Ці правяла пракуратура праверку адносна катаванняў на Акрэсціна? Аказваецца, гэта «службовая інфармацыя»
Напрыканцы верасня Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі ў асобе беларускіх арганізацыяў запатрабаваў у пракуратуры горада Мінска даць справаздачу аб праведзенай працы ў сувязі з катаваннямі ў ЦІП і ІЧУ.

Ізалятар на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
У адказ на свой зварот праваабаронцы атрымалі лаканічны адказ — патрабаванні, выкладзеныя ў звароце, задавальненню не падлягаюць.
«Звесткі, якія вас цікавяць, з'яўляюцца службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання», — паведаміў намеснік пракурора горада Мінска К.А. Кежун.
«Інфармацыя аб катаваннях і бесчалавечных умовах утрымання на Акрэсціна уразіла не толькі грамадзян Беларусі, але і ўвесь свет. Тыя пякельныя ўмовы, у якіх утрымліваліся затрыманыя, не адпавядаюць не толькі міжнародным стандартам, але і беларускаму заканадаўству. Установы на зав. Акрэсціна не проста так называюць катавальні: перанаселенасць камер у 10 разоў, адсутнасць ежы і вады, перыядычныя збіццё — толькі нямногае, з чым сутыкнуліся мірныя пратэстоўцы», — каментуе Вікторыя Фёдарава, кіраўніца «Прававой ініцыятывы» — адной з арганізацый-заснавальнікаў Міжнароднага камітэта.
Праваабаронца адзначае, што згодна з Законам аб пракуратуры пры ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства пракурор мае права бесперашкодна ўваходзіць у памяшканні і на іншыя аб'екты дзяржаўных органаў, а таксама выклікаць службовых асоб і патрабаваць тлумачэнняў пра абставіны, звязаныя з парушэннем заканадаўства.
«Нягледзячы на гэта, праз амаль два месяцы пасля таго, як стала вядома пра зверствы на Акрэсціна, у публічных крыніцах не з'явілася ніякай інфармацыі аб праведзенай пракуратурай працы па наведванні ЦІП і ІЧУ і абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян».
На запыт праваабаронцаў пра тое, якія дзеянні былі здзейсненыя гарадской пракуратурай для правядзення праверкі ўмоў утрымання ў ЦІП і ІЧУ за жнівень 2020 года, атрыманая цынічная адпіска.

«Адзначу, што зыходзячы з п. 1 арт. 9 Закона аб пракуратуры, пракурорскі работнік дзейнічае галосна і адкрыта. Такім чынам, у выпадку наяўнасці адпаведнага запыту грамадскасці павінна быць прадастаўлена інфармацыя. Спроба схаваць інфармацыю кажа толькі аб адным — пракуратура не зрабіла нічога», — лічыць Вікторыя Фёдарава.
Паводле legin.by