Былы следчы: Адабраць маёмасць у падазраванага дзяржаве не так проста
У беларускіх уладаў з'явіўся новы від ціску на палітычных актывістаў — затрыманне сваякоў і пагроза адабраць нерухомасць. «Салідарнасць» папрасіла эксперта даць прававую ацэнку гэтаму «трэнду».
— Затрыманні сваякоў лідараў апазіцыі — гэта адзін са спосабаў ціску на дадзеных палітыкаў. Наколькі гэта законна — пытанне рытарычнае.
З улікам таго, што ў сілавікоў ёсць карт-бланш на масавыя рэпрэсіі і паўсюдны
гвалт, гэта здзіўлення не выклікае, — адзначыў у экспрэс-каментары былы следчы Ілля Рокач.
А вось адносна накладання арышту на чыю-небудзь маёмасць,
удакладняе суразмоўца, у нашым заканадаўстве ёсць зусім выразныя нормы.
— Што тычыцца пагроз адбірання розных актываў і накладання
арышту на маёмасць, то адразу скажу: дзяржаве адабраць маёмасць і забраць яе ў
сваю ўласнасць у падазраванага ці абвінавачанага не так проста.
Ёсць артыкул 132 КПК РБ, які рэгламентуе парадак і падставы арышту на
маёмасць. Паводле яго, арышт на маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці іншых
асоб, накладаецца на час папярэдняга расследавання і (або) судовага разбору. А
лёс арыштаванай маёмасці вырашаецца пасля вынясення судовага рашэння па
крымінальнай справе і яго ўступлення ў законную сілу.
Асобна адзначу, што МУС / СК / КДБ мае права з санкцыі пракурора
або яго намесніка накласці арышт на маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці
іншых асоб (чытай: сваякоў падазраванага / абвінавачанага), для праверкі яе фактычнай прыналежнасці, крыніц паходжання і законнасці адчужэння.
Але толькі калі ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што
гэтая маёмасць была адчужана падазраваным / абвінавачаным у мэтах утойвання
прыналежнасці або крыніц паходжання такой маёмасці альбо для фінансавання
тэрарыстычнай дзейнасці, тэрарызму, экстрэмісцкай дзейнасці (экстрэмізму) і
інш.
У выпадку, калі дадзеная інфармацыя не пацвярджаецца,
пастанова аб накладанні арышту на маёмасць падлягае адмене.
Згодна з тым жа артыкулам 132 КПК, арышт на маёмасць, які накладаецца ў мэтах забеспячэння пакрыцця шкоды, прычыненай злачынствам, спагнання даходу, атрыманага злачынным шляхам, грамадзянскага
пазову, іншых маёмасных спагнанняў, не можа быць накладзены на маёмасць,
названую ў дадатку да КПК. Маецца на ўвазе, напрыклад, жылы дом, кватэра або
асобныя іх часткі, калі асоба, на маёмасць якой накладаецца арышт, і яе сям'я
пастаянна ў іх пражываюць і г. д.
Мяркую, што заявы аб адабранні маёмасці хутчэй носяць
галаслоўны характар і паказваюць на магчымыя ў будучыні дзеянні. Не выключана,
што іх вырашаць «падмацаваць» зменамі ў крымінальнае заканадаўства.
Успомніце, як нядаўна мусіравалася ініцыятыва аб унясенні змен у КК аб «завочных» прысудах грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой. Дакладна так можа быць вырашаны і лёс арыштаванай маёмасці, — не выключае суразмоўца.