Мінпрыроды: канфіскаваныя папугаі не будуць знішчаныя

Мінпрыроды запэўнівае, што канфіскаваныя на беларуска-ўкраінскай мяжы папугаі знішчаныя ня будуць, хоць інфармацыя пра лёс птушак паступае даволі супярэчлівая.



1283_image1.jpg

Канфіскаваныя на беларуска-ўкраінскай мяжы папугаі не будуць знішчаныя, заявіла БелаПАН начальнік аддзела біяразнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ксенія Панцялей.

Яна запэўніла, што птушкі ў любым выпадку застануцца жывыя. «Мы цяпер вырашаем гэтыя пытанні: ёсць пэўны парадак, які неабходна выканаць і ў адпаведнасці з якім мы будзем даваць рэкамендацыі па далейшым лёсе птушак», — паведаміла Панцялей, дадаўшы, што як адзін з варыянтаў разглядаецца перадача папугаяў Мінскаму заапарку.

Між тым месцазнаходжанне птушак на дадзены момант невядомае — інфармацыя чыноўнікаў разыходзіцца.

Так, начальнік Мазырскага памежна-кантрольнага ветэрынарнага пункта Уладзімір Піліпончык паведаміў БелаПАН, што папугаі перададзеныя Лельчыцкай раённай ветэрынарнай станцыі. «Я думаю, што для гэтых птушак вызначылі нейкае памяшканне. Зразумейце правільна: на сённяшні дзень у раёнах няма спецыялізаваных памяшканняў для ўтрымання дадзенай птушкі. Але кормяць, пояць іх — адназначна», — сказаў ён.

Лёс птушак, па словах Піліпончыка, будзе вырашаць суд. «Можа, суд палічыць патрэбным знішчыць гэты від тавару метадам усыплення, а потым спальвання, можа, будзе вяртанне птушкі або пастаноўка на каранцін. Калі няма ветэрынарных дакументаў, хто дасць гарантыю, што яна не інфікаваная? Вы што, хочаце ў рэспубліку завезці птушыны грып?» — пацікавіўся ён.

У сваю чаргу кіраўнік Лельчыцкай райветстанцыі Канстанцін Кудласевіч заявіў БелаПАН, што птушкі знаходзяцца ў Баранавічах, хоць незадоўга да гэтага ён паведаміў абаронцам жывёл, што папугаі ў іх на ветстанцыі, яны накормленыя і напоеныя, рыхтуецца ветэрынарнае вызначэнне.

Нагадаем, 9 лютага на дарозе Глушкевічы — Мілошавічы мазырскія памежнікі выявілі ў аўтамабілі жыхара Баранавічаў больш за 440 папугаяў — амадзінаў, хвалістых, неразлучнікаў, карэл і разел. Дакументаў на жывы тавар у кіроўцы не аказалася, была распачатая праверка, птушкі канфіскаваныя.

Актывісты зоаабарончых і экалагічных арганізацый заклікалі ветэрынарныя і мытныя службы «гуманна паставіцца да трапіўшых у бяду птушак, правесці іх ветэрынарны агляд з прыцягненнем кампетэнтных у хваробах птушак спецыялістаў». «Просім дзяржаўныя органы дзейнічаць без залішняй перастрахоўкі і захаваць жыццё максімальна магчымай колькасці птушак», — гаворыцца ў заяве Беларускай партыі «Зялёныя».