«Лепш адседзець два гады ў турме за ўхіленне ад прызыву, чым трыбунал». Меркаванне
Вельмі хутка многія з тых маладзёнаў, якія выходзяць на акцыі пратэсту, будуць вымушаны зрабіць выбар, перад якім стаіць зараз наш чытач Міхаіл Чарнавокі. «Я піяніст, вучыўся ў Акадэміі музыкі. Я і раней не рваўся ў войска, але калі б мяне прызвалі, я б змірыўся. Але цяпер я не змагу з гэтым змірыцца», — напісаў ён у лісце ў НЧ.
«Справа ў тым, што я, мае бацькі і сястра супраць Лукашэнкі і актыўна праяўляем сваю пазіцыю.
Я і мая сям'я будуць выходзіць, каб адстойваць свае правы. Але мяне прызываюць у войска, што б я супрацьстаяў свайму народу і сваім жа родным, абараняў нелегітымную ўладу і выконваў злачынныя загады. Я не ведаю, як будзе развівацца сітуацыя далей. Па паводзінах крывавага і вар'яцкага дыктатара і выказванням міністра абароны ёсць верагоднасць, што яны пойдуць да канца. Я не хачу запляміць сваё сумленне і годнасць.
Па мне так лепш адседзець два гады ў турме за ўхіленне ад прызыву — гэта лепш, чым трыбунал. Раскажыце, калі ласка, можа ёсць нейкі выхад з гэтай сітуацыі, бо я не хацеў бы станавіцца вязнем сумлення. Я б хацеў, што б гэтая сітуацыя асвятлялася і мой зварот дапамаг іншым прызыўнікам, якія патрапілі ў такую ж сітуацыю».
Прызыў на тэрміновую вайсковую службу ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць з жніўня па лістапад. Калі вы можаце нешта параіць Міхаілу ці захочаце падтрымаць хлопца, ці выказаць свае меркаванне на гэты конт, калі ласка, напішыце ў рэдакцыю: novychas@gmail.com