Ці дастаткова захадаў «Белавія» для нераспаўсюду каронавірусу?

Як заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Казахстан Дыяс Ахметшарып, на борце авіякамапані «Белавія» былі выяўленыя два пасажыры, 1972 і 1981 гадоў нараджэння, інфікаваныя каронавірусам. 

Самалёт Embraer E195LR (б/н EW-399PO) авіякампаніі «Белавія» / Jetphotos, Kuba Majek

Самалёт Embraer E195LR (б/н EW-399PO) авіякампаніі «Белавія» / Jetphotos, Kuba Majek


Самалёт выконваў палёт паводле маршруту Мінск — Нур-Султан, аднак быў перанакіраваны ў Караганду. «Новы Час» верыфікаваў гэтую інфармацыю і атрымаў дадатковыя звесткі.
Паводле дадзеных кыргызстанскага інфармацыйнага рэсурсу AKIpress, усе 67 пасажыраў самалёта авіякампаніі «Белавія», які здзяйсняў рэйс з Мінска ў сталіцу Казахстана Нур-Султан (колішняя Астана), патрапілі ў каранцін. Беларуская авіякампанія перавозіла грамадзянаў Кыргызстану, якія вярталіся з еўрапейскіх краінаў.
Згодна з данымі гісторыі палётаў анлайн-сэрвісу Flighradar24, які надае інфармацыю з трэкінга камерцыйных авіярэйсаў, адзіным бортам з Мінска, які накіроўваўся ў Нур-Султан і быў перанакіраваны ў аэрапорт Караганды, з’яўляецца рэйс B2775 авіякампаніі «Белавія». Супрацоўнікі міжнароднага аэрапорту Нур-Султан пацвердзілі «Новаму Часу», што вядзецца менавіта пра гэты борт.
17 сакавіка 2020 года рэйс B2775 здзяйсняў самалёт Embraer E195LR (бартавы нумар EW-399PO, с/н 19000667). Ён быў выраблены ў 2014 годзе, у красавіку гэтага ж года паступіў у паветраны флот кампаніі «Белавія».
Вызначана, што з нацыянальнага аэрапорту «Мінск» борт выляцеў 17 сакавіка а 20.15 паводле мінскага часу і а 03:15 мясцовага часу меўся прызямліцца ў аэрапорце  Нур-Султана, аднак быў перанакіраваны ў аэрапорт Караганды, у якім прызямліўся а 03:11. Характэрна, што ўсе іншыя палёты гэтага рэйсу, а таксама другога (B2773), якія папярэднічалі яму і адбываліся пасля, не былі скіраваныя ў Караганду, а выконвалі палёты ў штатным рэжыме. Вынікае, што менавіта падчас палёту на гэтым самалёце ў пасажыраў былі выяўленыя сімптомы захворвання каронавірусам, і ў межах захавання каранцінных захадаў рэйс B2775 перанакіравалі не ў сталіцу, але ў суседнюю Караганду.
Цікава, што з Караганды самалёт вылецеў практычна праз гадзіну пасля пасадкі, а 04.15, і праз паўгадзіны, а 04.44 прызямліўся ў Нур-Султане. Ужо праз сорак хвілінаў, а 05.34 з Нур-Султана ён вылецеў назад у Мінск, куды прыляцеў а 06.24 (час палёту — амаль 4 гадзіны, у зімовы час розніца ў часе між сталіцамі Казахстана і Беларусі — 3 гадзіны).

Скрыншот сэрвісу Flightradar24 з данымі палёту лятака рэйсу B2775 кампаніі «Белавія»

Скрыншот сэрвісу Flightradar24 з данымі палёту лятака рэйсу B2775 кампаніі «Белавія»


Ужо на наступны дзень, 19 сакавіка, самалёт працягнуў выконваць палёты паводле звычайнага раскладу: а 08.11 ён вылецеў у Маскву і 20 сакавіка вярнуўся назад.

Трэкінг вяртання самалёта рэйсу B2775 з Нур-Султана ў Мінск

Трэкінг вяртання самалёта рэйсу B2775 з Нур-Султана ў Мінск


Ці здзяйсняліся належныя санітарна-эпідэміялагічныя захады на борце самалёта яшчэ ў Казахстане? Як паведаміў «Новаму Часу» начальнік аддзелу па надзвычайных сітуацыях аэрапорту Нур-Султан Марат Кундакбаеў, для выканання ўсіх дэзінфекцыйных захадаў на борце самалёта патрэбна больш за гадзіну часу. Таксама ён дадаў, што самалёты з Беларусі пакуль не патрапляюць пад падвышаны каранцінны кантроль, гэта датычыць толькі бартоў з краінаў — асноўных агмянёў распаўсюду каронавірусу на гэты момант: Кітаю, Ірану і Італіі.
З гэтага вынікае, што, цалкам мажліва, ані ў Карагандзе, ані ў сталіцы Казахстана ў самалёце «Белавія», у якім былі выяўленыя інфікаваныя карановірусам пасажыры, не здзяйсняліся належныя дэзінфекцыйныя захады. У прэс-службе авіакампаніі «Белавія» паведамілі, што дэзінфекцыя самалёта рэйсу B2775 была здзейсненая, аднак не пацвердзілі інфармацыю, ці былі пасажыры на зваротным рэйсе з Нур-Султана ў Мінск. Таксама прэс-служба адмовілася надаваць звесткі адносна змяшчэння экіпажу самалёта і бортправаднікоў у каранцін.
«Новы Час» звярнуўся з пытаннем і да прэс-службы Нацыянальнага аэрапорту «Мінск», каб высветліць, чаму інфікаваныя каронавірусам былі выяўленыя не на тэрыторыі аэрапорту, але ўжо непасрэдна на борце самалёта «Белавія». У выніку атрымалі інфармацыю пра тое, што санітарна-эпідэміялагічны кантроль у аэрапорце здзяйсняюць супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, аднак праводзіцца ён толькі і выключна ў дачыненні да тых пасажыраў, якія прылятаюць у галоўную беларускую паветраную гавань. Кантроль пасажыраў на вылет практычна адсутнічае.
На жаль, гэта можа сведчыць пра адсутнасць паўнавартаснага санітарна-каранціннага кантролю ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», у межах якога мае здзяйсняцца пераверка ўсіх пасажыраў, але не толькі тых, якіх прылятаюць у Беларусь. Праз гэтыя дзеянні, ці, больш слушна, іх адсутнасць, можа адбывацца пашырэнне эпідэміі каронавірусу, што яскрава дэманструе выпадак з выяўленнем інфікаваных пасажыраў на борце самалёта кампаніі «Белавія», які вылецеў з Мінска і выконваў міжнародны рэйс. Гэта не толькі ўплывае на міжнародны прэстыж нашай краіны, але наўпрост закранае пытанні нацыянальнай бяспекі Беларусі, абароны жыцця і здароўя нашых уласных грамадзянаў.