Беларускія «зялёныя»: 440 папугаяў могуць быць спаленыя ў Мазыры

Беларуская партыя «Зялёныя» занепакоеныя лёсам 440 папугаяў, затрыманых памежнікамі, і прапануюць уладзе дапамогу ў іх утрыманні.



ppopugajji.jpg

Як гаворыцца ў лісце БПЗ, па паведамленні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, 9 лютага на дарозе Глушкевічы — Мілошавічы мазырскія памежнікі канфіскавалі больш за 440 штук папугаяў — амадзінаў, хвалістых, неразлучнікаў, корэл, розел. Дакументаў на жывы тавар у кіроўцы не аказалася. Магчыма, тавар быў перамешчаны ў Беларусь кантрабандна. Па дадзеным факце распачатая праверка, птушкі канфіскаваныя.

Як адзначае БПЗ, у 2008 годзе падобны прэцэдэнт скончыўся спальваннем канфіскаваных птушак. Тады, гэта патлумачылі пагрозай птушынага грыпу. «Мы не сталі рызыкаваць. Птушак усыпілі, а затым спалілі ў спецыяльнай печы. Цяпер ад іх засталася жменька попелу», — заявіў тады прадстаўнік ветслужбы Брэсцкай мытні.

«Па законе, мы маглі б пакінуць папугаяў у карантыне тэрмінам да трох дзён. Але ... Пробы могуць зрабіць толькі ў Менску. Везці туды, потым чакаць вынік — гэта ўжо тыдзень», — адзначыў спецыяліст па лячэнні жывёл.

Пасля такога прэцэдэнту, грамадскасць непакоіцца за лёс канфіскаваных птушак.

БПЗ нагадвае, што з мінулага года ў Беларусі ўведзена крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі і праваахоўныя органы надзелены правам складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па арт. 15.45 КаАП РБ.

Згодна беларускаму заканадаўству жывыя жывёлы праходзяць мытнае афармленне ў паскораным рэжыме. Гэта значыць, што ў бліжэйшы час жывёлы павінны прайсці абавязковы ветэрынарны кантроль. Пры гэтым допуск да працэдуры прыватных ветэрынарных клінік і юрыдычных асоб выключаны. У выпадку выяўлення якіх-небудзь хвароб жывёлы павінны быць змешчаны на каранцін або могуць быць знішчаныя яшчэ да суда.

Грамадскасць, актывісты зоаабарончых і экалагічных арганізацый заклікаюць ветэрынарныя і мытныя службы гуманна паставіцца да трапіўшых у бяду птушак, правесці іх ветэрынарны агляд з прыцягненнем кампетэнтных у хваробах птушак спецыялістаў. БПЗ просіць дзяржаўныя органы дзейнічаць без залішняй перастрахоўкі і захаваць жыццё максімальна магчымай колькасці птушак.

Некалькі актывістаў партыі гатовыя аказаць валанцёрскую дапамогу ў кармленні і доглядзе за птушкамі на месцы і просяць даць ім такую магчымасць.

Таксама, валанцёры гатовы прымаць удзел у далейшым лёсе жывёл і са свайго боку прапануюць аддаць птушак у дзіцячыя дамы або іншыя адукацыйныя ўстановы, батанічныя сады ці нават заапаркі.

Паводле паведамлення Беларускай партыі "Зялёныя"