртае ўвагу таксама, што ўсе ідэнтыфікаваныя журналістамі НН атрымальнікі паведамленняў — эмігранты апошняй хвалі, якія прыехалі ў Літву апошнія гады.

НН папрасіла тых, каму дасылалі паведамленні, сказаць нам ID акаўнтаў, з якіх адбылася рассылка. Выявілася, што яны таксама абсалютна пустыя і створаныя выключна пад гэтую рассылку.

Адзін з акаўнтаў, з якога вялася рассылка, называўся BloodHonour Lietuva. Гэта назва сапраўды існуючай ультраправай арганізацыі Літвы, якая ўваходзіць у міжнародную сетку Blood&Honour.

У гэтым акаўнце шмат неанацысцкіх матэрыялаў, але акурат пра Беларусь на сваіх афіцыйных старонках яны нічога негатыўнага не пішуць. 

Журналісты НН паказалі тэксты паведамленняў з пагрозамі некалькім карэнным носьбітам літоўскай мовы. Абое сышліся, што «структура сказаў не надта чыстая, быццам праз прагнаная праз перакладчык». Адзін з іх спатыкнуўся на слове «nebeprisitaikys» — мяркуе, што літовец так не сказаў бы. Іншы звярнуў увагу на тыповую памылку ў адным з паведамленняў з пагрозамі, характэрную для рускамоўных, якія вывучаюць літоўскую: kalė (сука) ужытае ў назоўным склоне, тады як літовец тут ужыў бы ў клічным.

Мімікруюць пад ультраправых

З таго, што мы бачым, можна зрабіць высновы, што паведамленні з пагрозамі — фэйкавыя. За іх рассылкай, імаверна, стаяць лукашэнкаўскія спецслужбы, якія мімікруюць пад літоўскіх ультраправых.

Здаецца, мэта гэтай спецаперацыі, як і некаторых іншых нядаўніх, аналагічных, — справакаваць недавер, а то і канфлікты між беларусамі і літоўцамі, пасеяць трывогу між эмігрантаў і тым самым падштурхоўваць беларусаў пакідаць Літву і Польшчу і пераязджаць у больш далёкія краіны, дзе, як мяркуюць аўтары такой стратэгіі, эмігранты будуць хутчэй губляць сувязь з радзімай і спыняць грамадскую актыўнасць.

Перадаваць сваю асабістую інфармацыю «Artemu» для «складання супольнай заявы ў паліцыю» — дастаткова наіўна. Увогуле, варта быць асцярожнымі, калі сутыкаецеся з прапановамі такога тыпу — калі вас просяць падзяліцца асабістай інфармацыяй нібыта для падпісання чагосьці. Прынамсі, калі пра гэта просяць людзі, якіх вы не ведаеце асабіста. І трэба крытычна ставіцца да любых спробаў правакацыі міжнацыянальных канфліктаў.

Варта адзначыць, што некаторыя з атрымальнікаў паведамленняў з пагрозамі напісалі заявы ў паліцыю Літвы.