Без саюзаў
Чым бліжэй падыходзіць час да запуску любімай гулькі Уладзіміра Пуціна — Еўразійскага эканамічнага саюза, тым больш неахвотна ставяцца да гэтай ідэі ягоныя хаўруснікі. Як высветлілася нядаўна, Аляксандр Лукашэнка наогул незадаволены тым, як развіваюцца падзеі.
І на прэс-канферэнцыі расійскім журналістам 11 кастрычніка, і падчас прэс-канферэнцыі для СМІ СНД беларускі кіраўнік распавёў пра сваё бачанне ЕЭС. Найперш, гэта тычыцца ўсялякіх мытаў, тарыфаў і збораў. Лукашэнка прызнаўся, што свядома ўкінуў расійскім журналістам інфармацыю пра адмену ўсіх абмежаванняў і выключэнняў у Мытным саюзе з 1 студзеня 2014 года. «Калі дамовіліся, дык давайце ствараць рэальную адзіную эканоміку, і здымем гэтыя выключэнні. Калі гэта Мытны саюз, а заўтра — Еўразійскі эканамічны саюз, і мы прэтэндуем на тое, каб ён быў шчыльнейшы, чым Еўрасаюз, то паўстае пытанне: ці ёсць такія класічныя ўтварэнні? Ёсць. Яны функцыянуюць, дзе няма ніякіх выключэнняў і абмежаванняў», — заявіў ён на сустрэчы з рэдактарамі СМІ СНД.
«Хочуць казахі прапампоўваць нафту ў Беларусь — аднолькавы доступ, хоча Казахстан пастаўляць сваю прадукцыю ў Еўропу праз Беларусь — аднолькавыя ўмовы. А цяпер у нас куча выключэнняў», — панаракаў Лукашэнка.
Па ягоным меркаванні, для Расіі проста было б увесці бестарыфныя рэжымы, прадаваць Беларусі энергарэсурсы па ўнутрырасійскіх коштах і без усялякіх экспартных пошлінаў. «Чаго Расіі баяцца Беларусі? Мы што, задушым вас, з’ядзім? У нас 5–7% эканомікі ад расійскай», — сказаў ён.
«Роўныя — значыць па ўсіх напрамках роўныя. Сёння ў СМІ ўкінуты тэзіс, што 1 студзеня гэтага не будзе. Калі гэты так, то незразумела. Пытанне вельмі сур’ёзнае. Дзе-нідзе хтосьці саступае, дзесьці нешта губляе. Нават калі гэта адбілася палітычна на Расіі, Беларусі і Казахстане, то гэта не было б так хваравіта, была б пэўнасць для людзей, было б святло ў канцы тунэлю», — заявіў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што зняцце абмежаванняў у рамках Мытнага саюза «не смяротна для Расіі».
Смяротна гэта для Расіі ці несмяротна, павінны вырашыць самі расіяне. Тая ж «распушчальна-разбаўляльная афера», якой мы займаліся да 2012 года, нанесла Расіі страты на больш чым 2 мільярды долараў. Калі палічыць экспартныя пошліны на нафту, то мы аддаем Расіі 4 мільярды долараў штогод.
Варта таксама зазначыць, што Аляксандр Рыгоравіч выдатна разумее: ні з 1 студзеня 2014 года, ні з 2015-га гэтыя пошліны скасаваныя не будуць. Ні ў межах Мытнага саюза, ні ў межах ЕАС: у бюджэт Расіі экспартныя пошліны з Беларусі закладзеныя аж да 2016 года ўключна. У наступным годзе Расія плануе атрымаць ад Беларусі каля 113 мільярдаў расійскіх рублёў, у 2015 годзе — 107 мільярдаў, а ў 2016 годзе — 102 мільярды расійскіх рублёў.
Ці, можа, Лукашэнка гэтага не ведае?
Беларускі кіраўнік таксама незадаволены працай Еўразійскай эканамічнай камісіі і выказаў гэтае незадавальненне падчас той жа прэс-канферэнцыі СМІ СНД. «Па-мойму, тысяча з лішнім чалавек працуе ў гэтай камісіі. Туды, па-першае, павінны прыйсці кіраўнікі, нацэленыя ў будучыню, якія жадаюць працаваць. Адстойнікам гэтая камісія быць не павінна. Я асабіста не задаволены гэтай працай: няма чагосьці сапраўднага, прарыўнога, няма такіх прапаноў», — заявіў Лукашэнка.
Што «прарыўное» Лукашэнка хоча атрымаць ад былога прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага альбо ад экс-намесніка міністра сельскай гаспадаркі Надзеі Каткавец, якія працуюць у той самай ЕАК, Лукашэнка не паведаміў.
Было яшчэ некалькі «званочкаў» ад Лукашэнкі. Напрыклад, пра тое, што ўдзельнікі будучага ЕЭС павінны заставацца незалежнымі і суверэннымі дзяржавамі, і што няма неабходнасці ў пераходзе на адзіную валюту ў межах гэтага аб’яднання.
Усё гэта можа азначаць толькі тое, што Аляксандр Рыгоравіч рыхтуецца паламаць любімую цацку Пуціна. ЕЭС, як ужо казалася неаднаразова, павінен запрацаваць з 1 студзеня 2015 года. У тым жа годзе ў Аляксандра Рыгоравіча чарговыя прэзідэнцкія выбары, на якіх без падтрымкі Расіі — нікуды. Дый куды яму рухацца пасля 1 студзеня 2015-га? Захад не прымае і не прыме своеасаблівую палітыка-эканамічную мадэль Беларусі, на яе скрозь пальцы толькі Расія глядзіць. А таму трэба і Расію ўлагодзіць, і «дзевачкай застацца».
Таму Лукашэнка прапрацоўвае глебу для таго, каб наступнае інтэграцыйнае ўтварэнне спасціг лёс мінулых падобных аб’яднанняў. Канешне, 1 студзеня 2015 года можна аб’явіць пра запуск ЕЭС, можна піць шампанскае і біць посуд. Але падаецца, што ЕЭС спасцігне той жа лёс, што і шматпакутную Саюзную дзяржаву. Як толькі высветлілася, што ў Саюзнай дзяржаве нафта для Беларусі не будзе каштаваць столькі ж, колькі для расійскіх рэгіёнаў, што Беларусь не атрымае эмісійнага цэнтру, і ўвогуле, што «мухі — асобна, катлеты — асобна», то і ўвесь праект быў пахаваны.
Тэарэтычна, Саюзная дзяржава з Расіяй у нас існуе дагэтуль. Пра яе, у асноўным, згадваюць тыя, хто з гэтага праекта корміцца. Кормяцца з гэтага вайскоўцы, кормяцца з гэтага нейкія сумесныя праекты, кшталту суперкампутара і асваення касмічнай прасторы. Кормяцца з гэтага «саюзныя СМІ». Але ж ці варта было для такога супрацоўніцтва ствараць «дзяржаву»?
Тое ж самае, падобна, атрымаецца і з ЕЭС. А за правал, па словах нашага кіраўніка, традыцыйна адкажа Расія. Гэта ж яны, бякі, не выканаюць умоваў для рэалізацыі ЕЭС — то бок, не адменяць пошліны. А калі і адменяць, знойдзецца яшчэ нешта. Нездарма Лукашэнка казаў пра «прарыўныя» праекты — ізноўку будзе нараканне на тое, што «навошта нам новае ўтварэнне, калі ў старых аб’яднаннях мы дасягнулі большага прагрэсу».
Да таго ж, можна спаслацца і на «голас народа». На мінулым Сойме Партыі БНФ лідар гэтай структуры Аляксей Янукевіч адной з прыярытэтных задачаў для партыі на будучыню вылучыў супрацьстаянне ўтварэнню ЕЭС. Па ягоных словах, у грамадстве трэба зрабіць такія настроі, каб Аляксандр Лукашэнка альбо адмовіўся б ад удзелу ў ЕЭС, альбо перавёў працэс у застойную фазу.
Падаецца, што застойную фазу інтэграцыі Аляксандр Рыгоравіч забяспечыць новаму стварэнню па ўласнай ініцыятыве.