«Знойдуцца тыя людзі, якія гэта зробяць». Павел Латушка — пра тое, хто і як пагражае беларускім апазіцыянерам за мяжой
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка сцвярджае, што атрымліваў асабістыя пагрозы ад Аляксандра Лукашэнкі і абяцанні «асабіста задушыць рукамі», паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле палітыка, Лукашэнка звяртаецца да беларускіх спецслужб, былых чыноўнікаў і крымінальных «аўтарытэтаў» для барацьбы з апазіцыяй за мяжой.
Вось што сам Латушка распавёў тэлеканалу «Настоящее время» пра пагрозы яму і іншым апазіцыянерам.
— За апошнія некалькі месяцаў я налічыў больш за 20 рознага віду пагроз, звязаных з патэнцыйным фізічным гвалтам або смерцю, на мой адрас, якія мелі публічны і непублічны характар. Адзін з прыкладаў — гэта калі падчас адной з маніфестацый у Варшаве я накіроўваўся ад Палаца навукі і культуры ў бок амбасады Беларусі, да мяне падышоў малады чалавек і сказаў, што не раіць мне хадзіць на акцыі, маніфестацыі ў сувязі з тым, што я павінен баяцца ўдару ў спіну нажом.
Ён спытаў, ці баюся я гэтага? Я сказаў: «Вядома, як кожны нармальны чалавек баіцца, але я як палітык разумею ўсе рызыкі». І я спытаў у яго: «Вы не плануеце, прынамсі, зараз, гэта зрабіць?» На што ён, ідучы ў натоўп, сказаў: «Я гэтага не зраблю, але знойдуцца тыя людзі, якія гэта зробяць».
Пагрозы паступаюць, вядома, не толькі мне. Нават літаральна на гэтым тыдні было апублікаванае відэа тэлеканалам СТБ — нацыянальным тэлеканалам Беларусі, — дзе пад песню, якая праслаўляе Сталіна, гаворыцца аб тым, што «Сталін здасца для вас вельмі мяккім», паказваюцца фотаздымкі Ціханоўскай, Латушкі і іншых дзеячаў беларускіх дэмакратычных сіл.
Пагрозы паступалі з вуснаў намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі генерала Арчакова, які наўпрост сказаў у інтэрв'ю нацыянальнаму тэлебачанню — каналу «Беларусь 1» — аб тым, што лідары беларускай апазіцыі будуць гінуць у аўтамабільных катастрофах.
Гаварыў пра гэта раней намеснік міністра ўнутраных спраў Карпянкоў, які сказаў: «Мы гатовыя да ўчынення тэрарыстычных актаў так, як гэта робяць амерыканцы, па-за межамі Беларусі, для таго, каб знішчаць лідараў беларускай апазыцыі».
Казаў пра гэта і кіраўнік КДБ Церцель, які заяўляў: «Ёсць вопыт НКУС, які мы задзейнічаем». Нядаўна генерал Белаконеў — старшыня парламенцкай камісіі па пытаннях бяспекі — сказаў: «Мы гатовыя забіць 100 дзеячаў беларускай апазіцыі ўзамен аднаго афіцэра КДБ». І сам Лукашэнка гаварыў: «Рукі ў нас доўгія, мы паціху дацягнемся да кожнага».
Можаце ўявіць такую гісторыю, што кіраўнік, які валодае адпаведнымі пасадамі, мае званні, заяўляе гэта ў публічным эфіры і гэта не з'яўляецца злачынствам?
Крымінальная справа яшчэ ў ліпені пададзеная мной у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, генерала Карпянкова, генерала Церцеля, генерала Арчакова, кіраўнікоў КДБ, МУС, Рады бяспекі, а таксама іншых асоб, якія заяўлялі пра спробы або жаданні ўчыніць маё выкраданне, вываз на тэрыторыю Беларусі з мэтай пакарання. Гэта першае.
Я праходжу па гэтай справе ў якасці пацярпелага. Вядома ж, мы тут знаходзімся ў гасцях. І менавіта ад прымаючага боку шмат у чым залежыць наша бяспека, але не толькі ад іх, але і ад нас таксама. Таму тут мы спадзяёмся, што праваахоўныя органы Польшчы распачнуць усе неабходныя дзеянні для таго, каб гарантаваць нашу бяспеку.
Тыдзень таму была распачатая крымінальная справа нібыта аб захопе дзяржаўнай улады ў дачыненні да Ціханоўскай і да мяне. Пагрозы, якія паступаюць, — гэта наступны элемент запалохвання. Гэта значыць, спроба стварыць невыносную псіхалагічную атмасферу, псіхалагічны эмацыйны ціск на нас для таго, каб мы адмовіліся ад актыўных дзеянняў. Гэта не спрацоўвае і не мае эфекту.
Навошта выкарыстоўваюцца злачынныя элементы? Гэта падыход-прыкрыццё. Мы выдатна разумеем, што калі гэта ўчыняе крымінальнік — гэта адно, а калі гэта ўчыняе супрацоўнік спецслужб — гэта зусім іншае.
Аляксандр Азараў, экс-начальнік аддзела ГУБАЗіК, прадстаўнік BYPOL, таксама распавёў у эфіры «Настоящего времени», як, паводле яго інфармацыі, можа быць наладжаная праца беларускіх сілавікоў для ліквідацыі апазіцыянераў за мяжой.
— Раскажыце, хто гэтыя людзі, якіх пералічыў Латушка, якія нібыта рыхтуюць на яго замах: Уладзімір Ціхіня, Аляксандр Кушнераў і Андрэй Поспехаў?
— Уладзімір Ціхіня — гэта былы першы намеснік начальніка ГУБАЗіКа і найстарэйшы супрацоўнік ГУБАЗіКа. Ён у пачатку 90-х прыйшоў на службу і працяглы час узначальваў упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў ГУБАЗіКу. То-бок ён якраз займаўся злачыннымі аўтарытэтамі, займаўся ліквідацыяй банды Марозава ў Гомелі, усіх буйных банд, якія былі ліквідаваныя за час яго службы.
Ён мае вялікі аўтарытэт сярод так званых «злодзеяў у законе» і іншых злачынных аўтарытэтаў. Ён з імі размаўляе асабіста, ён іх нават наведваў у месцах пазбаўлення волі. І многія, я ведаю, пры затрыманні казалі: «Я буду размаўляць толькі з Ціхінем».
Адпаведна, намі таксама была атрыманая інфармацыя, што Ціхіню могуць скарыстаць у ліквідацыі прадстаўнікоў апазіцыі за мяжой. Гэта датычылася BYPOL, Латушкі і штаба Ціханоўскай. Кушнераў якраз, паводле нашай атрыманай інфармацыі, рыхтаваўся да выезду. Мы праверылі гэта, што сапраўды ён звярнуўся ў консульства Польшчы ў Мінску па візу. І дзякуючы нам у гэтым яму было адмоўлена. І неўзабаве Кушнераў быў затрыманы тымі ж супрацоўнікамі ГУБАЗіКа.
— А чаму ён быў затрыманы?
— Намі была атрымана інфармацыя, што ГУБАЗіК яго доўгі час распрацоўваў. І тут незразумела: альбо гэта была сапраўды дэзінфармацыя, што накіроўваюць «злодзеяў у законе», таму што рэальна для «злодзеяў у законе» «западло» для ўлады нешта рабіць, альбо ўсё ж Кушнерава прымусілі і ён па выездзе мог адмовіцца ад гэтых дзеянняў і паведаміць у тыя ж праваахоўныя органы аб тым, што яго накіроўваюць. У нас яшчэ ёсць інфармацыя, што сапраўды рыхтуюць супрацоўнікаў ГРУ для выезду за мяжу.
— ГРУ расійскага?
— Не, беларускага ГРУ. І намі былі вылічаныя некалькі чалавек, якія больш за месяц знаходзіліся ў Польшчы, праводзілі разведку і вярнуліся назад. У нас ёсць іх прозвішчы, персанальныя даныя, мы іх кантралюем з дапамогай спецслужб Польшчы.
— Наколькі Польшча можа эфектыўна абараніць беларускіх апазіцыянераў, акрамя таго, што адмаўляць у візе тым людзям, на якіх вы ўжо паказалі?
— У Польшчы маюцца спецслужбы, якія маюць магчымасці назірання, правядзення разведкі і кантролю за сітуацыяй на тэрыторыі Польшчы дзякуючы нам. Мы з імі шчыльна працуем менавіта якраз па ГРУ і па злачынных элементах. Мы даём ім інфармацыю, і яна эфектыўна выкарыстоўваецца.
Нам вядомы ўвесь асабісты склад ГРУ, так званага шостага аддзела. Яны ў нас усе пад кантролем, і мы ведаем усе дакументы, пад якімі яны заязджаюць, выязджаюць, з кім яны выязджаюць і што яны тут робяць. Мы працуем у гэтым кірунку, гэта наша функцыя — абарона беларусаў, якія знаходзяцца тут.