Былы вайсковец: Лукашэнку падтрымліваюць у асноўным камандзіры

Валерый Лявончык адслужыў у арміі пяць гадоў. І меў намер служыць як мінімум яшчэ столькі ж, але ўвечары 9 жніўня трапіў пад міліцэйскі "хапун". Калі праз тры дні хлопец выйшаў з ІЧУ і патэлефанаваў у сваю частку, яму паведамілі, што ён "даўно ўжо звольнены".

Валерый Лявончык на тэрыторыі сваёй вайсковай часткі. Фота: асабісты архіў героя артыкула

Валерый Лявончык на тэрыторыі сваёй вайсковай часткі. Фота: асабісты архіў героя артыкула


Валерый расказаў Intex-press, як апынуўся на плошчы, што адбывалася пасля затрымання, як вайскоўцы ставяцца да Лукашэнкі і чаго ён цяпер больш за ўсё баіцца.
Валерый Лявончык служыў па кантракце ў адной з вайсковых частак Баранавічаў. Даслужыўся да прапаршчыка, займаў матэрыяльна адказную пасаду тэхніка-начальніка склада. Праца яго задавальняла, у мінулым годзе ён падоўжыў кантракт на пяць гадоў і меў намер служыць далей. Але адзін вечар перакрэсліў усе яго планы.

Няўдалае спатканне

9 жніўня ў Валерыя быў выходны. Ён быў дома (хлопец здымае кватэру ў Паўднёвым мікрараёне) і перапісваўся з дзяўчынай, маючы намер вечарам з ёй сустрэцца.
— Дзяўчына жыве ў цэнтры горада. Мы перапісваліся, але потым стала знікаць сувязь. Я вырашыў пайсці да кінатэатра "Кастрычнік" і ўжо адтуль паспрабаваць з ёй звязацца, — успамінае падзеі таго вечара Валерый. — Пра тое, што менавіта ў гэты дзень у горадзе будуць нейкія мітынгі, я не ведаў. Думаў, усё пачнецца 10-га чысла, калі абвесцяць вынікі выбараў.
Па словах хлопца, калі ён падышоў да кінатэатра, пляцоўка каля яго была зусім пустой.
— Каля фантана не было ні аднаго чалавека. Я сеў на лавачку, каб адправіць паведамленне, але да мяне тут жа падышлі супрацоўнікі міліцыі, узялі пад рукі і павялі ў аўтобус, — распавядае ён.
Па дарозе Валерый спрабаваў высветліць, за што яго затрымалі, прапаноўваў проста перайсці ў іншае месца, калі ён нешта парушае. Але яму адказалі толькі, што разбірацца ва ўсім будуць у міліцыі.
— Я падумаў: ну добра, разбяруцца, я ж нічога не парушаў, — распавядае Валерый.
Але ў гарадскім аддзеле міліцыі, па словах хлопца, яго толкам нават не слухалі.
— Я ім тлумачу сітуацыю, кажу, што выйшаў у горад ненадоўга, што ў мяне нават форма ў тазе замочаная ляжыць, таму што на службу заўтра заступаць. Але ніхто не слухаў наогул, — успамінае былы прапаршчык.

Валерый Лявончык з калегамі. Фота: асабісты архіў героя артыкула

Валерый Лявончык з калегамі. Фота: асабісты архіў героя артыкула



"Пытаўся, колькі нам заплацілі"

Хлопца змясцілі ў ІЧУ. У адной камеры з ім апынуўся каталіцкі святар і кліент піцэрыі, які проста выйшаў адтуль у не той момант. Ноч была бяссоннай: людзям паабяцалі, што іх раніцай адпусцяць, таму яны правялі гэты час у размовах.
Але замест вызвалення пачаліся допыты.
— Спачатку мяне дапытвалі супрацоўнікі ГАУС. Я ўсё ім патлумачыў, але мне сказалі, што са слоў нейкага іх супрацоўніка я бунтаваў і на просьбы супакоіцца не рэагаваў, аказваў супраціў. Запатрабавалі падпісаць пратакол. Я кажу: Я ж нічога гэтага не здзяйсняў, як я магу такое падпісаць? На што мне адказалі, што калі я не падпішу, то ў бліжэйшы час магу не выйсці, — распавядае Валерый.
Хлопец вырашыў, што "прасцей штраф заплаціць, чым сядзець невядома колькі", і напісаў, што з прад'яўленымі абвінавачваннямі згодны часткова.
— Пасля гэтага прыбыў супрацоўнік з КДБ. Пытаўся, колькі нам заплацілі. Мае тлумачэнні ён слухаць не хацеў. Я падумаў, што, можа, хоць суддзя мяне пачуе. Але варта было мне зайсці ў кабінет, дзе нас судзілі, я адразу зразумеў: што б я ні сказаў, усё ўжо вырашана: на стале была папера з маім пакараннем, — кажа Валерый.
Яму далі сем сутак арышту. Аднак ужо на трэція суткі нечакана адпусцілі.
— Я так і не зразумеў чаму, — кажа Валерый. — Як толькі выйшаў, адразу патэлефанаваў камандзіру часткі, патлумачыў сітуацыю, спытаў, што мне рабіць. Камандзір сказаў: "Не перажывай, на працу можаш не хадзіць, ты ўжо даўно звольнены".

Валерый пасля пікету Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: асабісты архівы героя

Валерый пасля пікету Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: асабісты архівы героя



"Рыхтуюся да судоў"

Да свайго звальнення Валерый паставіўся па-філасофску. Маўляў, гэта проста праца: сёння ёсць, заўтра няма. Да таго ж ён не хавае, што сам падтрымлівае Святлану Ціханоўскую, нават хадзіў на яе пікет, калі яна прыязджала ў Баранавічы, пра што яго начальства ведала і нават адчытвала пасля.
— Я схадзіў на пікет, сфатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сцягам, таму што ён мне падабаецца, паставіў гэта фота на аватарку ў сацыяльных сетках. Так камандзір часткі выпісаў усіх кантрактнікаў, якія "лайкалі" фота, і пад пагрозай звальнення запатрабаваў прыбраць гэтыя "лайкі", — кажа Валерый Лявончык. — Але я ведаю, што многія вайскоўцы галасавалі за Ціханоўскую, а Лукашэнку падтрымліваюць у асноўным камандзіры і іх намеснікі. Проста запалохваюць усіх: хтосьці баіцца страціць працу, хтосьці — жыллё, хтосьці сядзіць у арміі, таму што рукі не з таго месца растуць. Але маё меркаванне — Ціханоўская перамагла.
Тым не менш ёсць адна акалічнасць, якое хлопца моцна турбуе. Нават палохае: тое, што яго склад перадаюць камусьці без яго.
— Калі я прымаў склад, праводзілі інвентарызацыю, ставілі подпісы пад дакументамі. А цяпер гэтую пасаду прымаюць без мяне, у аднабаковым парадку. І калі раптам чагосьці "недалічацца", я ўжо нічога не дакажу. Так што рыхтуюся да судоў, — кажа Валерый.
Са слоў хлопца, ужо цяпер яму вядома, што ён павінен будзе выплаціць больш за 6,5 тысячы рублёў: "за нявыноску формы" і выплаты, атрыманыя ім пры падаўжэнні кантракту. Пра тое, якія яшчэ наступствы могуць быць, Валерый нават думаць баіцца. Тым больш што ваенны білет яму пакуль не аддалі.