Ці ёсць жыццё ў Копысі? Як дзве дзяржаўныя газеты абвяргалі адзін «экстрэмісцкі» паблік

Гэтая гісторыя пачалася са звычайнай скаргі. Жыхар пасёлка Копысь, што ў Аршанскім раёне, наважыўся паскардзіцца на заняпад жыцця ў правінцыі, распавядае БАЖ. Свой ліст ён адрасаваў асабіста Аляксандру Лукашэнку — як земляку і ўплывовай асобе, здольнай, на думку адрасанта, адрадзіць усё, што страцілі мясцовыя жыхары за апошнія гады.

Копысь. Фота з вікіпедыі

Копысь. Фота з вікіпедыі

Невядома, якімі шляхамі, але гэтая скарга трапіла да адміністратараў аднаго з віцебскіх паблікаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі». І замест таго, каб проста не заўважыць, што там пішуць «у інфармацыйнай памыйцы», як кажуць праўладныя прапагандысты, адразу дзве дзяржаўныя газеты — аршанская раённая і віцебская абласная — узяліся абвяргаць выкладзенае ў лісце, які, напэўна, яшчэ нават і не дайшоў да адрасата.

Праз пару дзён пасля таго, як ліст жыхара Копысі прадэманстравалі ў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале, у «Аршанскай газеце» выйшаў артыкул «Чем живет Копысь сегодня?». Артыкул натхніў журналіста і рэдактара незалежнага сайта orsha.eu Ігара Казмярчака выказаць уласнае бачанне падзей: «Жыхар Копысі напісаў наступнае: насельніцтва малой радзімы Лукашэнкі вымірае і выязджае. У пасёлку закрыўся сырзавод, пякарня, будынак мясцовага лясніцтва выстаўлены на продаж, закрыліся дзве кавярні. Ну, і яшчэ крыху па дробязі, што не ўнікальна, і ў іншых мястэчках ды вёсках таксама адбываецца. І вось, каб абвергнуць гэты негатыў, у Копысь у снег і непагадзь выпраўляюць журналістку «Аршанскай газеты» Людмілу Маршаловіч. Неўзабаве выйшаў яе поўны аптымізму (рэдакцыі так падаецца) артыкул пра рэальныя (чытачам так павінна падавацца) справы ў мястэчку».

Што спрабуе давесці журналістка, пералічыць таксама няцяжка. Копысь, маўляў, адзін з найлепшых пасёлкаў раёна. Не паспрачаешся: населеных пунктаў, якія маюць статус пасёлка, на Аршаншчыне ўсяго тры. Так, копыскі цэх па вытворчасці сыроў сапраўды закрыты, але мае перспектывы — яго выкупіла фермерская гаспадарка. І будынак лясгаса закрыты, але ён гатовы да продажу і проста чакае свайго пакупніка. І кавярні насамрэч не працуюць. Адну перадалі стратнаму Дому рамёстваў, які яшчэ не прыдумаў, як яе выкарыстаць, а другую выкупіў новы ўладальнік і пакуль што афармляе дакументы. «Пра старую копыскую пякарню, якая зачынілася ў 2003 годзе, ужо мала хто і згадвае», — піша журналістка. Затое ў Копысі створана брыгада работнікаў «Спецаўтабазы», ёсць пара-тройка харчовых крам, тут усё яшчэ працуюць школа і пошта, а ў мясцовым Доме культуры рыхтуюць навагоднюю праграму.

«Сёння пасёлак Копысь жыве сваім цікавым і насычаным жыццём», — так «Аршанская газета» завяршае тэкст, закліканы абвергнуць усё, што было выкладзена ў скарзе мясцовага жыхара, а потым трапіла ў прастору інтэрнэту. 

У артыкуле «Чем уникален городской поселок Копысь в Оршанском районе?», напісаным Вольгай Хаецкай для газеты «Витебские вести», шмат статысткі. З яго чытач можа даведацца, што ў Копысі жывуць 795 чалавек, і больш як палова — людзі працаздольнага ўзросту, што ў мясцовай школе — 72 вучні, праўда, няма 10 і 11 класаў — моладзь паехала вучыцца ў вялікія гарады. А яшчэ ў гэтым тэксце выкарыстана вельмі шмат квяцістых выразаў, каб канчаткова пераканаць чытача, што Копысь — гэта «настоящий сгусток истории и настоящая «деревня будущего», дзе «с высокого берега виден открытый благодаря заботе о малой родине главы государства Александра Лукашенко мост, соединяющий Витебскую и Могилевскую области».

«Если до 2003 года это был умирающий поселок, то сейчас Копысь — образец для подражания» — у гэтых словах заключаны галоўны пасыл артыкула. Бо тут ёсць святло, газ і цэнтральная сістэма водазабеспячэння, тут заасфальтаваныя вуліцы, а ўздоўж іх — пафарбаваныя платы.


Глядзіце таксама

А наконт таго, чаго ў Копысі няма і пра што піша ў сваёй скарзе да Лукашэнкі мясцовы жыхар, дык выснова аўтаркі артыкула простая: так нават і лепей. Прыкладам, не стала ў пасёлку пякарні, дзе пяклі «исключительный хлеб, рецепты которого уже утрачены», дык і не трэба, бо «в магазинах представлен широкий ассортимент хлебо-булочных изделий».

Згадваецца ў артыкуле і тое, што Копысь у якасці месца жыхарства прываблівае нават іншаземцаў: тут ёсць сем’і з Расійскай Федэрацыі і з Казахстана, і нават нямецкія сваякі казахстанскіх перасяленцаў «напісалі заявы на набыццё ўчастка пад будаўніцтва».

Здавалася б, усё — пераканалі нават самых недаверлівых чытачоў. Але ж не: наўздагон «Аршанская газета» размяшчае яшчэ адзін артыкул «Как это сделано. Копысь — место для жизни».

Аўтар тэксту гэтым разам не названы, як і аўтары фотаздымкаў і відэа, што складаюць большую частку публікацыі. Чытачу прапануецца на ўласныя вочы паглядзець, як «в любую пору года Копысь чарует своей красотой». Тут на здымках прадпрыемствы, якія вось-вось пачнуць працаваць, і кавярня, дзе «ўжо ўвосень 2024 года запрацуе міні-пякарня», і бальнічная палата, і школьны клас, і сувенірныя вырабы мясцовых майстроў. Карацей, усяго, «что сделано для комфорта людей на малой родине президента».

Магчыма, у гэтым і ёсць разгадка надзвычайнай актыўнасці дзяржаўных СМІ: жыхар Копысі наважыўся напісаць пра заўважаныя ім недахопы самому Лукашэнку?

Але ёсць і іншы бок у гэтай публічнай спрэчкі, ініцыяванай афіцыйнымі выданнямі. На пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі, якое прайшло 1 снежня ў Віцебску, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў зноў заяўляў, што праца «рэгіянальнай прэсы мае важнае значэнне ў эпоху істотнай трансфармацыі і інфармацыйнай вайны».

Незадоўга да таго мясцовым уладам давялося канстатаваць, што дзяржаўныя медыя саступаюць недзяржаўным у выкладанні навін, і гэтым яны фарміруюць у чытачоў «няправільнае» ўспрыманне рэчаіснасці. Таму перад рэгіянальнымі СМІ паставілі задачу — «максімальна падвысіць эфектыўнасць прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы вобласці і краіны». Падобна, «максімальна падвысіць» у разуменні рэгіянальных рэдакцый і азначае адказваць трыма артыкуламі на нататку «экстрэмісцкага» медыярэсурсу.