Выратуйце папугаяў–2. Гісторыя ператвараецца ў дэтэктыў

Беларуская партыя зялёных зноў звяртаецца да грамадскасці і просіць дапамогі. Дзе зараз знаходзяцца папугаі і які іх лёс, не вядома.



1726254.jpg

Фота www.ua.all.biz

Дзякуючы сумесным намаганням грамадства атрымалася не дапусціць жорсткае спаленне птушак. Але, на жаль, гісторыя не скончана, адзначаюць у Беларускай партыі зялёных.

Па стане на ўчорашні вечар было вядома, што ветслужба прызнала птушак здаровымі і гатовая была перадаць Мінскаму заапарку.

Мінскі заапарк рыхтаваўся прыняць птушак, адначасова неабыякавая грамадскасць рыхтавала клеткі, транспарт, дапамогу з далейшым размеркаваннем птушак на пастаяннае месца жыхарства.

Аднак гісторыя з папугаямі не скончаная. Сёння раніцай прадстаўнік Лельчыцкай ветслужбы Кудласевіч Канстанцін Адамовіч паведаміў, што птушак перадалі ў Баранавічы на часовае захоўванне "гаспадару" — гэта значыць чалавеку, у якога іх канфіскавалі на мяжы — каб утрымліваць іх да вырашэння юрыдычных пытанняў і магчымай перадачы ў заапарк.

Гаспадар паводзіць сябе дзіўна. Спачатку ён заявіў, што яго маці выпусціла птушак у акно, і яны паляцелі. Потым — што птушак яму не перадавалі і ў яго іх няма.

Дзе цяпер знаходзяцца папугаі? У чыім яны падпарадкаванні: ветслужбы або мытнага камітэта?

Калі птушкі сапраўды былі перададзеныя чалавеку, які вёз іх кантрабандай, то на якіх падставах? Хто адказны за кантроль над сітуацыяй?

Ці сапраўды іх "проста выпусцілі"? Калі так, гэта азначае немінучую пагібель на марозе. І тады вінаваты павінен быць пакараны за жорсткае абыходжанне з жывёламі па арт. 15.45 КаАП РБ.

Амаль паўтысячы яркіх птушак на вуліцах Баранавічаў не заўважыць складана, гэта павінна было б прыцягнуць увагу жыхароў Баранавічаў.

Варта звярнуць увагу, што гаворка ідзе не толькі пра лёс птушак саміх па сабе, але і аб праве грамадзян атрымліваць інфармацыю і ўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі структурамі.

Паводле прэс-службы Беларускай партыі зялёных